Экономика > Сельское хозяйство

1671

Жыхары аграгарадка Глыбаў і вёскі Мілаград у Рэчыцкім раёне збудавалі сваімі сіламі дамбу і добраўпарадкавалі старую сажалку

 +

Сажалка на ручаіне, што бяжаць да стромкіх берагоў Дняпра і падзяляе паміж сабой Глыбаў і Мілаград, якія практычна зрасліся агародамі, некалі была ўлюбёным месцам адпачынку жыхароў як адной, так і другой вёсак. Тут стаялі прыгожыя альтаначкі, для дзяцей самі ж вяскоўцы яшчэ даўней усталявалі арэлькі, а для людзей сталага веку – лавачкі. У чысцюткай прахалоднай вадзе пад шатамі срэбных вербаў можна было і пакупацца, бо да Дняпра адсюль ладны кіламетр. Але аднойчы вялізная залева сапсавала вадаём – узнятая вада зрынула гліняны насып, які ўтвараў дамбу, і невялікі шлюз на ёй. Шмат гадоў прыгожы куток прыходзіў у занядбанасць. Але сёлета вяскоўцы вырашылі самі аднавіць былую прыгажосць. І гэта ў іх выдатна атрымалася. 

Завадатарам будоўлі стала памочнік старшыні сельсавета ў вёсцы Мілаград Таісія Лаханька (на здымку – чацвёртая справа). Пазіраючы, як сёлетнім спякотным чэрвенем у былой сажалцы амаль зусім знікла вада, яна прапанавала сваім аднавяскоўцам неяк паспрабаваць аднавіць дамбу, каб у сажалцы зноў назбіралася вільгаць і яна набыла сваё ранейшае хараство. Ініцыятыва Таісіі Раманаўны знайшла самы шчыры водгук не толькі ў жыхароў вуліцы Набярэжнай у Мілаградзе, але і ў суседзяў – насельнікаў вуліцы Дняпроўскай у аграгарадку Глыбаў, размешчанай па іншы бок ручаіны. Прайшліся ініцыятары па хатах – людзі скінуліся непабагату: тысяч па 200 атрымалася з падворка, але ж здолелі закупіць цэмент, метал. Крыху дапамог і Глыбаўскі сельскі Савет. А тады закіпела праца. Сапраўднаю беларускаю вясковаю талакою!

Віктар Язікаў (на здымку – у цэнтры) быў і галоўным праектантам, і свайго роду кіраўніком будоўлі, шукаў гліну і жалезабетонныя дэталі для шлюза і забяспечваў іх прывоз. Шчыравалі таксама Сяргей Карпенка, Усевалад Сажын, Сцяпан Піліпенка, Аляксандр Астроўскі, Аляксандр Сідарэнка – нехта замешваў раствор, нехта ўсталёўваў пліты, нехта нагортваў гліняны насып і ладаваў усё да месца. Дзевяцікласнік Глыбаўскай школы Кірыл Мацюшэнка (на здымку – трэці злева) на бацькоўскім мотаблоку падвозіў пясок для раствору. Працаваў на будаўніцтве дамбы нават зяць Таісіі Лаханькі – Генадзь Мажэйка, які стала жыве ў Гомелі, але ж не мог адмовіць любай цешчы ў дапамозе па аздабленні такога прыгожага краю, як жончына малая радзіма на беразе Дняпра. А сама цешча разам з мужам Мікалаем Канстанцінавічам Лаханькам былі, так бы мовіць, буднаглядам – кантралявалі тое, што атрымлівалася. Спрыяла нават надвор’е: спёка ўлетку амаль цалкам высушыла сажалку і ручаіну, ды гідратэхнічныя работы право-дзіліся без усялякіх перашкод.

Гэтак і з’явілася на сваім ранейшым месцы адноўленая дамба. Цяпер справа за тым, каб восеньскія дажджы і зімовы снег напіталі навакольныя лясы ды балацянкі вадою, яна пабегла ручаінаю да Дняпра ды напоўніла сабой старую прыгожую сажалку пад вербамі. Вяскоўцы ж ужо зараз, не чакаючы, што хтосьці гэта зробіць за іх, высякаюць непатрэбныя хмызнякі і пілуюць сухія дрэвы паўз бераг, аднаў-ляюць прыбярэжныя збудаванні – лавачкі, арэлі, альтанкі. Адно просяць – каб нехта дапамог яшчэ парай-тройкай машын гліны, каб ужо дамба была надзейнаю.

Вось такі прыклад сапраўднай любові да сваёй малой радзімы – не на словах, а на справе. А што робіцца ў вашых вёсках, на вашых вуліцах? Ці не час і вам склікаць талаку ды рабіць сваю радзіму больш прыгожай?!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети