Экономика > Сельское хозяйство

1748

Начное жыццё КСУП “Новы шлях-агра”

 +

Чарговы рэйд па праверцы арганізацыі ды ажыццяўлення вартавой аховы, захавання супрацьпажарных патрабаванняў і выканання нормаў аховы працы на аб’ектах сельгасвытворчасці скіраваўся ў КСУП “Новы шлях-агра”.

Калі параўноўваць убачанае падчас гэтага рэйда з тым, што рэйдавая група бачыла ў гэтай гаспадарцы ўвесну, то зрухі да лепшага відавочныя, хаця да выканання  ўсіх патрабаванняў тут яшчэ далёка.

Першым аб’ектам, які наведала рэйдавая група ў складзе галоўнага інжынера па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы райсельгасхарчу Таццяны Растаковай, участковага інспектара міліцыі Рэчыцкага РАУС Аляксея Брэля, інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі Рэчыцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргея Комара ды аўтара гэтых радкоў, стаў мехдвор у аграгарадку Ведрыч.

Мясцовы вартаўнік адразу завёў нас у нейкае памяшканне, дзе нібыта павінны былі быць вогнетушыльнікі (якія, праўда, усе аказаліся няспраўнымі, бо былі знятыя з камбайнаў і прызначаліся для накіравання на перазарадку), а таксама выдаюцца пуцявыя лісты механізатарам ды адбываецца ранішняя нарада. На жаль, пажарны інспектар адразу звярнуў увагу на тое, што наўпрост за сталом гэтага памяшкання работнікі гаспадаркі кураць – там стаяла поўная попельніца недакуркаў. І гэта прытым, што на тэрыторыі мехдвара ёсць адмыслова адведзенае месца для курэння.

Інспектар міліцыі вырашыў крануць дзверкі трактароў, якія стаялі пад аховай. І ўсе тыя дзверкі аказаліся незачыненымі. Як пазней высветлілася – гэтыя машыны не належаць сельгаспрадпрыемству, яны накіраваныя сюды для дапамогі з Рэчыцкага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя. Але ў ліцэі яны захоўваюцца ў зачыненых боксах, а на мехдвары ў Ведрычы апынуліся пад адкрытым небам. А тут недалёка і да крадзяжоў. Усё ж неабходна выконваць патрабаванні бяспекі і папярэджваць магчымасці пранікнення ў кабіны транспарту. Варта было б правесці нечарговы інструктаж і з самім вартаўніком, што сцеражэ ўночы гэты аб’ект. Прынамсі, дапамагчы яму вывучыць нумары тэлефонаў экстраных службаў, каб ведаў, што пажарную трэба выклікаць не па нумары 103.

Прыемна здзівіў склад грубых кармоў на МТФ “Юбілейная”. Раней ён меў занядбаны выгляд, які не толькі не радаваў вока, але і ўяўляў пажарную небяспеку. Зараз салома і сена тут захоўваюцца пад больш-менш акуратнымі навесамі, а сама тэрыторыя набыла агароджу і абвораная па перыметры мінералізаванай паласой. Відно, што ідзе праца па ўсталяванні двух новых пажарных шчытоў, якія, праўда, пакуль не ўкамплектаваныя.

А вось на самой ферме, у брыгадзірскай, дзе павінны былі адпачываць вартаўнікі-жывёлаводы, падчас нашага наведвання перагарэла лямпачка. Адпаведныя журналы, якія, дарэчы, аказаліся не запоўненымі належным чынам, давялося шукаць і чытаць у поцемках пры дапамозе святла ад мабільных тэлефонаў.

Гэтае наведванне МТФ “Рагожкі” у адрозненні ад вяснавога, калі мы ледзь не збілі машынай цялят, што вольна плуталіся па тэрыторыі фермы, не выклікала практычна аніякіх заўваг, акрамя таго, што не атрымалася знайсці медыцынскую аптэчку. Тут нам, дарэчы, сустрэўся і кіраўнік гаспадаркі, які ў гэткі позні час асабіста кантраляваў сітуацыю па заканчэнні вечаровай дойкі. Відаць, таму і парадку тут паболела – мінулым разам, калі тутэйшыя ахоўнікі не лічылі патрэбным загнаць цялят у кашару альбо хлеў, Сяргей Верамейчык толькі-толькі, літаральна пару дзён, як прыняў гаспадарку.

Захоўваюцца ўсе патрабаванні і на галоўным мехдвары сельгаспрадпрыемства ў Зашчоб’і. Адзіная заўвага – ад міліцыі: аддалены вугал мехдвара не асветлены належным чынам. Ды й уяздную браму пажадана ўвечары зачыняць. Але, як патлумачыла вартаўніца, яна чакае, што можа заехаць дырэктар.

А вось на размешчанай побач з мехдваром ферме ні дырэктара, ні нас ніхто не чакаў. Мы абыйшлі ўсю тэрыторыю і аніводнага чалавека так і не пабачылі. Хіба што – у адным з хлявоў нейкі дужа рахманы бычок хацеў пайсці з намі: хоць зараз накідай вяроўку на шыю і шыбуй з ім проста па шашы на Гомель, што пралягае праз нешырокую лесапаласу.

Аляксей Брэль звязваецца па тэлефоне з кіраўніком службы аховы гаспадаркі Анатолем Дзьячэнкам, а той тлумачыць, што аказваецца менавіта гэтаю ноччу вартаўнік, чыя змена прыпала на гэты раз, захварэў. Можа, і сапраўды здароўе падвяло чалавека, вось толькі нас пачалі катаваць змрочныя сумневы пасля таго, як у шафе незачыненай актавай залы ў памяшканні МТФ мы пабачылі дзве пустыя бутэлькі ад “харошага і недарагога” віна пад назваю “Сударушка”. Такім чынам “захварэць” даволі лёгка каму заўгодна. Але ж у абавязкі кіраўніка службы аховы ўваходзіць патрабаванне забяспечыць ахову аб’екта, нягледзячы на хваробы ды іншыя акалічнасці.

Праз цагляны паркан ад фермы знаходзіцца ў Зашчоб’і зернесушыльны комплекс. Тут ахова свой пост сцеражэ як мае быць. Сямідзесяцівасьмігадовы вартаўнік, дарэчы, літаральна за суткі да нашага рэйду папярэдзіў спробу нападу на аб’ект і крадзяжу збожжа са склада – заўважыў злодзеяў і прыняў захады да іх затрымання.

Як бачым, у вялікай па плошчы гаспадарцы ёсць і прыклады паляпшэнняў і не зусім прыстойныя факты. Але апошніх было б значна меней, калі б увесь калектыў усвядоміў, што трэба адказна выконваць свае абавязкі, што кожны працуе на агульны вынік і толькі ад зладжанай і вынікой працы кожнага залежыць і агульны дабрабыт усіх працаўнікоў прадпрыемства.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети