Экономика > Сельское хозяйство

1747

Нарыхтоўка кармоў на фінішнай прамой

 +

Адзін з самых важных этапаў сельскагаспадарчай вытворчасці – нарыхтоўка кармоў для забеспячэння бесперапыннага харчавання жывёлы падчас зімоўкі ды налета – падыходзіць да свайго завяршэння.

Адны з найлепшых механізатараў КСУП “Фрунзэ-Агра” – камбайнер кормаўборачнага камбайна “Jaguar” Мікалай ШАЛЫПА (на здымку – у цэнтры), кіроўцы магутных трактараў МТЗ-1221 Васіль СЕМЯНЕНКА (злева) ды Аляксандр БУЛАВЕНКА (справа) шчыруюць на ўборцы кукурузы на сілас паміж аграгарадком Вышамір ды вёскаю Ганчароўка. Кукуруза тут урадзіла добрая, таму Васіль Іванавіч ды Аляксандр Мікалаевіч, у абавязкі якіх уваходзіць адвозка зялёнай масы ад камбайна, ужо забяспечылі закладку сіласнай ямы на ферме ў Ганчароўцы ды зараз закладаюць кармы на гэтым жывёлагадоўчым аб’екце ў курган.

Усе трое працуюць у сельгаспрадпрыемстве амаль па два дзясяткі гадоў і за гэты час здабылі значны досвед, шмат разоў узнагароджваліся ганаровымі граматамі як сваёй гаспадаркі, так і раённага ўзроўню. Дарэчы, падчас жніва Васіль Семяненка і Мікалай Шалыпа сядаюць за штурвалы зернеўборачных камбайнаў старэйшымі камбайнерамі, а Аляксандр Булавенка на жніве працуе памочнікам камбайнера. Добрыя вынікі паказваюць яны і на нарыхтоўцы кармоў, скошваючы цяпер апошнія гектары “царыцы палёў”.

Сёлета КСУП “Фрунзэ-Агра” плануе нарыхтаваць амаль 27 тысяч тон сіласу і 9 тысяч тон сенажу. Станам на 12 кастрычніка выкананне плана па нарыхтоўцы сіласу склала 67% – нарыхтавана больш за 18 тысяч тон, ды і сенажу закладзена амаль 6 тысяч тон, што складае 65% ад планаванага. Спецыялісты гаспадаркі ўпэўненыя, што пагалоўе буйной рагатай жывёлы, якое ўтрымліваецца цяпер у сельгаспрадпрыемстве, а гэта крыху больш за 5 100 галоў, з якіх 1 390 галоў дойнага статку, будзе з кармамі.

Сёлетнія ўмовы надвор’я былі надзвычай неспрыяльныя для росту асноўнага складніка ўсіх відаў кармавых сумесяў – кукурузы. Працяглая засуха ўлетку не дала раслінам на многіх участках набраць неабходныя параметры па гушчыні пасеваў, вышыні раслін, наяўнасці зялёнай масы і колькасці пачаткаў. Тым не менш навуковыя падыходы да тэхналогіі вырошчвання шмат дзе дазволілі дамагчыся належных вынікаў, і пераважная колькасць гаспадарак на наступны год без кармоў не застанецца.

Як казаў не так даўно аўтару гэтых радкоў, калі я насамрэч дзівіўся сёлетняму стану кукурузных палеткаў у наваколлі Левашоў, старшыня калгаса (ВСК) “50 гадоў Кастрычніка” Рыгор Шпакаў, кукуруза любіць клапатлівы падыход. Плошчы, якія адводзіліся пад гэтую культуру ў гаспадарцы, найперш старанна і якасна ўгнойваліся, захоўваліся тэрміны і агратэхніка самога пасеву, праполкі руні. Вынік у гаспадарцы Рыгора Купрыянавіча не прымусіў сябе чакаць. Тут атрыманая самая высокая ў раёне ўраджайнасць кукурузы на кармы – 311 цэнтнераў з гектара. Калгас, у якім кукуруза займала плошчу ў 1 460 гектараў, ужо цалкам скончыў яе ўборку і заклаў на захоўванне больш за 40 тысяч тон кукурузнага сіласу, амаль 7,5 тысячы тон сенажу. Кіраўнік “50 гадоў Кастрычніка” не толькі ўпэўнены, што наяўнае тут пагалоўе не будзе адчуваць недахопу кармоў, але і цвёрда разлічвае на тое, што кармы, якія гаспадарка мае намер рэалізоўваць сельгаспрадпрыемствам з горшымі ўраджаямі (у тым ліку і па-за межамі нашага раёна), дапамогуць ажыццявіць жывёлагадоўчы план Рыгора Шпакава па павышэнні пагалоўя буйной рагатай жывёлы да наступнага летняга перыяду на 500 галоў.

Паводле словаў галоўнага агранома упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзмітрыя Талкачова, у гэтым годзе ў шэрагу гаспадарак, такіх як КСУП “Дземяхоўскае”, “Камсамольск”, “21 з’езд КПСС”, ДП “Крынкі Агра”, ураджайнасць кукурузы не вельмі высокая, і агульная колькасць нарыхтаваных кармоў дасягаецца коштам павялічэння пасяўных плошчаў гэтай культуры. Але ж у цэлым раён атрымлівае някепскі запас кармоў на наступны сезон. Згодна з раённаю зводкаю, на 12 кастрычніка ў раёне ўбрана 84% плошчы пасеваў кукурузы і нарыхтавана амаль па 26 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Дарэчы, асноўная частка сіласу была закладзеная ў сіласоўні яшчэ ўлетку, калі завяршалася фармаванне пачаткаў кукурузы. Зараз жа ўбіраюцца апошнія гектары, якія хоць і маюць некалькі збяднелы вітамінна-мінеральны склад, але затое багатыя сухім рэчывам і на якасць сіласу істотна не паўплываюць.

Яшчэ колькі дзён, і асноўныя работы на палетках будуць скончаныя. Ужо зараз шмат якія былыя кукурузішчы дыскуюцца, рыхтуюцца да новага пасеву азімых, у які актыўна ўключацца ўсе работнікі гаспадарак перад надыходам зімы. Але такі ён – сельскагаспадарчы год: адна праца скончваецца – пачынаецца іншая. І кожная з іх важная і стваральная, бо яны краіну нашу кормяць!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети