Экономика > Сельское хозяйство

4968

Лепшыя вынікі - у работніц агракамбіната "Холмеч"

 +

Працоўны калектыў агракамбіната “Холмеч” – гэта адзіны, суцэльны арганізм, дзе кожны супрацоўнік дадае свой належны ўнёсак у агульны вынік. Значная частка напрацовак агракамбіната складаецца і дзякуючы нашым гераіням.

З 16 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы Наталля ХАЛЯЗНІКАВА. Пачынала яшчэ ў свае юнацкія гады на радзіме – у Чачэрскім раёне. Але Чарнобыльская навала пагнала з родных мясцін у дарогу. Праўда, іх сям’і насамрэч пашанцавала, бо трапіла яна ў квітнеючы край – вялікую вёску Холмеч на крутым узбярэжжы сівога Дняпра, якую наўкола аблямоўвалі сваёй пяшчотнай квеценню карункавыя сады. Тут і прыжылася
Наталля, увесь свой век прысвяціўшы працы ў мясцовай гаспадарцы.

Спачатку працавала цялятніцай на старой ферме. А пасля адкрыцця ў 2012 годзе новага малочна-таварнага комплексу на 600 галоў перайшла на догляд маладых цёлачак, з якіх меркавалася выгадаваць малочных кароў. Калі ж пагалоўе падгадавалася і пачало даваць малако – перавялася даяркаю. Цяпер доіць сваіх жа першых гадаванак. І варта адзначыць, што каровы атрымаліся насамрэч прадуктыўныя. Мяркуйце самі: Наталля Халязнікава за 10 месяцаў гэтага года надаіла 5 743 кілаграма малака ад кожнай каровы. На даільнай яме, якую яна з напарніцай абслугоўвае, ажыццяўляецца трохразовая за суткі дойка трох соцень галоў. Дарэчы, Наталля Анатольеўна выхавала дваіх дзяцей, і цяпер яе дачка Юлія таксама працуе ў агракамбінаце – вырошчвае новыя сады, маючы прафесію садавода.  

З маленькай вёсачкі Шоўкавічы, што схаваная між дуброў на мяжы са Светлагорскім раёнам, паехаў калісьці бацька Любові ДАМКОЎСКАЙ у паўночны Казахстан на асваенне цалінных земляў. Там і Любоў нарадзілася. Маці – таксама адтуль. А потым сям’я вярнулася на бацькаву радзіму – у Рэчыцу. Замуж жа Любоў Барысаўна выйшла за хлопца з вёскі Дварэц, што ля самага Холмеча. Тут і пасяліліся дзесяць гадоў таму.

Спачатку працавітая жанчына ўладкавалася ў паляводчую брыгаду, а потым перайшла цялятніцай на малочна-таварную ферму ў Дварцы. Калі ж у суседнім Холмечы на поўную моц запрацаваў малочна-таварны комплекс і пачаліся першыя расцёлы (дарэчы, хлявы комплексу былі ўкамплектаваныя цалкам новым пагалоўем, якое да ўзросту расцёлаў і першых надояў гадавалася ўжо тут), то перайшла на комплекс жывёлаводам па догляду за цялятамі. Колькасць цялят, якіх Любоў Дамкоўская падгадоўвае да ўзросту 21 дня, а калі патрэбна, то і даўжэй, вагаецца: адных, якія ўжо ўзраслі ды падужалі, забіраюць на іншыя фермы, у вызваленыя хаткі, пасля належнай іх апрацоўкі засяляюць нованароджаных. У дзень нашага наведвання МТК пад адказнасцю Любові Дамкоўскай і яе напарніцы было 95 галоў. У клопаце пра капытных немаўлят і праходзяць працоўныя дні, тыдні, месяцы. А прывагі, якія забяспечвае на сваіх малых падапечных працавітая работніца, годныя – у сярэднім па 850 грамаў за суткі. Пры гэтым за апошні год не адзначалася ні аднаго выпадку падзяжу – бо да цялятак Любоў Барысаўна ставіцца не проста прафесійна, але і пяшчотна. Ды й чорна-плямістыя малыя ідуць да сваёй карміцелькі, нібы да роднае маці. Нездарма людзям гэтай прафесіі, акрамя афіцыйнай назвы “жывёлавод па догляду за цялятамі”, далі і больш простую і зразумелую назву – паярка. Калі даярка доіць кароў, то паярка – выпойвае будучы грамадскі статак. Ды з такой любоўю, як робіць гэта Любоў Дамкоўская, не кожная паярка ідзе да сваіх гадаванцаў.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети