Экономика > Сельское хозяйство

1555

Ідзе падрыхтоўка да веснавой сяўбы

 +

У гаспадарках раёна ў сваю фінішную стадыю ўступіла падрыхтоўка да веснавых палявых работ. Апошнія рамонты і тэхабслугоўванне праходзіць глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка, нарыхтоўваецца насенне, на палеткі вывозяцца арганічныя ўгнаенні. Адны з лепшых паказчыкаў у раёне ў гэтай справе – ў калгаса (СВК) «50 гадоў Кастрычніка».

Старшыня гаспадаркі Рыгор Шпакаў наконт арганізаванасці правядзення сёлетняй пасяўной цалкам спакойны. У планах калгаса сяўба яравых зерневых і зернебабовых на плошчы 645 гектараў, у тым ліку 100 гектараў ячменю, 70 гектараў аўса, 75 гектараў зернебабовай сумесі і на 400 гектарах мяркуецца размясціць кукурузу на зерне. Дарэчы, агульная плошча кукурузных пасеваў у гэтым годзе ў калгасе «50 гадоў Кастрычніка» складзе 1210 га. Таксама ўвесну на плошчы 100 га будзе высаджана бульба, і на 300 га пасеяны аднагадовыя травы. Як запэўніў Рыгор Купрыянавіч, як толькі ўмовы надвор’я дазволяць пачаць сяўбу, тэхніка без прамаруджвання з’явіцца на палетках. Ужо зараз пералічаны фінансавыя сродкі ў памеры паўмільярда рублёў на набыццё паліва, якое цяпер актыўна завозіцца ў калгасныя рэзервуары. Набыта і закладзена на захоўванне 95% патрэбнага для сяўбы насення кукурузы. Прапрацаваныя шляхі забеспячэння мінеральнымі ўгнаеннямі, падрыхтаваныя ёмістасці для іх прыёму і тэхніка для ўнясення.

Дарэчы, паводле словаў галоўнага агранома калгаса «50 гадоў Кастрычніка» Мікалая Быкоўскага, практычна ўся тэхніка, якая будзе задзейнічана на першым этапе пасяўной, цалкам гатовая выйсці на палеткі. Канешне, магчымыя нейкія паломкі падчас працы, але на цяперашні момант у гаспадарцы няма няспраўнай глебаапрацоўчай альбо пасяўной тэхнікі, як і непадрыхтаванай, якая будзе задзейнічана на ўнясенні мінеральных ды арганічных угнаенняў. Гэта сапраўды гаспадарчы падыход да справы, які заўжды быў уласцівы сельгаспрадпрыемству пад кіраўніцтвам старэйшыны аграпрамысловай галіны нашага раёна Рыгора Купрыянавіча Шпакава.

А цяпер у гаспадарцы апошнія тоны арганікі вывозяцца на палеткі. Штодзённы аб’ём вывазкі арганічных угнаенняў пад яравую сяўбу тут складае да 400 тон. Усяго ж пад сёлетні сезон сяўбы вывезена ўжо каля 44 тысяч тон арганічных угнаенняў. Гэтыя аб’ёмы разам з далейшым унясеннем мінеральных комплексаў дазволяць добра ўгноіць палеткі і атрымаць ураджайнасць не ніжэй тае, на якую разлічваюць у гаспадарцы. А яна паводле сцвярджэння старшыні праўлення калгаса мусіць быць на ўзроўні 45–50 цэнтнераў з гектара ў сярэднім па зернебабовай групе.

Зараз у калгасе на вывазцы арганікі задзейнічана некалькі адзінак тэхнікі. На пагрузцы працуюць Андрэй Паўлянок , Валерый Бянчук і Міхаіл Быкоўскі, а вывазку забяспечваюць Андрэй Герыловіч, Мікалай Пырх, Уладзімір Светагор і Аляксандр Калеснік. Падчас нашага наведвання гаспадаркі тэхніка курсіравала паміж малочна-таварным комплексам «Іванішча», дзе адна з адрынаў вызвалялася ад гною, і полем каля аграгарадка Левашы. Ужо праз колькі дзён, калі вывазка скончыцца і паспрыяе надвор’е, на палеткі выйдуць раскідвальнікі арганічных угнаенняў. На ўнясенні арганікі мяркуецца задзейнічаць трактары Аляксандра Граня, Андрэя Старажэнкі, Георгія Забірана.

Калгас (СВК) «50 гадоў Кастрычніка» заўсёды адрознівае асабліва дбайнае стаўленне да ўсяго комплексу агратэхнічных мерапрыемстваў у раслінаводстве, таму і ўраджайнасць як збожжа, так і кармоў тут – адна з найлепшых у раёне. А ад годнага плёну ў раслінаводстве цалкам залежыць і выніковасць працы жывёлагадоўчай галіны, якая з’яўляецца асноўнаю крыніцай паступлення фінансаў на разліковыя рахункі гаспадаркі.

Уладзімір СВЯТАГОР – адзін з самых вопытных механізатараў калгаса (СВК) “50 гадоў Кастрычніка”, кіруючы трактарам МТЗ-82, забяспечвае вывазку на палеткі каля аграгарадка Левашы арганічных угнаенняў з малочна-таварнага комплексу “Іванішча”. Уладзімір Андрэевіч працуе ў гаспадарцы ўжо амаль дваццаць гадоў, на працягу года выконваючы самыя розныя работы сваім “рабочым конікам” – трактарам МТЗ, а ў перыяды ўборачнай перасаджваецца ў якасці памочніка камбайнера на зерненарыхтоўчыя агрэгаты.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети