Экономика > Сельское хозяйство

4839

КСУП «Агракамбінат «Холмеч»: кукурузу сее камп’ютар

 +

У гаспадарках раёна ў самым разгары сяўба кукурузы. КСУП «Агракамбінат «Холмеч» мае вельмі істотныя планы на сёлетні пасеў гэтай культуры. Тры тысячы трыста гектараў будзе занята ёю ў гэтым годзе, з іх 1 300 – на зерне і 2 000 – на зялёную масу.

У кабіне энерганасычанага трактара айчыннай вытворчасці «Беларус-3522» – легендарны холмецкі механізатар Аляксандр Грань. Уся краіна памятае яго разам з пастаянным вытворчым партнёрам Валянцінам Саламахам у топавых навінах самых розных выданняў у рэпартажах аб нарыхтоўцы першых тысяч тон збожжа падчас жніва, у найвялікшых намалотах па яго выніках. Цяпер перадавы дуэт вырашыў не браць удзелу ў жніве. Як прызнаецца Аляксандр Грань, «трэба даваць дарогу моладзі!» Аксакалы ж будуць сеяць, апрацоўваць ды зноў сеяць.

І сапраўды Аляксандра Майсеевіча мы сустрэлі на аддаленым полі, якое ў «Холмечы» называюць «Ганчароўскія клеткі», бо размешчана яно на самай мяжы гаспадаркі – літаральна з-за бліжэйшага алешніку вытыркаюцца хаты Ганчарова падзелу, а гэта ўжо тэрыторыя КСУП «Фрунзэ-Агра». Аляксандр Грань тут менавіта і займаўся пасевам кукурузы. Праўда, сам сціпла сказаў, што ён тут – асоба не надта важная. Усё робіць разумная тэхніка.

Справа ў тым, што трактар і сеялка Amazone EDX 9000TC ў гаспадарцы аснашчаныя сучасным абсталяваннем, праца якога заснаваная на GPS-тэхналогіі. Прыехаўшы на поле, механізатар звязваецца са спадарожнікамі, якія беспамылкова вызначаюць месцазнаходжанне канкрэтнага агрэгата на зямной паверхні. Неабходна паставіць трактар паралельна доўгаму боку поля і задаць тут кропку А і параметры пасеву, а праехаўшы колькі дзясяткаў метраў, – кропку В. Як усе мы памятаем са школьнага курса геаметрыі, праз дзве кропкі можна правесці адну прамую. Менавіта яе і трымаецца трактар. Прычым – без дапамогі механізатара: рулём кіруе ўсё той жа камп’ютар праз спадарожнікі. Пасяўныя рады атрымліваюцца нібы пад лінейку.

– Я магу ў тэлефоне ў гульні гуляць, магу газету чытаць, пакуль трактар да краю поля не даедзе, – гаворыць Аляксандр Грань.

Толькі на ўскрайку поля механізатар зноў бярэ тэхніку ў свае рукі. Разварочвацца GPS-апаратура пакуль сама не навучылася. Але, развярнуўшы трактар, яго кіроўца зноў аддае ўсё на волю касмічна-камп’ютарнай тэхналогіі.

Гэта неабходна для таго, каб надалей, калі надыдзе час догляду пасеваў, барацьбы з хваробамі, шкоднікамі і пустазеллем, іншыя агрэгаты маглі бесперашкодна прайсці па полі, бо ў сеялкі EDX 9000 12 пасяўных механізмаў, праз якія, дарэчы, не толькі насенне высяваецца, але і ўносяцца мінеральныя ўгнаенні, а іншыя агрэгаты разлічаныя на 8 радкоў. І калі б з-за так званага чалавечага фактару хаця б у адной пасяўной стужцы адбылося скрыўленне – наступныя агрэгаты б рэзалі радкі. А такім чынам поле можна будзе апрацоўваць без пашкоджання агрэгатамі з любой колькасцю апрацоўваючых апаратаў.

Дарэчы, сёлета КСУП «Агракамбінат «Холмеч» ужо пасеяў 1 100 гектараў яравых збожжавых культур, 521 га адналетніх траў, 160 га бульбы, 20 га цыбулі, па 10 га морквы і буракоў. Кукурузы, станам на 13 мая, высеяна 2 533 га: 1 100 – на зерне і 1 433 – на кармы. Дакладнае захаванне агратэхнічных тэрмінаў, ужыванне ўсіх патрэбных прыёмаў агратэхнікі дазволяць гаспадарцы разлічваць на добры ўраджай, стварэнне надзейнай кармавой базы для жывёлагадоўлі і ладны фінансавы давесак у выглядзе выручкі ад рэалізацыі збожжа і агародніны.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети