14/09/2016

Нарыхтоўка кармоў – асноўны клопат верасня

Сёлетняе надвор’е ў нашым раёне хай сабе і не песціць рэчыцкіх земляробаў належным балансам дажджоў і сонца, няшчадна высушваючы глебу на палетках, але хаця б дазваляе без перашкод працаваць і на прайшоўшым жніве, і на нарыхтоўцы кармоў, якая менавіта цяпер – у самай актыўнай фазе.

Сёлетняе надвор’е ў нашым раёне хай сабе і не песціць рэчыцкіх земляробаў належным балансам дажджоў і сонца, няшчадна высушваючы глебу на палетках, але хаця б дазваляе без перашкод працаваць і на прайшоўшым жніве, і на нарыхтоўцы кармоў, якая менавіта цяпер – у самай актыўнай фазе.

Некалькі дзён таму ў адной з гаспадарак, якая ледзьве зводзіць канцы з канцамі, давялося слухаць апраўданні тамтэйшых супрацоўнікаў у тым, што зжаўцелая ўжо кукуруза так і не здолела ўзняцца вышэй за метр, а кіяхоў на ёй амаль так і не назавязвалася, таму што надвор’е было сухім, а беларускія гатункі не даюць належнага ўраджаю.

Таму, трапіўшы на поле паблізу ад Гасцівеля у калгасе (ВСК) «50 гадоў Кастрычніка», я, шчыра кажучы, на нейкі момант разгубіўся. Тут таксама ўсе плачуць, што ўсё лета няма дажджоў, глеба нібы порах, толькі ступі – і пыл узнімаецца да калена, але ў густой кукурузе амаль хаваецца камбайн. Пры гэтым гатунак, які расце на полі, не французкі ці яшчэ нейкі іншаземны, а самы што ні на ёсць беларускі – раянаваны і выведзены ў размешчанай на Гомельшчыне, а канкрэтней каля Мазыра, на эксперыментальнай базе. Называецца «Палескі-212». Аб чым гэта гаворыць? Як на маю думку, то ні аб чым іншым, як аб прафесіяналізме агранамічнай службы калгаса, які не разлічвае на нейкія датацыі, а вядзе трывалую і самадастатковую гаспадарку.

Левашоўскія адмыслоўцы не эканомяць на ўгнаеннях, пры гэтым выкарыстоўваюць і арганіку, і комплексныя мінералы. Тут дбайна падыходзяць і да падбору ўчасткаў, і да севазвароту. І асаблівая ўвага пры гэтым менавіта на плошчы, на якіх закладаецца будучыня жавёлагадоўлі на наступны год – кармавая база. Нават падчас цяперашняй засухі тут косяць кукурузу і на падкормку, таму што расліны моцныя, развітыя і здолелі дагэтуль захаваць зеляніну лістоў і сцяблінаў.

(Злева направа) вадзіцель аўтамабіля МАЗ Сцяпан ПАЎЛЮКАВЕЦ, намеснік старшыні калгаса «50 гадоў Кастрычніка» Пётр ДАВІДЗЮК, камбайнер Андрэй СТАРАЖЭНКА, вадзіцель аўтамабіля МАЗ Мікалай ТАЛКАЧОЎ, трактарысты Пётр КАЛЕСНІК і Генадзь КОТ
(Злева направа) вадзіцель аўтамабіля МАЗ Сцяпан ПАЎЛЮКАВЕЦ, намеснік старшыні калгаса «50 гадоў Кастрычніка» Пётр ДАВІДЗЮК, камбайнер Андрэй СТАРАЖЭНКА, вадзіцель аўтамабіля МАЗ Мікалай ТАЛКАЧОЎ, трактарысты Пётр КАЛЕСНІК і Генадзь КОТ

А ў сіласныя ямы, паводле словаў галоўнага агранома калгаса «50 гадоў Кастрычніка» Мікалая Быкоўскага, станам на 12 верасня закладзена ўжо амаль 29 тысяч тон кукурузнага сіласа. І яшчэ ў гаспадарцы не ўбрана каля 300 гектараў пасеваў «царыцы палёў», толькі 50 з якіх гадуюцца на зерне. Уся астатняя плошча пойдзе менавіта на закладку належнай кармавой базы сельгаспрадпрыемства.

На полі каля Гасцівеля падчас нашага наведвання высачэзны лес кукурузных сцяблін паступова выразаўся і здрабняўся камбайнам КВК-800, якім кіраваў камбайнер Андрэй Старажэнка. Адвозку ж забяспечвалі два МАЗы і два трактары, «абаранкі» якіх круцілі Сцяпан Паўлюкавец, Мікалай Талкачоў, Пётр Калеснік і Генадзь Кот. Як раз, калі здробненай масай напоўніўся чарговы ПІМ, да камбайна ў чаргу вышыхаваліся ўсе адзінкі тэхнікі, якія задзейнічаныя на нарыхтоўцы кармоў на гэтым полі. Таму я, адняўшы літаральна хвіліну іх працоўнага часу, папрасіў механізатараў і вадзіцеляў выйсці з кабінаў для здымку. Некалькі пстрычак затвора фотаапарата – і зноў усе «па машынах» і за працу.

Як паведаміў намеснік старшыні калгаса Пётр Давідзюк, штодзённы аб’ём нарыхтоўкі масы для ўкладкі ў сіласныя ямы тут складае 1 000–1 200 тон. І, каб трымацца такога паказчыка, трэба выкарыстоўваць кожную працоўную хвілінку. Кукурузная маса з гэтага поля адвозілася на закладку ў яму на малочна-таварнай ферме «Арол». А на полі побач з самім Арлом на ўборцы кукурузы працавала яшчэ адно звяно.

Пабачыўшы тое, як ідзе праца па нарыхтоўцы кармоў у калгасе «50 гадоў Кастрычніка», можна быць упэўненым, што наступны сельскагаспадарчы год прадпрыемства сустрэне з надзейным запасам кармоў. Але ў чарговы раз уражвае тое, наколькі тут усё арганізавана, як кожны работнік хвалюецца за канчатковы вынік, адчуваючы ў ім асабістую зацікаўленасць. І толькі пры такім падыходзе магчыма сапраўды эфектыўная работа ў сельскай гаспадарцы.



--- взято с сайта dneprovec.by ---