Экономика > Животноводство

2524

«Крынкі Агра». Які парадак, такі вынік

 +

На стан справаў у сельгаспрадпрыемстве «Крынкі Агра» наша газета не так даўно ўжо звяртала сваю ўвагу. Паказчыкі ў жывёлагадоўлі гэтай гаспадаркі дастаткова сціплыя, а апошнім часам заўважна знізіліся ў сувязі з выбыццём дзесяці кароў дойнага статку. Такое становішча спраў не можа не хваляваць. На мінулым тыдні яго наведала мабільная група райвыканкама.

Варта сказаць, што ў сельгаспрадпрыемстве, дзе маецца ўсяго адно жывёлагадоўчае падраздзяленне і адзін мехдвор, недахопаў кантралёры выкрылі дастаткова шмат. Найперш усіх уразіла нейкае асаблівае становішча памяшканняў мехдвара. Паводле сцвярджэнняў мясцовых адказных работнікаў, кожнае памяшканне тут знаходзіцца ледзьве не ў прыватнай уласнасці. На просьбы адчыніць многія дзверы правяраючыя чулі адказы, што, маўляў, гэта гараж дырэктара, гэта кантэйнер механіка і г. д. і ключы ад памяшканняў – толькі ў іх «гаспадароў» асабіста. Але нават у тых памяшканнях, куды трапіць атрымалася, становішча не асабліва парадавала правяраючых. Яго можна назваць адным словам – беспарадак. Відаць, што рэчы, якімі карысталіся, папросту кідалі за дзверы, і каб яны назад не выкаціліся, хутчэй тыя дзверы зачынялі. На зварачным посце маюцца лёгкаўзгаральныя прадметы. А пажарныя шчыты ў большасці сваёй не ўкамплектаваныя. Ды й сама тэрыторыя мехдвара з раз’езджанай бруднай лужынай пасярэдзіне неяк не стварае жадання падтрымліваць парадак ды імкнуцца да нейкіх вытворчых дасягненняў.

Не лепшы стан і размешчанай побач фермы. Здавалася б найноўшае памяшканне з сучасным абсталяваннем, а ўсё роўна, нехта склаў сухое малако разам з нейкімі хімікатамі наўпрост пад лесвіцай. План эвакуацыі ў выпадку пажара адсутнічае. На некаторых свяцільніках адсутнічаюць плафоны. Гэта ў новым памяшканні. А ў старых хлявах і на прылеглай тэрыторыі – незачыненыя электрашчыткі, забалочаныя кашары, зарослыя травой пустыя краты-хаткі для цялят, якія цяпер бы самы час падставіць лепшаму стэрылізатару – сонейку.

Нельга сказаць, што стан фермы зусім шакуючы, але тое, што асаблівага парадку ад тутэйшых працаўнікоў ніхто не патрабуе, відавочна. А калі такое стаўленне ў кіраўніцтва, то можна ўявіць як адносяцца да вынікаў сваёй працы шэраговыя супрацоўнікі. Ва ўсялякім разе імпэту не бачна. Хутчэй наадварот – усеагульная мляваць і абыякавасць.

То можа і гэты чыннік спрычыняецца да таго, што гаспадарка, якая ўклала ў развіццё жывёлагадоўчых магутнасцяў сур’ёзныя дзяржаўныя грошы, атрымлівае эканамічныя вынікі, якія лёгка перакрываюцца вынікамі некаторых гаспадарак, якія ў дзяржаўную кішэню не лезуць зусім, але ў якіх кожны работнік адчувае ўласную адказнасць за свой участак і падтрымлівае яго не толькі ў ідэальным парадку, але і прыкладае максімум намаганняў, каб і вынік працы быў найвышэйшы?

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети