Культура > Искусство

5290

Вытанчаныя пялёсткі і мудрагелістыя карункі з... жалеза: малады каваль з Рэчыцы аб сваім захапленні

 +

З таго часу, як чалавек навучыўся здабываць і выплаўляць жалеза, а на тэрыторыі Беларусі, і асабліва на Палессі, жалезную руду здабывалі шмат дзе, пра што сведчаць назвы населеных пунктаў са складнікам “Рудня”, а з “беленай”, альбо пераплаўленай, руды атрымлівалі метал, які ў сваю чаргу меў патрэбу ў апрацоўцы, каб стаць неабходным у гаспадарцы альбо ў вайсковай справе прадметам.

спадчынны каваль – Аляксандр ЛЫСЕНКА
Спадчынны каваль – Аляксандр ЛЫСЕНКА

Вось з таго самага часу на нашай зямлі існавалі людзі, якія спрытна ўпраўляліся з распаленым горанам, цяжкім молатам альбо хваткімі шчытамі, – кавалі. Яны складалі асабліва паважаную супольнасць сярод рамесніцкага люду. Раней іх праца патрабавалася для таго, каб выправіць у падарожжа коней, падрыхтавацца да адбіцця нападаў ворагаў, зрабіць плуг, бароны, вілкі альбо іншыя прылады для працы ў полі ды на падворку ці ў хаце.

Час змяніўся: і коней ужо амаль нікому падкоўваць не патрэбна, і цяжкія сталёвыя мячы не дапамагаюць у ратнай справе, ды й для апрацоўкі глебы выкарыстоўваюцца агрэгаты, якія вырабляюцца паводле зусім іншых тэхналогій. Але ж… Кавальскае рамяство захоўваецца. Праўда, як і большасць іншых рамесніцкіх накірункаў кавальства перайшло ў сферу эстэтычную.

Адзін з сучасных кавалёў супрацоўнічае з Рэчыцкім раённым цэнтрам рамёстваў. Знаёмцеся: спадчынны каваль – Аляксандр ЛЫСЕНКА.

Ад прадзеда спакон вякоў...

Прызнаюся шчыра, калі я ўпершыню ўбачыў вырабы Аляксандра ў выставачнай зале Цэнтра рамёстваў, што месціцца на скрыжаванні вуліцы Пралетарскай з Савецкаю,  я адразу захацеў пазнаёміць рэчычан з аўтарам дзіўна завітых, нібы злепленых з пластыліну, вытанчаных кветачак ды іншых далікатных, хоць і жалезных, вырабаў. Чакаў сустрэць пасівелага дзядзьку з расчырванелым ад гарачага жалеза абліччам і напампаванымі цяжкім молатам цягліцамі. Але… Брамку дома на адной з вуліц прыватнага сектара Рэчыцы мне адчыніў невысокі маладзён хударлявага целаскладу, але з сапраўды мастацкім запалам у вачах. Запрасіў прайсці ў двор, дзе за домам, што пакуль знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва, і месціцца тая самая кузня, дзе ўсё і адбываецца.

У ёй ды каля яе мне і давялося даведацца шмат чаго новага, шмат чаму здзівіцца і насамрэч зачаравацца дзівоснымі мастацкімі вырабамі з жалеза.

– Саша, дазволь цябе так зваць, а адкуль у цябе такое незвычайнае хобі?

– Ведаеш, гэта ўжо нават не хобі. Я і спецыяльнасць адпаведную атрымаў. А пайшло ўсё, напэўна, ад продкаў. Мой прапрадзед сам з Украіны. Калісьці з Рэчыцы ўніз па Дняпры сплаўлялі лес, часцяком украінцы прыязджалі сюды, каб набраць плытоў, ды гналі іх па вадзе ў свае краі. А майму продку Рэчыца прыйшлася даспадобы, і ён вырашыў тут застацца – неяк набыў тут участак і пасяліўся. Праўда, кавалём стаў не ён, а ўжо мой прадзед. Ён, канешне, рабіў не мастацкія творы, але ж, наколькі я ведаю, яго вырабы карысталіся попытам гаспадарлівых рэчычан. Мяне ж яшчэ ў дзяцінстве пачаў вучыць гэтай справе бацька Аляксандр. Ён, праўда, і сам не надта вялікім майстрам быў, але мы з ім разам нешта спрабавалі. Абсталявалі вось гэтую кузню на купленым участку і спачатку выраблялі розныя элементы – дробязі ўсялякія. Потым паспрабавалі вырабіць агароджу паміж нашым і суседскім участкамі – вось яна і дагэтуль стаіць, – паказвае Аляксандр на карункавы плот з боку суседзяў.

На жаль, зараз бацькі Аляксандра, які больш за 25 гадоў адрабіў у цвіковым цэху метызнага завода, ужо няма з намі – невылечная анкалагічная хвароба забрала яго зарана. Але сын, як бачым, працягвае ўсе бацькоўскія і нават прадзедаўскія пачынанні: дабудоўвае вялікі дом, вырабляе прыгожыя рэчы з металу.

Хто на што вучыўся!

– Ты казаў, што ў цябе прафесія кавальская? Дзе вучыўся?

– Прызнаюся, мяне мае з бацькам падлеткавыя досведы з ператварэннем кавалка жалеза ў розныя прыгожыя рэчы захапілі. Знайшоў адзіную навучальную ўстанову, у якой толькі сябе і бачыў, наважыўся – ды паступіў у Пінскі дзяржаўны ліцэй мэблевай вытворчасці і аўтамабільнага транспарту. Толькі там ёсць прафесія ручнога і мастацкага кавальства. Менавіта мы, “мастакі”, збіліся яшчэ ў тым ліцэі ў сваю кампанію – двое з Пінска, адзін з Пінскага раёна, брэстаўчанін, кобрынец ды я – і пачалі вырабляць свае рэчы. Самі малявалі эскізы, у ліцэйскай майстэрні корпаліся да ночы – грэлі жалеза ды грукалі па ім малаткамі! Потым аформілі афіцыйны статус рамеснікаў, сталі ездзіць на розныя выставы, кірмашы, фестывалі. Нас запрашалі некалькі разоў на Дзень горада ў Мінск – там удзельнічалі ў так званым “Горадзе майстроў”, нават сёе-тое прадавалі. Праўда, на жаль, наколькі я ведаю, цяпер усе мае тагачасныя паплечнікі ўжо пазнаходзілі больш удалыя заняткі ды кавальствам не займаюцца.

– А ты не хацеў кінуць гэтую справу? Ці прыносіць яна прыбытак?

– Ну пакуль наўрад ці яна здольная мяне пракарміць – хутчэй, гэта проста захапленне, і адмовіцца ад яго я пакуль не магу. Пасля таго як у 2011 годзе я скончыў ліцэй – уладкаваўся на працу кавалём (прамысловым, праўда!) і зваршчыкам на аб’яднанне “Рэчыцадрэў”. Адтуль пайшоў у войска. Пакуль служыў, на “Рэчыцадрэве” пачалася ўзмоцненая мадэрнізацыя, і калі я вярнуўся са службы і прыйшоў на прадпрыемства, то на месцы сваёй былой кузні пабачыў роўненькі газон і зялёную траўку: аказалася, кузню знеслі літаральна за два тыдні да майго “дзембеля”. А мне сказалі, што кавалі і зваршчыкі не патрэбныя, тым больш, у мяне ж стажа, лічы, не было – не хацелі браць. Уладкаваўся зваршчыкам у адну з будаўнічых прыватных фірмаў, там і працую. Вось улетку ажаніўся са сваёй каханай: аказалася, у адной школе вучыліся і не зналіся, а ўжо пасля войска пазнаёміліся. Таццяна працуе ў раённай бальніцы, але для яе маё захапленне пакуль таксама дзівоснае – прыходзіць часам у кузню, назірае, цікавіцца, што ды як.

Таямніцы рамяства

Вось з гэтых нарыхтовак атрымаюцца пялёсткі ды лісцікі ружы
Вось з гэтых нарыхтовак атрымаюцца пялёсткі ды лісцікі ружы

– Ну раскрый сакрэт, як у цябе нараджаюцца ідэі стварэння тваіх твораў?

– Тут няма нечага такога пастаяннага. Як у некаторых мастакоў – там, сярод ночы, я не падрываюся з раптоўна прыйшоўшай у галаву ідэяй. Хутчэй, проста адчуваю жаданне патрапіць у кузню і нешта тут парабіць. Бяру метал, і пачынаюць нараджацца вобразы таго, што я з яго хачу вырабіць. А бывае, нехта з сяброў замовіць, напрыклад, падстаўку пад кветкі альбо дэкаратыўныя краты на камін з канкрэтнымі памерамі, тады сядаю і малюю некалькі эскізаў – прапаную яму, што лепей вырабіць. А часам як “разый-
дуся”, наўпрост у кузні раблю нейкія рэчы адразу ў некалькіх варыянтах, і той, што мой замоўца ўпадабаў, ідзе яму, астатнія пакідаю сабе.

– І што ты здольны выканаць з металу?

– Мая мэта, звычайна, – не проста зрабіць нейкую мала каму патрэбную цацанку, а рэч практычную, але прыгожую – і па дызайне, і па выкананню, напрыклад, дэкаратыўныя краты на вокны, на каміны, наборы для лазні, падстаўкі пад парасоны, пад кветкі, адмыслова аздобленыя кавальствам свяцільнікі, люстэркі і гэтак далей. Пры гэтым усе элементы выкоўваю сам, рознымі гатовымі адлітымі штуковінамі, што прадаюцца зараз у крамах, не карыстаюся.

– А ці шмат часу займае вырабіць, ну, да прыкладу, камінны набор?

– Вось у мяне тут менавіта застаўся адзін з такіх набораў – дроўніца, падстаўка пад кавяню, шчотку і шуфлік з падсвечнікам уверсе. Я яго рабіў недзе з месяц, але не з дня ў дзень – таксама пад натхненне і вольны час.

– А якім жа цікавым чынам можна з жалеза “вылепіць” гэткую ружу, што выглядае практычна, як жывая?

– Насамрэч – анічога складанага. Прынамсі, мне так здаецца. Вось з лістоў металу высякаю вось такія нарыхтоўкі, прут звычайна апрацоўваю малатком на кавадле.

Аляксандр распальвае на горане невялікае цяпельца, уключае самаробны кампрэсар, і пакрысе разгараюцца дровы, а там і вугаль з’яўляецца. Раўнюткі сталёвы прут даволі хутка чырванее, урэшце робіцца пунсовым і выпраўляецца на кавадла, дзе чуецца раўнамернае пагрукванне малатка, які робіць з роўнага прута выгнуты, нібы жывы, парастак ружы. Ужо пасля на яго нанізваюцца спачатку лісточкі, тады і пялёсткі акуратна прыварваюцца. А на абліччы майстра адчуваецца сапраўднае захапленне.

Каваць лягчэй, чым прадаваць

Саша прызнаецца, што выкаваць нешта яму значна прасцей, чым прадаць: – Калі ў Рэчыцы адчыніўся Цэнтр рамёстваў, то я адразу пачаў супрацоўнічаць з установай. Разам з іншымі рэчыцкімі рамеснікамі браў удзел у Днях горада. Вось у снежні маю намер паўдзельнічаць у рэспубліканскай выставе-кірмашы аўтарскіх і дызайнерскіх вырабаў “Млын”, што будзе праводзіцца ў выставачным комплексе “Белэкспа” ў Мінску, а там, можа, і яшчэ куды выбяруся.

– А ці можна ў Рэчыцы набыць твае вырабы?

– Ну я ж афіцыйна супрацоўнічаю з раённым Цэнтрам рамёстваў – там усе мае кантакты, і там выстаўляецца тое, што я раблю. Дарэчы, там яно не толькі выстаўляецца, але і прадаецца. Таму – ласкава запрашаю ўсіх, каму цікава паглядзець, у Рэчыцкі раённы цэнтр рамёстваў. Там акрамя маіх вырабаў можна ўбачыць яшчэ шмат чаго вельмі і вельмі цікавага!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети