Культура > Искусство

2793

У Цэнтральнай раённай бібліятэцы адзначылі юбілей рэчыцкага казачніка Анатоля Караленкі

 +

Рэчыцкі Андэрсэн. Менавіта так з павагай называюць былыя калегі і жыхары Рэчыцы Анатоля Караленку, які шмат гадоў працуе ў складаным і рэдкім цяпер жанры – піша казкі. З-пад яго пяра з’явілася больш за 150 казак. Большасць з іх – пра нафту.

Анатолю Караленку споўнілася 80 гадоў. З гэтай нагоды ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча казачніка з чытачамі. Сярод якіх не толькі дзеці школьнага ўзросту, але і дарослыя, былыя калегі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Ўладзімір Гаўрыловіч. Дарэчы, ён у ліку першых узяў слова і павіншаваў свайго калегу па цэху з юбілеем. Ацэньваючы ўклад земляка ў літаратуру, ён падкрэсліў, што ніводзін аматар слова ці пісьменнік на постсавецкай прасторы не зрабіў тое, за што ўзяўся і ажыццявіў Анатоль Захаравіч – ён напісаў казкі пра нафту. На яго думку, гэты факт заслугоўвае занясення імя пісьменніка ў Кнігу рэкордаў Гінеса. “Бо ўсе яго творы годныя, высокамастацкія, пранікнёныя і шчырыя. Найлепшыя ўвайшлі ў скарбніцу беларускай літаратуры”, – падкрэсліў У. Гаўрыловіч. Ён уручыў празаіку Грамату Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама Грамату абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратурны альманах Гомельшчыны, які змяшчае і казкі А. Караленкі. А каб лёгка пісалася – вялікі аловак-сувенір!

Павіншаваць юбіляра прыйшоў і намеснік начальніка нафтагаза-здабываючага ўпраўлення “Рэчыцанафта” Барыс Мінееў. Калісь яны працавалі ў суседніх цэхах. “Цяжка было нават уявіць, што з’явяцца казкі пра нафту, – кажа Барыс Міхайлавіч. – На яго казках мы раслі”. За значны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення ад аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі “Беларуснафта” ён уручыў падзяку, грашовую дапамогу і карціну Яўгена Шаціхіна.

Падзяку ад Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта і кнігу “Рэчыца. 800 гадоў” уручыла спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкама Данута Арлова.

Першую сваю казку Анатоль Караленка напісаў у 1974 годзе. Яна называецца “Медвежата”. Цяпер творы пісьменніка размешчаны ў 10 падручніках, ён мае 20 кніг, звыш за 150 казак, 60 апавяданняў, 2 аповесці, вершы і больш за 80 малюнкаў.

Нялёгка даецца нафта людзям! Каб выцягнуць “непаслухмяную” з недраў зямных, трэба прыкласці шмат намаганняў. Значыць, і пісаць аб гэтым прыродным багацці складана?

– Мне гэта вельмі лёгка! – прызнаецца Анатоль Караленка. – Напэўна, таму, што я вырас сярод нафтавых свідравін і буравых вышак недалёка ад Баку, на беразе Каспійскага мора. Яскрава памятаю дзве даўнія нафтавыя свідравіны недалёка ад дому. Яны былі выкапаны ўручную гадоў 600 таму.

У сярэдзіне 60-х крыніца чорнага золата пачала біць за тысячы кіламетраў ад Баку: у наваколлі маляўнічага горада на сядым Дняпры – Рэчыцы. Рамантычная натура Анатоль Караленка адправіўся ў дружалюбную Беларусь. Так, Палессе стала для нафтавіка другой яго радзімай. Каля 43 гадоў складае яго працоўны стаж, з якіх 30 – на беларускіх нафтавых промыслах майстрам нафтагазаздабываючага ўпраўлення “Рэчыцанафта”.

– Казкі самі сабой пачалі пісацца пасля прыезду ў гэты дзіўны горад, – адкрыта дзеліцца Анатоль Захаравіч. – Хваля натхнення захапіла поўнасцю. Да гэтага пісаў вершы, музыку, апавяданні. А стаў казачнікам.

Неяк Анатоль Караленка вырашыў праверыць уздзеянне сваіх казак. Зайшоў у школу-інтэрнат для дзяцей-сірот, пацікавіўся, як яны жывуць, што чытаюць. Дзецям гэтай установы прысвяціў некалькі кніг.  Адна з іх – “Плач лебедзяў”, у яе ўвайшло дзесяць казак. Ганарыцца казачнік альбомам пад назвай “Волшебный мир сказок глазами детей”. У ім прадстаўлена 80 ілюстрацый-малюнкаў, выкананых выхаванцамі ўстановы. Саюз пісьменнікаў Беларусі годна ацаніў працу нашага земляка і ўзнагародзіў казачніка Ганаровай граматай.

Творчая майстэрня рэчыцкага Андэрсэна ўнікальная. І не толькі казкамі пра нафту і нялёгкай працы здабытчыкаў чорнага золата. За кнігу “Вясёлка чорнага золата”   Анатоль Караленка, дарэчы, выдатнік нафтавай прамысловасці, узнагароджаны Ганаровай граматай Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Казка “Мёртвая вада” ўдастоена дыплома другой ступені рэспубліканскага конкурсу на лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку “Мой родны кут, як ты мне мілы”.

Вясной 2007 года Анатоль Караленка з казкай “Магия времени” атрымаў званне лаурэата Першага літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага і архіерэйскую грамату за подпісам епіскапа Тураўскага і Мазырскага Стэфана.

Дабро, любоў, працалюбства – гэтыя вечныя тэмы адлюстроўваюцца літаральна ў кожным творы пісьменніка. Сэнс іх глыбокі і філасофскі. Таму казкі карысна чытаць і слухаць не толькі дзіцячай аўдыторыі, але і дарослым.

Адказы на многія пытанні казак Караленкі можна знайсці ў самім жыцці. Пісьменнік ўпэўнены, што і казкі нараджаюцца там. Часам, яны з’яўляюцца на свет літаральна з аднаго слова-падказкі, гуку ці руху.

Напэўна, многіх цікавіць, якія ж ганарары атрымлівае казачнік. Аказваецца, аўтар не зарабіў ні рубля! Ён бяссрэбранік, які часам вымушаны купляць свае ж кніжкі, каб прэзентаваць іх, напрыклад, бібліятэкам.

Працуе Анатоль Караленка многа і плённа. У кнізе “Гарывада”, напрыклад, надрукавана каля двух дзясяткаў лепшых казак на беларускай мове.

За рабочым сталом магу затрымацца, калі захоплены новай казкай, – прызнаецца суразмоўца. – Натхняе мяне цудоўная прырода гэтых мясцін. А пейзажы – непаўторныя, людзі – працавітыя, шчырыя. Нездарма Рэчыцу на казкавы манер называюць Нафтаградам. У апошні час выйшлі кнігі “Нафтаград”, “Дзецям пра нафту”, “Птушкі шчасця”, “Чарадзей”.

Пісьменнік падзяліўся сваімі планамі на будучае. Сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі                     Георгій Марчук даў творчае заданне Анатолю Караленку: сабраць у адну кнігу казкі пра нафту, і мяркуецца гэты зборнік надрукаваць у Маскве (у “Раснафце”), каб надрукаванае пра чорнае золата засталося для патомкаў.

Пісьменнік Мікола Чарняўскі павіншаваў юбіляра і па-сяброўску парэкамендаваў: “Не пішы казак пра каралёў і каралевічаў, прынцаў і прынцэс. Гэта ўсё старое. А пішы пра сваю адзіную прынцэсу – Нафту. Табе і карты ў рукі”.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети