Культура > Искусство

5564

Цяпло душы мастачкі з Рэцыцкага раёна дакранаецца да кожнага сэрца

 +

Некалі беларускі паэт Сяргей Грахоўскі сказаў:

«Чалавек павінен чалавеку
Радасці прыносіць кожны дзень».

Вось і я хачу расказаць пра сусрэчу з жыхаркай вёскі Жмураўкі Наталляй Васільеўнай Самойленкавай, у жыцці якой знайшла незвычайнае. У яе ёсць свой любімы занятак – маляванне. Сваімі карцінамі радуе родных і знаёмых. У работы яна ўкладае гарачыню свайго сэрца, ад якой палаешь і ты.

Наталля – мастачка-самавучка. З ранняга дзяцінства імкнулася да малявання. На вуліцы гуляла з сяброўкамі і малявала дубчыкам на зямлі. А ў хаце яе чакалі алоўкі і чыстыя аркушы паперы. Па ўспамінах маці, быў такі выпадак: размалявала печку да нейкага свята. Вось так і праяўлялася жаданне раскрыць сябе.

Жыццё так распарадзілася, што вучылася ў вучылішчы горада Брэста на вязальшчыцу. Працавала ў Мінску, Жодзіне, Лідзе. І ўвесь гэты час душа імкнулася да жывапісу. Не магла дачакацца канца працоўнага дня – хутчэй маляваць. Займалася самаадукацыяй. Ездзіла ў Мінск на майстар-класы Вольгі Базанавай. Малявала па шэсць гадзін, затым абмяркоўвалі, давалі ацэнку яе працы. Вучылася онлайн у мастакоў Ігара Сахарава, Дзмітрыя Розава. Малявала марскія пейзажы. У яе атрымлівалася! У юнацтве, калі не была звязана сям’ёй, падарожнічала. Наведвала карцінныя галерэі ў Санкт-Пецярбурзе, Маскве, Калінінградзе, Мінску. Творчасць Аляксандра Ісачова захапляе мастачку і па сённяшні дзень. Дзяўчына марыла займацца любімай справай і настойліва ішла да сваёй мэты.

Пэндзлю мастачкі ўласцівы пачуццё еднасці з навакольным асяродзем. Яна малюе тое, што яе займае: прыроду, людзей. Разнастайная палітра колеру, дэталі, метафары складаюць яе індывідуальны стыль. Наталля абапіраецца на першае ўражанне. Яно стварае той творчы імпульс, які надае свабоду ў самавыражэнні. Ёй цікава ўбачыць вынік сваёй працы, бо на пачатку ніколі не ведаешь, якая атрымаецца карціна. Усё прыходзіць у працэсе, у звязцы з эмацыянальным станам душы. Уявіце сабе: вясна, абуджаецца прырода, за вакном квітнее бэз. І праз некаторы час мастачкай схоплены яркі момант гэтай квецені на палатне. Здаецца, адчуваеш духмяны водар, зачароўваешся гэтай прыгажосцю.

Гляджу на сваю аднавяскоўку і думаю:

– Простая, звычайная жанчына, ужо не такая маладая, выхавала дачку, сумяшчае сваю працу ў дрэваапрацоўцы з мастацтвам, а багатая сваім унутраным светам. Яе багацце – у любімай справе, якой адданая яна ў вольны час, у любімай дачцэ, у людзях, з якімі штодзень сустракаецца.

Гледзячы на карціны «Чырвоныя макі», «Ранак у гарах», «Восень», цяплее на сэрцы, бо адчуваешь гармонію свайго ўласнага існавання з сусветам. Яркія, эмацыянальныя палотны выклікаюць пачуццё цеплыні і дабра. Немагчыма паглядзець за некалькі хвілін яе карціны і пайсці. Яны патрабуюць глыбокага асэнсавання. Наталля Васільеўна марыць закончыць трыпціх «Коні», працягнуць марскую тэматыку.

Яе карціны не раз выстаўляліся на выставах у мясцовай і гарадской бібліятэках. Адна з наведвальніц горача, з захапленнем казала мастачцы: «Вы – талантище!» З радасцю глядзяць мае аднавяскоўцы на работы Наталлі Самойленкавай, і цяпло яе душы дакранаецца да кожнага сэрца.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети