Общество > Благоустройство

1604

Каб красавала роднае сяло

 +

Цагляную хату на Зялёнай Грынёвы атрымалі ад саўгаса “Дземяхі” яшчэ ў гады сваёй маладосці. Міхаіл тады працаваў загадчыкам гаражу ў гаспадарцы. З таго часу шмат вады ўцекла: гаспадар перайшоў на працу ў вучэбна-вытворчы камбінат, што месціўся ў суседняй вёсцы Коззе, – перадаваў свой багаты тэхнічны досвед маладзёнам на пасадзе намесніка дырэктара; Ала Мікалаеўна адпрацавала лабарантам на газаперапрацоўчым заводзе ды выйшла на заслужаны адпачынак; дзеці – тры сыночкі і лапачка-дочка – параслі, разляцеліся; саўгасную хату прыватызавалі, абжылі яе. Ды не проста абжылі. Сёння, як бачым, яна з’яўляецца ўпрыгожваннем усяго Салтанова.

Нездарма ж мясцовы Савет дэпутатаў прысвоіў домаўладанню Грынёвых пачэснае званне “Дом узорнай культуры”. Тут акрамя заўжды прыбранай, абкошанай прылеглай тэрыторыі (якая, дарэчы, да сярэдзіны вуліцы вельмі нават шырокая) яшчэ і створана адметная клумба, на якой улетку вочы слепнуць ад розных колераў кветак, а цяпер – у восеньскую пору – нават пад шызай шэранню заінелай травы і срэбных галінак амаль абляцелых сліваў і вішняў позірк чапляецца за арыгінальную пальму з пластыкавых бутэлек, імітацыю возера, пластыкавыя ж кветкі, кактусы,
вечназялёныя жывыя туі. На вуліцы гэта сапраўдная адметнасць. Менавіта ля гэтага двара колькі год таму ініцыятыўныя вяскоўцы зладзілі нават такую незвычайную рэч, як свята сваёй вуліцы, пра што і наша газета распавядала. А свята тады ўдалося ў тым ліку і таму, што месца яго правядзення сапраўды святочнае.

А на падворку Алы Мікалаеўны і Міхаіла Васільевіча яшчэ болей усялякае прыгажосці: выразаныя з дрэва гераіня казкі Чырвоны каптурок, рудая хітруня ліса, Калабок, зробленая са звычайнай будаўнічай каскі боская кароўка, што нібы паўзе па ствале яблыні, маленькая хатка на курыных ножках, каменныя россыпы ды імправізаваныя ручаіны.

– Я вось штосьці прыдумаю ці ў інтэрнэце падгледжу, а тады намалюю ці патлумачу Мішу, а ён ужо робіць. І толькі назіраю, каб было, як я задумала. Так і атрымліваецца ўсё вось гэтае, – дзеліцца Ала Мікалаеўна. – Яшчэ з дзяцінства ў школе я любіла маляваць, мабыць, цяпер – на пенсіі – гэтыя здольнасці аднекуль усплылі: хочацца бачыць вакол сябе прыгожае.

Дарэчы, нягледзячы на такое мастацкае бачанне свету, Грынёвы і прысядзібную гаспадарку не занядбалі. Трымаюць чатырох свіней, каля паўсотні курэй, пачалі разводзіць трусоў, а не так даўно яшчэ і чатыры каровы шторанне ў вясковы статак выганялі.

Калі чалавек ад зямлі, то і любоў яго да гэтай зямлі сапраўды бачная праз яго адносіны да сваёй малой радзімы. І сям’я Грынёвых гэта найлепшым чынам пацверджвае.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети