Общество > Благоустройство

1537

Прыгажосць – штодзённая патрэба

 +

Аграгарадок Перасвятое сам па сабе выклікае самыя ўзвышаныя пачуцці сваім маляўнічым выглядам. Але шмат хто з яго жыхароў адчувае літаральна штодзённую патрэбу ў тым, каб рабіць родныя мясціны яшчэ больш прыгожымі. Сярод іх і Валянціна ПІНЧУК.

Каля яе двара заўжды ідэальны парадак. Улетку тут шмат кветак, а зараз збочыну вясковай вуліцы ўпрыгожваюць вечназялёная туя і адмысловыя фігуркі, вырабленыя са старых пакрышак: лебедзі, слімачкі, якія адначасова служаць і самаробнымі кветнікамі. Зараз, праўда, кветкі, якія радавалі вока ўсё лета, адквітнелі і выдаленыя, але гаспадыня падтрымлівае глебу ў належным стане перад зімой, каб увесну ў яе высадзіць новыя краскі.

Акуратны плот вакол двара, прыгожы палісаднік – усё гэта прыкметы дбайнай гаспадыні. Ды так яно і ёсць: у хлеўчыках у
Валянціны Сямёнаўны ўтрымліваецца па дзесяць гусей, качак і індыкоў, а таксама шэсць дзясяткаў курэй.
Не так даўно па вуліцы і ў жыллё Валянціны Пінчук падвялі газ. Адразу ж пасля таго, як будаўнікі закапалі траншэю з трубамі, наша гераіня добраўпарадкавала тэрыторыю. А цяпер у яе планах на наступны год – развесці ў палісадніку ружы, выкласці дарожку ля двара і ўнутры, аздобіць цагляныя сцены дома.

Дарэчы, дом гэты сям’я Пінчукоў атрымала некалі ад сельгаспрадпрыемства, якое ў тыя часы насіла назву саўгаса “10 гадоў Кастрычніка”. Менавіта там пасля сканчэння Рэчыцкага зааветтэхнікума з 1982 года працавала Валянціна Пінчук тэхнікам-асемянатарам, пераехаўшы ў Перасвятое з Брагінскага раёна. Праўда, стан здароўя прымусіў звольніцца з гаспадаркі і шукаць іншага хлеба. Вось ужо шмат гадоў яна адказвае за кніжны фонд Перасвятоўскай сярэдняй школы, працуючы там бібліятэкарам. Такая адказная і карпатлівая праца выхавала ў Валянціны Сямёнаўны адпаведныя якасці, якія яна праяўляе і ў грамадскай дзейнасці. Яна актыўна ўдзельнічае ва многіх мерапрыемствах, якія ладзяцца сельскім Саветам, і належыць да кагорты тых, на каго мясцовая ўлада можа абаперціся ў любой сітуацыі.

Можна чакаць і прасіць ва ўсіх інстанцыях, каб зрабілі наша жыццё больш зручным і прыгожым. А можна ствараць прыгажосць вакол сябе самому. Калі чалавек ставіцца да сваёй зямлі з сапраўднаю любоўю, калі ён неабыякавы і актыўны, то і жыццё яго зручнае, самадастатковае і прыгожае. І прыклад нашай гераіні – актыўнай сялянкі з Перасвятога, найлепшае таму сведчанне.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети