Общество > Благоустройство

4224

У вёсцы Яноўка Рэчыцкага раёна віруюць работы па добраўпарадкаванні

 +

Увосень, калі ўжо прыбраны з палеткаў і градаў ураджай, у вяскоўцаў зноў з’явілася магчымасць папрацаваць на тое, каб зрабіць свае населеныя пункты больш прывабнымі і добраўпарадкаванымі. Літаральна на вачах змянілася за апошні месяц Яноўка.

Супрацоўніцы Яноўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Наталля Каваленка і Таццяна Раманюга наводзяць апошнія рысы парадку на падворку ўстановы
Супрацоўніцы Яноўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Наталля Каваленка і Таццяна Раманюга наводзяць апошнія рысы парадку на падворку ўстановы

Па ўсёй вёсцы віруюць работы па добраўпарадкаванні. Ліквідавана шмат старых хат, якія ўжо не выкарыстоўваліся і ўяўлялі небяспеку для мясцовага насельніцтва. Сёння землі, якія калісьці займалі закінутыя падворкі, уведзены ў сельгасабарот і ўвесну будуць засеяныя. Папрыгажэлі свежапафарбаваныя агароджы па вуліцах. Вока чаруюць прыгожа аздобленыя калодзежы.

Але сапраўдным цэнтрам вёскі цяпер па праву можна лічыць Яноўскі дзіцячы садок-сярэднюю школу. Прыгожы двухпавярховы будынак і прылеглая да яго тэрыторыя і раней адрозніваліся мноствам малых архітэктурных формаў, летняй квеценню, ідэальнай чысцінёй. А цяпер папросту немагчыма нават праехаць па цэнтральнай вуліцы Яноўкі, не заўважыўшы мясцовую школу, хаця і стаіць яна крышачку ўбаку ад галоўнай дарогі.

Сёння над добраўпарадкаваннем тэрыторыі дзіцячага садка-сярэдняй школы, ды й самога будынка, працуе практычна ўвесь калектыў установы адукацыі. Тут падноўленая тынкоўка і афарбоўка сцен унутры памяшкання. Паводле распараджэння старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка з абласнога бюджэта не так даўно школе выдаткавана каля 30 мільёнаў рублёў на набыццё новых сучасных свяцільнікаў, якія ўжо ўсталяваныя на калідорах ды ў класных пакоях.

Аляксандр Гаўрыленка і Валерый Бода – рабочыя групы цэнтралізаванага гаспадарчага забеспячэння ўстаноў адукацыі Рэчыцкага райаддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама на мантажы новай агароджы
Аляксандр Гаўрыленка і Валерый Бода – рабочыя групы цэнтралізаванага гаспадарчага забеспячэння ўстаноў адукацыі Рэчыцкага райаддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама на мантажы новай агароджы

Амаль да непазнавальнасці літаральна на вачах змяняецца і стан прылеглай тэрыторыі. Калісьці вакол былі пасаджаныя таполі, якія ўжо даволі істотна састарэлі, моцна разрасліся ды ўяўлялі сапраўдную небяспеку. Сёння іх ужо няма. Расчышчана ад зарасніку спірэі і частка тэрыторыі, якая выходзіла да аўтобуснага прыпынку. Цяпер цераз яе да галоўнага ўваходу ў сам будынак пракладзены новы тратуар. А на некалі зарослай хмызняком тэрыторыі ўсталяваныя малыя архітэктурныя формы. Як распавёў нам дырэктар установы Сяргей Анішчанка, падчас урокаў над прывядзеннем тэрыторыі ў належны стан працуе тэхперсанал школы, а калі дзетак развозяць па дамах, то работы актывізуюцца ўнутры будынка, прычым удзельнічаюць у іх усе супрацоўнікі.

На дапамогу мясцовым работнікам прыйшлі і іх гарадскія калегі.

Рабочыя групы цэнтралізаванага гаспадарчага забеспячэння ўстаноў адукацыі раённага аддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама актыўна ўдзельнічалі і ў ліквідацыі старых дрэў, і ў раскарчоўцы пнёў, і ў падсыпцы тэрыторыі. Цяпер жа займаюцца ладаваннем новай агароджы з металапрофілю. Працягласць прыгожага бліскучага паркана складае каля 200 метраў, і ўсталёўваецца ён у сціслыя тэрміны.

Многія вёскі нашага раёна цягам гэтай восені набылі больш прывабныя абліччы. Праведзены значны аб’ём работ практычна ва ўсіх населеных пунктах. Асабліва ж кідаецца ў вочы абноўлены стан невялікіх вёсак, што месцяцца ў далечыні ад ажыўленых аўтатрас і не з’яўляюцца цэнтрамі сельсаветаў альбо цэнтральнымі сядзібамі сельгаспрадпрыемстваў. Такіх шмат, у прыватнасці, у Заспенскім, Ровенскаслабодскім, Вышамірскім сельсаветах. Але ж і гэтым населеным пунктам у нас надаецца належная ўвага.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети