Общество > Благоустройство

4597

Дарослыя, вам не сорамна? Альбо Як мы на Ведрычы сляды пікнікоў ліквідавалі

 +

У нашай краіне вельмі прыгожая прырода. Але часам і яна просіць нашай дапамогі, каб мы паспрыялі ёй пазбавіцца ад слядоў чалавечага адпачынку.

Усе ведаюць невялікую рэчку Ведрыч – адзін з сімвалаў нашага раёна. Паблізу горада рэчышча блытаецца ў сваёй натуральнай плыні, мае прыгожыя абрывістыя берагі, пяшчаныя плёсы, паміж якімі цямнеюць глыбокія віры. Людзі прыходзяць да берагоў прыгажуна Ведрыча адпачыць ад гарадскога шуму, з асалодай паназіраць за прыродай, зачаравацца птушынымі спевамі.

Я таксама люблю прайсціся берагамі Ведрыча і з замілаваннем пабачыць прыгожыя краявіды, з’яднацца з прыродным асяроддзем. Але часам бывае натыркаешся позіркам на такія карціны, якія не толькі псуюць настрой, але і прымушаюць задумацца аб адносінах людзей да прыроды.

Дарослыя, вы ж пражылі болей за нас, дзяцей, быццам бы маеце жыццёвы вопыт, але калі я пабачу сляды вашага адпачынку на прыродзе, то мне становіцца вельмі непрыемна. Як вы можаце быць прыкладам для нас – падлеткаў, як вам хапае сумлення нечаму яшчэ нас вучыць і спадзявацца на тое, што вы выхаваеце ў нас нейкія станоўчыя якасці, калі самі даяце нам магчымасць бачыць такое? Калі самі да нашага наваколля ставіцеся такім чынам, што нават сляды вашага знаходжання на прыродзе назіраць папросту агідна?

Неяк днямі вучні дзявятых класаў сёмай рэчыцкай школы разам з настаўніцамі Нінай Гутнікавай, Аленай Кавалёвай, Алай Чуркінай, Вольгай Пальчык вырашылі прайсціся да Ведрыча, каб дапамагчы яму пазбавіцца ад смецця, якое застаецца пасля адпачынку людзей. Мы вынеслі з лесу вялізны ворах пляшак з-пад піва, пакетаў, пачак з-пад чыпсаў, селядцоў, сокаў і г. д. А пакуль збіралі смецце, усё абмяркоўвалі і не разумелі, як можна прыйсці, папіць-паесці і, не прыбраўшы за сабой рэшткі свайго пікніка, патупаць дахаты?! Аднойчы, прыйшоўшы, ты не прыбярэш за сабой на адной палянцы, а наступным разам, калі табе зноў захочацца адпачыць на свежым паветры, прыйдзеш на тое ж месца, убачыш смецце і пойдзеш ужо на іншую палянку, на якой зноў жа застанецца тваё смецце. І такім чынам у лесе не стане аніводнага чыстага куточка. Няўжо так цяжка скласці смецце ў тыя ж пакеты, у якіх ты нясеш у лес свае стравы і напоі, і данесці іх да бліжэйшага смеццевага кантэйнера ў горадзе?
 
Нягледзячы на невясёлыя думкі, што выравалі ў нашых дзіцячых галовах падчас прыграбання за нядбайнымі рэчычанамі, зносіны з прыродай і выкананая добрая справа пакінулі ў нас – удзельнікаў акцыі – добры настрой і надзею на тое, што іншыя людзі, якія прыйдуць у гэты лес, пабачаць берагі Ведрыча чыстымі і не будуць тут смеціць, забяруць сваё смецце з сабою, а нам больш не давядзецца ісці ў лес ці на рэчку з мэтаю дапамагчы прыродзе вызваліцца ад слядоў знаходжання там людзей.
Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети