Общество > Благоустройство

3199

Салтаноў і наваколле прыхарошваюцца

 +

Красуня-вясна імклівым поступам шыбуе па Беларусі. І гэта прымушае многіх дапамагаць ёй зрабіць нашу зямлю, абуджаную пасля зімы, больш прыгожаю, навесці парадак і абнавіць наваколле. Традыцыйнаю талакою ўзяліся за добраўпарадкаванне свайго аграгарадка жыхары Салтанова.

Параіўшыся на апаратнай нарадзе ў старшыні мясцовага сельвыканкама Наталлі Шынгірэй, мясцовы актыў падтрымаў ініцыятыву дэпутата Салтаноўскага сельскага Савета Васіля Хоміча дапоўніць цэнтр аграгарадка добраўпарадкаванай дзіцячай пляцоўкай. Да працы далучыліся калектывы ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія месцяцца на тэрыторыі Савета. У вольны ад асноўнай дзейнасці час людзі пастараліся вырабіць прылады для адпачынку дзяцей. Рытм працы задаваў Беларускі газаперапрацоўчы завод, што знаходзіцца ў Коззі. Яно і зразумела – менавіта там і працуе ініцыятар-дэпутат Васіль Хоміч. Работнікі прадпрыемства дапамаглі яму вырабіць дзве дзіцячыя арэлі. Яны і сталі асноўнымі аб’ектамі новай дзіцячай пляцоўкі, што размесцілася каля заасфальтаванай некалькі гадоў таму плошчы побач з мясцовай бібліятэкай.

Бібліятэкарка ж Святлана Пятачэнка разам са сваім мужам вырабілі драўляную лавачку. Работнікі Салтаноўскага дзіцячага садка прыдумалі арыгінальны трохкалёсны ровар, а калектыў мясцовай школы зрабіў пясочніцу. Некалькі малых архітэктурных формаў выканалі супрацоўнікі Дома народнай творчасці і камбіната харчовых прадуктаў “Палессе”. Дарэчы, апошні на гэтым не спыніцца і абяцае дапоўніць салтаноўскі “дыснэйлэнд” яшчэ аднымі арыгінальнымі арэлямі.

Варта сказаць, што за апошнія гады ў аграгарадку вымалёўваецца сапраўдны цэнтр, які раней хоць і нібыта існаваў, але быў неяк не вельмі акрэслены. Цяпер тут усё больш і больш бачная зона адпачынку, зона правядзення масавых мерапрыемстваў. Менавіта тут месцяцца органы ўлады, установы культуры, прадпрыемствы грамадскага харчавання і гандлю.

Ужо цераз некалькі гадзін пасля таго як першыя аб’екты дзіцячай пляцоўкі былі ўсталяваныя, іх аблюбавалі маленькія жыхары аграгарадка. І асабліва дарагога каштуе тое, што салтаноўцы не ідуць да кагосьці з просьбамі зрабіць іх жыццё лепшым і добраўпарадкаваць аграгарадок, а робяць прыгажосць вакол сябе самі, сваімі рукамі.

Дарэчы, для навядзення парадку мясцовы сельвыканкам выкарыстоўвае кожную пагодную хвіліну. Пакуль з неба свеціць яскравае сонейка, на зямлі шчыруюць дзясяткі клапатлівых рук вяскоўцаў, якія рупяцца аб прыгажосці родных вуліц, добраўпарадкоўваюць паркі, якія калісьці закладалі іх папярэднікі. У прыватнасці, у зялёнай зоне, што за апошнія пару дзясяткаў гадоў узнялася вакол помніка землякам, загінулым у часы Вялікай Айчыннай вайны, падчас нашага наведвання Салтанова працавала брыгада, сфармаваная з работніка КСУП “Дземяхоўскае”, які замацаваны за сельвыканкамам па навядзенні парадка на зямлі (ён выразаў разрослае кустовае пустазелле і акультурваў кашлатыя дрэвы амерыканскага клёна, якія раней прыкметна псавалі пейзаж), і дзвюх кабетаў, што выконваюць грамадскія работы, якія падграбалі старую лістоту і знішчалі рознае непатрэбнае смецце.

Работнікі Салтаноўскай сярэдняй школы і камбіната харчовых прадуктаў “Палессе” даводзілі да ладу сам мемарыял – прыбіралі наўкола яго і фарбавалі элементы канструкцыі.

Заўважная прыемная мітусня была і ў Дземяхах, дзе работнікі тамтэйшага Дома народных традыцый літаральна вычысцілі прылеглы парк, пабялілі дрэвы. Гэтак жа шчыравалі і казінцы – калектыў мясцовай крамы і сацыяльныя работнікі таксама займаліся пабелкаю дрэў паўз цэнтральную вуліцу Коззя.

Ужо пачалі актыўна ўключацца ў добраўпарадкаванне замацаваных населеных пунктаў і гарадскія прадпрыемствы і арганізацыі. Вёска Днепрык паспела адчуць на сабе клопат работнікаў ДРБУ-114. Упраўленне па працы, заработнай плаце і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама правяло суботнік у Будцы-Шыбенцы. А Салтаноўскія школа і дзіцячы садок прыбралі некалькі стыхійных звалак, што нібы “пралескі” ўзыйшлі пасля зімы ў Дзяражні і Антопалі.

Мясцовы сельвыканкам дапамагае арганізаваць работы найбольш эфектыўна. Ён заклікае ўсіх тутэйшых жыхароў далучыцца да прывядзення тэрыторый, што прылягаюць да домаўладанняў, у належны стан – прыбраць будаўнічыя матэрыялы, дровы ды іншае, што магчыма засталося яшчэ на ўбоччы вуліц пасля зімы. Варта падумаць і пра знешні выгляд агароджаў падворкаў сялян. Як паведаміла старшыня Салтаноўскага сельвыканкама Наталля Шынгірэй, зараз у мясцовай краме праца арганізавана такім чынам, што можна ў растэрміноўку набыць металапрофіль для рамонту старых парканаў.

Месячнік па навядзенні парадку на тэрыторыях набірае ўсё больш імклівыя абароты. І тым, хто пакуль не наважыўся ўзяць у рукі граблі, шуфлю альбо пэнзаль з пабелкаю, варта ў самыя найбліжэйшыя дні брацца за працу. Зробім разам нашу зямлю чысцей і прыгажэй!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети