Культура

6461

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдае поўны збор твораў Івана Навуменкі ў дзесяці тамах

 +

Усё ж багатая рэчыцкая замля на таленты. У самых розных напрамках дзейнасці праяўляюць сябе слынныя сыны нашага падняпроўскага краю. Адным з найвялікшых дыяментаў у каралях талентаў нашай зямлі з’яўляецца імя вядомага пісьменніка Івана Навуменкі. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” зараз выдае поўны збор твораў таленавітага ўраджэнца Васілевічаў у дзесяці тамах. Прэзентацыя пятага тома адбылася днямі ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Іван Штэйнер прэзентуе новую кнігу
Іван Штэйнер прэзентуе новую кнігу.

Варта адзначыць, што ў фондах бібліятэк раёна творы нашага слыннага земляка меліся яшчэ з даўніх часоў. На адмыслова аздобленай выставе ў зале імпрэзы можна было пабачыць і дастаткова старыя выданні. Там жа былі і ўсе папярэднія тамы поўнага збору, які зараз выдаецца. Тым не менш прэзентацыя новага тома стала для рэчычан, неабыякавых да беларускай літаратуры, значнай падзеяй.

На сустрэчу з моладдзю і людзьмі больш сталага веку, якія цікавяцца літаратурай, прыехалі сапраўды вядомыя людзі. Найперш, гэта дачка пісьменніка – Валерыя Навуменка, а таксама паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Іван Штэйнер, паэтка, дырэктарка Паэтычнага тэатра «Арт. С.» і рэдактарка прэзентавай кнігі Аксана Спрынчан. Кіраўніцтва раённай бібліятэкі падрыхтавала цікавую праграму адкрыцця імпрэзы. Але найбольш усіх краінула сустрэча з гасцямі.

Валерыя Навуменка са здымкам маладога бацькі
Валерыя Навуменка са здымкам маладога бацькі.

Іван Штэйнер, і варта сказаць, зусім не беспадстаўна, адзначыў, што Рэчыцу можна з поўным правам лічыць культурнай сталіцай Гомельшчыны. І калі ўзгадаць усіх тых, хто дадаў значны ўнёсак у культурную спадчыну нашага народа, то рэчычан у гэтым пераліку будзе як ні ў адным іншым раёне. Дарэчы, прафесар быў свайго роду вядоўцам імпрэзы і сваімі дасціпнымі жартамі ды рэмаркамі зрабіў яе насамрэч жывою і цікаваю.

Віктар Шніп прыадчыніў таямніцу таго, як рыхтуюцца падобнага кшталту выданні, як ідзе праца над тэкстамі. Таксама распавёў пра тое, што добра ведаў Івана Навуменку, што ў асабістым яго архіве нават захаваліся ўласнаручныя рукапісы вядомага пісьменніка. А як паэт ён не мог не падрыхтаваць да прэзентацыі верш, адмыслова прысвечаны Івану Навуменку. Белы верш, напісаны Віктарам Шніпам, так і завецца: “Сосны Івана Навуменкі”. Паводле пераканання галоўнага рэдактара аднаго з вядучых выдавецтваў краіны, Іван Навуменка – гэта золата беларускай літаратуры, светлы бляск ад якога асвятляе дарогу ўсім будучым пакаленням.

Цікавым атрымаўся і выступ Аксаны Спрынчан. Яна таксама крыху паглыбілася ў тонкасці тэксталагічнай працы рэдактара выдавецтва. А потым падзялілася з наведнікамі прэзентацыі сваёй паэтычнай творчасцю, прысвяціўшы нашаму гораду вельмі арыгінальны верш з назваю “Снежнае Рэ..”. У Навуменкі некалькі твораў маюць у сваёй назве слова “сасна”. Вобраз гэтага дрэва стаў для пісьменніка знакавым. І, як адзначыла Аксана Спрынчан, едучы ў Рэчыцу, яна заўважыла, што чым бліжэй ад Мінска да радзімы Івана Навуменкі, тым болей і болей у навакольных пейзажах пачынаюць пераважаць сосны, замяняючы сабой у навакольных карунках хмурныя постаці мінскіх елак. І спадарыня Аксана сказала, што толькі тут яна зразумела, што гэта менавіта тыя самыя сосны Івана Навуменкі: тыя, што пры дарозе, тыя, у якіх вее вольны вецер. Дарэчы, менавіта раманы “Сасна пры дарозе” і “Вецер у соснах” увайшлі ў пяты том збору твораў пісьменніка.

Літаральна захапіла ўсіх прысутных размова з дачкой Івана Навуменкі – Валерыяй. Спадарыня Валерыя – доктар-афтальмолаг, кандыдат медычных навук, дацэнт кафедры хваробаў вока Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта, усюды – і ў клініцы, дзе працуе, і ва ўніверсітэце, дзе выкладае, гаворыць па-беларуску. І на сустрэчы з рэчычанамі многіх краінула яе беларуская мова, якую яна спасцігала ад бацькоў: “Я вырасла ў доме, дзе два пад’езды дакладна размаўлялі выключна па-беларуску, – сказала спадарыня Валерыя. – Адна мая бабуля магла б перадаць мне яшчэ і польскую мову, але не размаўляла з намі па-польску. Я ж лічу, што чым болей чалавек ведае моваў, тым толькі лепей!” Валерыя Навуменка распавяла пра тое, якія традыцыі выхавання былі ў сям’і выдатнага пісьменніка, пра яго стасаванні з іншымі прадстаўнікамі беларускай творчай інтэлігенцыі і, у прыватнасці, з яшчэ адным нашым земляком – Эдуардам Агуновічам. Дарэчы, у дзяцінстве Валерыя Навуменка марыла працаваць у бібліятэцы, бо, як сама прызналася, чытала яна запоем. Маці часам нават казала такую фразу: “Ох, давядуць цябе твае “Монтэ-Крысты”.

Спадарыня Валерыя дазналася, што адзін з продкаў Навуменак быў родам з вёскі Бабічы і з’яўляўся дэпутатам расійскай Дзяржаўнай думы яшчэ ў пазамінулым стагоддзі. У Бабічах ён тады пабудаваў тартак, млын ды нейкія іншыя аб’екты. А сам Іван Навуменка ў свае дзіцячыя гады быў запісаны ва ўсе чатыры бібліятэкі, якія існавалі тады ў Васілевічах. Дарэчы, спадарыня Валерыя падаравала раённай бібліятэцы адзін з самых ранніх фотаздымкаў свайго бацькі, на якім Івану Навуменку ўсяго 20 гадоў. “Я вам скажу як медык, – звярнулася дачка Навуменкі да прыйшоўшых на прэзентацыю рэчычан. – Вашая зямля – нейкая незвычайная, нешта ў ёй ёсць, бо столькі талентаў тут нарадзілася!”

З залы, дзе сабраліся і маладыя навучэнцы педагагічнага каледжа і раённага ліцэя, і людзі сталага веку, шчыра цікавіліся многімі акалічнасцямі асабістага жыцця пісьменніцкай сям’і. А найбольш актыўным наведнікам імпрэзы Валерыя Навуменка асабіста падпісала па асобніку новавыдадзенага тома.

Са словамі шчырай удзячнасці да гасцей з Мінска і Гомеля звярнулася дырэктарка Рэчыцкай цэнт-ральнай раённай бібліятэкі Тамара Елісеева. Яна адзначыла, што падобныя імпрэзы варта ладзіць як найчасцей, каб далучаць усё большую колькасць людзей да чытання і да самой беларускай літаратуры.

Музычны ж падарунак усім, хто прысутнічаў на прэзентацыі, зрабіла кіраўнік фальклорнага калектыва “Азяраначка” Любоў Дворак.

Фонды раённай бібліятэкі папоўніліся таксама кнігамі Івана Штэйнера “Кот-ваявода” і Аксаны Спрынчан “ЖываЯ” з асабістымі подпісамі аўтараў.

Пасля сканчэння прэзентацыі Віктар Шніп, Валерыя Навуменка, Аксана Спрынчан ды Іван Штэйнер затрымаліся на рэчыцкай зямлі. Яны выказалі жаданне наведаць магілу і памятныя мясціны, звязаныя з жыццём яшчэ аднаго нашага земляка, выбітнога паэта Анатоля Сыса. Літаратары з Мінска праехалі спачатку на могілкі вёскі Гарошкаў, дзе пахаваны паэт, усклалі кветкі на яго магілу, потым наведалі родную хату, дзе гадаваўся Сыс, паразмаўлялі з яго сястрой Тамарай, якая зараз даглядае селішча, пабачылі экспанаты, якія, варта спадзявацца, калісьці стануць здабыткам створанага ў хаце Сысоў музея геніяльнага паэта. Таксама госці Рэчыцы наведалі Бронненскую сярэднюю школу, дзе вучыўся Сыс. Дырэктар установы Пётр Рудой правёў нечаканых для сябе гасцей у школьны музей, дзе маецца адмысловы стэнд, прысвечаны паэту. Мінскія госці пажадалі школе працягваць збіраць напаміны пра слыннага земляка.

Апошнія гадзіны знаходжання вядомых людзей з Мінска ў Рэчыцкім раёне пацвердзілі словы дачкі Івана Навуменкі – Валерыі, што наша зямля сапраўды незвычайная. Яна не проста вабіць да сябе, гэта радзіма вялікай кагорты таленавітых творцаў. Пра аднаго з найбольш выбітных з іх і даведаліся рэчычане ў час прайшоўшай сустрэчы, якая анікога не пакінула абыякавым.


 

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети