Культура

5234

Як за Ліпскім у Рэчыцу вясёлка завітала

 +

Два вельмі насычаныя на сустрэчы дні правёў на сваёй малой радзіме – у Рэчыцкім раёне – вядомы пісьменнік, галоўны рэдактар беларускамоўных дзіцячых часопісаў “Вясёлка” і “Буся”, прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонду Уладзімір Ліпскі.

Найперш, пісьменніка з нецярплівасцю чакалі ў раённай бібліятэцы. Сустрэча, якую ўступным словам пачала вядоўца – галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лілія Бандарэнка, атрымалася крышачку шчамліваю, але ж дужа жаданаю. Людзі сталага веку і юныя навучэнцы педагагічнага каледжа і раённага ліцэя, іх педагогі з лагоднымі ўсмешкамі на тварах сустракалі пісьменніка. А Уладзімір Ліпскі як і заўжды быў дасціпным, гумарным і ў той жа час казаў вельмі глыбокія і важныя рэчы.

Пісьменнік распавёў, як паводле яго ўласнага ўяўлення, складзенага з аповядаў бацькоў, ён нарадзіўся:

– Я быў шосты ў сям’і. Можа, таму такі вось і ўдаўся. Як маці трэба было нараджаць, бабкі-павітухі баяліся брацца – узрост ужо дужа сталы. То бацька пайшоў да старшыні калгаса. Яго ў нас у Шоўкавічах клікалі “Думка”. Бо ён меў такое слова-паразіт, заўжды казаў: “Я вось тут маю думку, што трэба з’ездзіць у раён, спытаць, ці можна пачынаць пшаніцу сеяць”. То бацька ў яго каня папрасіў, каб жонку ў Горваль у бальніцу завезці. А той кажа: “Сцяпан, ты ж бачыш, трава ўжо ўзнялася, сена ўжо першы ўкос касіць трэба, звезці яго трэба. Хай твая жонка патрывае да выхадных, а тады бяры каня”. Ну так да выхадных мая мама і прабыла дома. А тады яе бацька па лясной дарозе завёз у Горваль мяне нараджаць. Я колькі год таму ха-дзіў таею дарогаю – карэнне, яміны. Нават уявіў, як тата вёз маю матулю шмат гадоў таму. А нядаўна я напісаў кнігу “Споведзь сына”, прысвечаную маёй маці. Яе ўжо даўно няма на гэтым свеце, а ў мяне гонар – кніга выйшла не толькі ў Мінску, але і ў Маскве! Мая любая матуля, пра цябе будуць чытаць нават у Маскве!

Уладзімір Сцяпанавіч звярнуўся да аўдыторыі з заклікам, каб моладзь занатоўвала расповяды, жаданні, думкі, урокі сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў: “Гэта ж вялічэзны скарб!” – упэўнены пісьменнік.

– Кожны чалавек – гэта планета! Давайце паспеем расказаць пра як мага большую колькасць людзей – нашых з вамі сучаснікаў і землякоў – і перадаць іх досвед нашым нашчадкам. Гэта і будзе найкаштоўнейшая гісторыя Беларусі.

Вось ужо 37 гадоў Уладзімір Ліпскі з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”. Гэта адзіны часопіс, разлічаны на дзяцей, які выдаецца па-беларуску. А не так даўно разам з паэткай Раісай Баравіковай пачалі рабіць яшчэ і часопіс “Буся”. Гэтае выданне разлічана на самых маленькіх чытачоў – дашкалят. Яго назву рэдактар патлумачыў ужо пазней, на сустрэчы з жыхарамі агра-гарадка Салтаноў:

– Буся – гэта не толькі памяншальная народная назва аднаго з сімвалаў нашай краіны – бусла. Так нашы матулі называюць сваіх малых, кажуць: “Бусечка ты мая!” Альбо, калі дзіцяці ахвота палашчыцца, атрымаць пяшчотны матулін пацалуначак, яно падстаўляе шчочку і кажа: “Дай буську!” Гэта толькі нашае – беларускае слова!

А яшчэ зусім нядаўна выйшла новая кніжка Уладзіміра Ліпскага і Раісы Баравіковай “Бусява школка”, дзе аўтары ўводзяць маленькіх беларусаў у свет нашых літар, лічбаў, складоў і словаў – у свет нашай пісьменнасці.

Уладзімір Сцяпанавіч прызнаўся, што цяпер у яго ёсць правіла: кожны дзень ён заканчвае напісаннем невялікіх абразкоў, якія ён сам называе “ўліпкі”. Госці сустрэчы спыталі, што гэта за назва такая, а пісьменнік патлумачыў:

– Ну вось прайшоў дзень, я абавязкова за гэты дзень некуды “ўліпну”, вось вам і «ўліпкі»! Ну і потым, як яшчэ мог назваць такую сваю творчасць Уладзімір ЛІПсКІ?! – з усмешкаю працягнуў пісьменнік.

Па просьбах з залы Уладзімір Сцяпанавіч зачытаў некалькі сваіх кастрычніцкіх “уліпак”. Будзе ў яго і “ўліпка”, прысвечаная сёлетнім сустрэчам на Рэчыцкай зямлі. Дарэчы, паводле прызнання пісьменніка, зараз ён працуе над гістарычным раманам, прысвечаным расійскаму цару Дзмітрыю, якога ў Расіі называюць Лжэдзмітрыем. У ягоным лёсе і лёсе ягонай царыцы Марыны вельмі значны беларускі след і цікавая гісторыя.

Сам Дзмітрый выхоўваўся недалёка ад нашых мясцін – пад Брагінам, а Марына, едучы на расійскі трон, праехала ледзь не ўсю Беларусь. Праехаў па ейным шляху і Ліпскі. У раённай бібліятэцы пісьменнік прэзентаваў кнігу пра самога сябе “Уладзімір Ліпскі: жыццё і творчасць”. А музычная ўдзячнасць
рэчычан была выказана творчым падарункам дырэктаркі Азершчынскага цэнтра культуры і вольнага часу Ірыны Гузавай і яе акампаніятара Рыгора Нерушэўскага, якія выканалі некалькі прыгожых песень.

Ліпскі распавёў, як аднойчы зусім нечакана, едучы з Рэчыцы ўглыб Палесся, адкрыў для сябе сталіцу беларускага гумару – вёску Аўцюкі, што суседнічае з мяжой Рэчыцкага раёна, але ўжо ў раёне Калінкавіцкім.

Яшчэ шмат гадоў таму пра Аўцюкі (дарэчы, насамрэч там не адны Аўцюкі, а двое – Малыя і Вялікія, прычым Малыя – большыя за Вялікія!) на Палессі хадзіла слава, як пра балгарскае Габрава альбо ўкраінскую Адэсу – анекдоты, цікавыя гісторыі. Але толькі Ліпскі здолеў па-сапраўднаму прадставіць беларускую сталіцу гумару. На ўсебеларускіх фестывалях народнага гумару, якіх з ініцыятывы Ліпскага ў Аўцюках праведзена ўжо ажно сем, заўжды прысутнічаюць і дэлегацыі сапраўдных габраўцаў ды адэсітаў. А Уладзімір Сцяпанавіч не так даўно выдаў чарговую кніжку з назваю “Над Аўцюкамі тармазні!”, прысвечаную беларускай сталіцы гумару (дарэчы, ён звярнуў увагу, што толькі ў Беларусі сталіца гумару размешчана не ў горадзе, як у той жа Балгарыі ці Украіне, а ў вёсцы), прэзентацыю якой пісьменнік правёў у аграгарадку Салтаноў. Назва кнігі – ад вядомага аўцюкоўскага анекдота, калі самалёт робіць рэйс паміж Мінскам і Кіевам, а тут аўцюк грукае ў кабіну пілотаў і кажа камандзіру экіпажа: “Каласок, тармазні мне над Аўцюкамі, я выскачу”, на што лётчык
адказвае: “Ды ну вас, мінулым разам гэтак жа тармазнуў аднаму, ён адзін выскачыў, а трое без квіткоў ускочылі!” Дарэчы, Салтаноў мае намер стварыць канкурэнцыю Аўцюкам. Прынамсі ў Рэчыцкім раёне салтаноўцы на ролю самых гумарных прэтэндуюць даволі абгрунтавана. Гэта яны і прадэманстравалі падчас нежартоўна смешнага шоў з выставамі і кірмашом, якое мела назву “Аўцюкоўскія шуры-муры”.

У дапамогу да салтаноўскіх аўцюкоўцаў прыехалі яшчэ і жартаўніцы з калектыву “Бібліятэчныя вячоркі” з Бронненскай бібліятэкі. Шмат цікавага салтаноўцам распавёў і сам Ліпскі. Жыхары аграгарадка пацікавіліся, ці размаўляе пісьменнік і ў сям’і таксама па-беларуску. А ён запэўніў, што ўсюды гаворыць толькі па-нашаму. Нават узгадаў выпадак, калі падчас аднае працоўнай сустрэчы ў ЗША адмыслова для яго шукалі перакладчыка на англійскую з беларускай. А салтаноўская вышывачка Ларыса Варона падарыла Ліпскаму вышыты малюнак таго самага Бусі.

Ужо на наступны дзень Уладзімір Ліпскі правёў сустрэчу з чытачамі Азершчынскай бібліятэкі сямейнага чытання, дзе прэзентаваў сваю новую кнігу “Мілаградскі конік”. На яе пісьменніка натхніла наведванне гарадзішча каля вёскі Мілаград, дзе яшчэ чатыры тысячы гадоў таму жылі людзі і існавала культура.

Цікаваю атрымалася і сустрэча з самымі юнымі чытачамі, якая прайшла ў гарадской дзіцячай бібліятэцы імя А. Гайдара. Тут сабраліся вучні трэціх і чацвёртых класаў сярэдняй школы № 7, якія, дарэчы, аддзячылі пісьменніку выдатнымі вакальнымі і нават харэаграфічнымі падарункамі. А дзякаваць было за што – і цікавыя расповяды, і годныя падарункі, якія прывёз наш вядомы зямляк, захапілі шкаляроў ды ўпрыгожылі бібліятэчныя паліцы. Дзецям Ліпскі распавёў і пра сур’ёзнае, прэзентуючы кнігу “Праклятая вайна”, і пра лагоднае, паведаміўшы, што зараз піша аповесць менавіта пра такіх, як гэтыя школьнікі. Называцца аповесць будзе “Закаханы трэцякласнік”, а штуршок да яе стварэння даў унук Ліпскага, які, праўда, пакуль кніжка пішацца, ужо стаў чацвёракласнікам. Бібліятэкары: і дырэктарка Цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Елісеева, і загадчыца дзіцячай Аксана Івашына шчыра падзякавалі пісьменніку за два надзвычай цікавыя дні, якія ён падарыў сваім землякам, і дадалі ў музейную калекцыю часопіса “Вясёлка”, якую збірае Уладзімір Сцяпанавіч, створаныя дзецьмі ды надрукаваныя падарункі з Рэчыцы.

Дарэчы, напярэдадні прыезду ў Рэчыцу Ліпскага ўвесь дзень у нас лупіў вялікі дождж. А ў дзень сустрэчы сонейка лагодна песціла рэчычан і іхняга вядомага госця. Але самае цікавае адбылося, калі Ула-дзімір Сцяпанавіч паехаў па вёсках раёна. Выязджаючы з Рэчыцы, сярод гмахаў новага мікрараёна, што паўстаў на ўскрайку, Ліпскі ўбачыў на небе сапраўдную вясёлку. Не-звычайная для сярэдзіны лістапада прыродная з’ява насамрэч здзівіла пісьменніка, ды ён на ўвесь аўтобус амаль па-дзіцячаму ўзрадаваўся:

– Вось! Гэта ж мая вясёлка за мною сюды прыехала!

І сапраўды нездарма па-беларуску рознакаляровая выява на небе, як і часопіс, што выпускае Ула-дзімір Ліпскі, носяць такую вясёлую назву – пісьменнік, нягледзячы на свае 75 гадоў, якія ён адзначыў у прайшоўшым траўні (з чым мы яго, дарэчы, віншуем), – сапраўдны генератар весялосці ды збіральнік народнай мудрасці, цікавы і разнастайны.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети