Гурт EVTHANAZIA прэзентаваў у Рэчыцы свой новы кліп “Вера. Воля…”
Фото: аўтара і суполкі https://vk.com/evthanaziaclip
У рэчыцкім клубе “Чорнае золата” адбылася шоў-прэзентацыя новага кліпа,створанага на беларускамоўны сінгл “Вера. Воля…”, найстарэйшага дзеючага дэз-метал гурта Беларусі – EVTHANAZIA.
Гурт EVTHANAZIA пачаў сваю дзейнасць яшчэ ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Досыць хутка рэчыцкім музыкам удалося скарыць рок-сцэны не толькі Беларусі, але і Масквы ды іншых месцаў. Былі, напраўду, у яго дзейнасці і перапынкі, і перафармаванні складу выканаўцаў, і нават нязначная змена назвы. Але ж гурт заўсёдна адраджаўся. Сёння гэта пяць хлопцаў, апантаныя цяжкою музыкай, якія ствараюць якасны прадукт, запатрабаваны як у Беларусі, так і ў прыхільнікаў дэз-металу далёка па-за межамі нашай краіны.
Паводле сцвярджэння вакаліста гурту Віталя Баброўніча, апошнім часам музыкі сканцэнтравалі свае намаганні менавіта на стварэнні якасных відэа да сваіх песень. “Вера. Воля…” – гэта ўжо другі кліп. Мінулым годам EVTHANAZIA выпусціла кліп на песню “Апошняя мяжа”, чым някепска ўзварушыла метал-жыццё Беларусі. Менавіта таму цяперашняя прэзентацыя новага прадукту гурту выклікала заўважную цікавасць не толькі ў мясцовых аматараў цяжкога металу, але і ў ангажаваных гэтым накірункам сталічных журналістаў ды музыкаў, якія прадстаўнічым дэсантам высадзіліся ў сталіцы беларускіх нафтавікоў і металістаў.
Асноўная фабула кліпа ў тым, што нават трапіўшы ў варожы стан, які шматкроць большы і моцам, і колькасцю, галоўны герой, дзякуючы свай ВЕРЫ ў перамогу, не толькі здабывае сабе ВОЛЮ, але і перамагае сілы зла.
Асаблівага расповяду заслугоўвае працэс здымкаў кліпа. У ім узялі ўдзел ці не ўсе найбольш вядомыя згуртаванні моладзі, а таксама творчыя асобы Рэчыцы. Адну з галоўных роляў (праўда, паводле сцэнара – дастаткова злую) разам з заўсёдным вядоўцам MetalCrowd’у Вовам (Алігархам) Саннікавым адыграў наш вядомы фотамастак Аляксей Грамыка. Менавіта яго з ручной гарматай на плячы мы бачылі ў тызеры кліпа. А момант здымкаў гэтага эпізоду назаўжды застанецца ў памяці Аляксея, якога забыліся папярэдзіць аб тым, што падчас стрэлу “Базукі” варта прыадчыніць рот, каб не сапсаваліся органы слыху. Але ж Аляксея вучыць аказалася залішнім, і ўсё адбылося файна.
Незвычайныя аўтамабілі, якія можна пабачыць у кліпе, – гэта ўласнасць чальцоў джыперскага клуба “OFF ROAD Рэчыца Club”. Прычым у здымках удзельнічалі не толькі жалезныя коні, але і іх уладальнікі-кіроўцы Генадзь Вярыга,Дзмітрый Рудэнка, Антон Мінко і Дзмітрый Анікееў. Пры гэтым ім давялося спаўна адчуць на сабе ўсе вартасці і небяспекі акторскае працы, якая адбылася з аднаго дубля. А небяспекі сапраўды мелі месца. Джыперам давялося ўзнімацца на амальвертыкальны насып гары легніна – адыходаў былога гідролізнага завода, што працаваў калісьці ў Рэчыцы і засыпаў наваколле рэшткамі сваёй вытворчасці. Менавіта на гэтай гары і адбываліся здымкі найбольш відовішчных момантаў кліпа. А падчас здымкаў асобных момантаў давялося і ўчыняць сапраўдныя сутыкненні, і ездзіць толькі на двух колах з чатырох, і зведаць шэраг іншых небяспек.
Шэраг трукаў у кліпе выканалі выхаванцы моладзевага вайскова-патрыятычнага клуба “Скіф” разам са сваім кіраўніком Уладзімірам Габровым. Ускокі ў кузаў машын падчас руху, моманты ножавага бою, якому скіфаўцы навучылі і выканаўцу аднае з роляў Марыну Галдзіну, – годныя ўспаміны юнакоў.
Дарэчы, на многіх акторах ды непасрэдна саміх удзельніках EVTHANAZIІ можна пабачыць сярэднявечны рыцарскі рыштунак. Такім чынам да здымкаў спрычыніўся і рэчыцкі клуб гістарычнай рэканструкцыі “Terra”. А вопратку і сам антураж, які нагадвае вядомае постапакаліптычнае кіно “Звар’яцелы Макс”, распрацаваў мастак Дома культуры і тэхнікі “Нафтавік” Вадзім Стральчэня.
Аўтарам канцэпцыі кліпа і яго сцэнара стаў Мікалай Макарэвіч з “RealFilm”, чые ідэі значна дапоўнілі і развілі задумы ўдзельнікаў самога гурту EVTHANAZIA. А ўжо ў працэсе здымак шмат новага ў канчатковы вынік унеслі ўсе, хто ў здымках удзельнічаў. Менавіта ім – тым, хто шчыра адгукнуўся на просьбы рэчыцкіх металістаў паспрыяць з’яўленню новага кліпа найвядомейшага рэчыцкага гурта, яго ўдзельнікі шчыра дзякуюць.
Дарэчы, як распавёў “Дняпроўцу” Віталь Баброўніч, гэта ўжо другі трэк у альбом, які маюць на мэце стварыць музыкі. Прычым новы альбом будзе складацца цалкам з беларускамоўных кампазіцый. “Такая зараз сітуацыя, што ў асноўным мы стасуемся рускаю моваю, але ж, што ні кажы, мы – беларусы, і мы лічым, што беларуская музыка мае развівацца на нашай нацыянальнай мове”, – патлумачыў сваю прыхільнасць да беларускаймовы Віталь. Ён жа, дарэчы, з’яўляецца і аўтарам тэкстаў дзвюх апошніх кампазіцый гурта – “Апошняя мяжа” і “Вера. Воля…”.
Што да самога шоў, на якім адбылася прэзентацыя новага кліпа, то варта адзначыць, што ніхто з тых, хто прыйшоў суботнім вечарам у “Чорнае золата”,ані разу не пашкадаваў пра тое. На пачатку імпрэзы публіку досыць хутка разагрэлі мясцовыя рэчыцкія тру-хардкоршчыкі з гурта "КТО-ЛИБО", група падтрымкі якіх здолела разварушыць і іншых гледачоў, якія актыўна рушылі на танцпол.
Таму калі на сцэну выйшаў мінскі вікінг-дэз бэнд ALFAR – градус напругі ў чорнай-чорнай зале “Чорнага золата” сягаў да захмарных вышыняў. Гурт, нават адспяваўшы сваю запланаваную праграму, ані не мог пакінуць пляцоўку – не адпускалі!
Хваляю трэш-груў-металу абдалі залу выканаўцы IVORYGOD з Гомеля. Больш таго, музыкаў гэтак кілбасіла, што на аднае з гітараў нават парвалася струна. Але гэта не замінула выдаць насамрэч круты запал перад выхадам на сцэну нашай EVTHANAZIІ.
Віталь Баброўніч пазнаёміў публіку з усімі тымі, хто спрычыніўся да з’яўлення новага твора. Сам жа кліп упершыню быў прадэманстраваны на вялікім экране, узняўшы галовы на які, уся зала замерла з затоеным подыхам, назіраючы за кадрамі са стрэламі, трукамі, баямі ды незвычайнымі пейзажамі. А потым сваім заўсёды цяжкім агнём па прысутных ударыў галоўны герой дзеі – гурт EVTHANAZIA. Канешне ж, распачаўшы з жывога выканання сінгла “Вера. Воля…”, музыкі не пазбавілі сваіх прыхільнікаў магчымасці пачуць і даўно ўлюбёныя тэмы. Было сапраўды горача і напружана.
Што ж, глядзім кліп і чакаем новых твораў ад гурту EVTHANAZIA, пажадаўшы ім хутчэйшага здзяйснення задуманага!