Культура

4869

Рэчыцкія ўліпкі Уладзіміра Ліпскага

 +

Падчас апошняга свайго наведвання родных мясцін наш зямляк, вядомы дзіцячы пісьменнік, прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонду, галоўны рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі, распавёў гасцям сустрэчы, якая ладзілася ў раённай бібліятэцы, што апошнім часам ён кожны свой дзень скончвае напісаннем невялікіх абразкоў кшталту белага верша, якімі нібыта падводзіць рысу пад прайшоўшым днём.

Называе пісьменнік гэтыя свае творы “ўліпкі”. Сам ён такую назву тлумачыць тым, што як ні дзень, то кудысьці ён ды “ўліпне”. Ды й да імя і прозвішча аўтара такі назоў як найлепей пасуе, бо сумяшчае ў сабе першыя літары імя УЛадзімір і прозвішча ЛІПскі!

У лістападзе пісьменнік сустракаўся ў Рэчыцы і яе наваколлі са сваімі землякамі. Ён наведаў Цэнтральную раённую бібліятэку, Салтаноўскую сельскую бібліятэку і Салтаноўскі дом народнай творчасці, Азершчынскую бібліятэку сямейнага чытання і гарадскую дзіцячую бібліятэку, а таксама пабыў у гасцях у сваёй сястры      Любові, якая жыве амаль на самым ускрайку нашага раёна ў вёсцы Дабужа Камсамольскага сельсавета, што згубілася ў лясным краі на ўзбярэжжы ракі Бярэзіны.

Аб сваіх уражаннях ад наведвання рэчыцкай зямлі Уладзімір Ліпскі распавядае ва “ўліпках”, прысвечаных гэтай паездцы, якія ён даслаў на адрас “Дняпроўца”.

Уладзімір ЛІПСКІ

11 лістапада

Раніцай – дарога да Рэчыцы.

Сонейка яснае,

але нізкае,спалоханае.

Сарамліва, холадна пазірае

на голы лес,

на прыбраныя гоні.

Галяком стаяць бярозы.

Таполі распрануліся.

Толькі ў вечным вайсковым

уборы елкі ды сосны…

Удзень – сустрэча з землякамі

ў Рэчыцкай раённай чытальні.

Тут, у духоўнай, намоленай

зале – мае чытачы.

Любоў узаемная,

шчырасць сардэчная.

Разуменне, еднасць, свята –

вось што панавала

на прэзентацыі кнігі

“Уладзімір Ліпскі.

Жыццё і творчасць”,

якая выйшла ў серыі “Асобы”…

Вечарам – гулянне ў Салтанове.

Вясковы дом культуры –

вуллем загудзеў.

Сцены трашчалі ад прыпевак,

мудрых жартаў.

Падлога ўгіналася ад скокаў.

А салтаноўскі кірмаш

здзіўляў умельствам рук:

тут і тканкі, і вышыванкі,

і ганчарства, і бандарства.

На пачастункавых сталах –

смакоцце і дзіва-меню:

“капустка-хрустка”, “бабіны ляхі”,

курка “Краля”,

салат “Вясёлая сямейка”,

адбіўныя “Падэшвы”…

Так прэзентавалася мая кніга

“Над Аўцюкамі тармазні”…

Кароткі лістападаўскі дзень

стаў вельмі ж доўгаліпкім.

Ён не зляціць з дрэва памяці.

 

12 лістапада

Азершчына для мяне –

гэта Таццяна Лапаціна.

У той вёсцы пад Рэчыцай

сельская бібліятэкарка

Лапаціна некалі арганізавала хор.

І сталі спевакі народнымі,

а кіраўніца – заслужаным

дзеячам мастацтваў Беларусі.

Спевы хора слухаў сам Сталін!

Цяпер Азершчынская бібліятэка

славіцца сямейным чытаннем.

І сёння тут чытаюць

маю новую кнігу

“Мілаградскі конік”.

Мамам, татам, дзецям

цікава ведаць пра гарадзішча

на Дняпры,

пра вёску Мілаград,

якая вартуе

старажытнае паселішча.

Адбылася такая сустрэча,

якую не хацелася пакідаць.

Адчуў: я ў Азершчыне – свой,

зразумелы і жаданы.

Ад гэтага хацелася

спяваць і лятаць.

Дык вось жа і заляцеў на крылах зямляцкіх вандровак

у грамадскую дзіцячую бібліятэку.

Тут чулліва гаварылі

пра маю кнігу “Вайна праклятая”.

Пад канец размовы

ў вокны бібліятэкі зазірнула

нябесная вясёлка.

Лістапад. Хмарка над Дняпром.

І вясёлка – падкоўка над Рэчыцай!

 

13 лістапада

Вёсачка Дабужа там,

дзе канчаюцца ўсе дарогі.

Таёжны тупік рэчычан.

Тут векавуе мая сястра Люба.

Сюды прабіраемся

з галоўнай бібліятэкаркай раёна

Тамарай Елісеевай,

з мудрым журналістам “Дняпроўца”

Андрэем Мядзведзевым.

Машына вытанцавала

ўсе палявыя, лясныя скокі.

І вось за крутым вірам алешніка –

хатка з сінімі вокнамі ў сад.

Нас прывячае дабужанка Люба.

На дзевяностым годзе жыцця

прамаўляе свой запавет быцця:

“Мая хатка, як родная матка”.

Сапраўды, тут адчуваеш сябе

нібы ў бацькоўскім гняздзечку:

утульна, цёпла, прыветна.

Тут жа да споду душы даходзіць

простая ісціна:

беражы, чалавек, карані свае!

 

14 лістапада

Над Мінскам – імклівыя воблакі.

Кіруюць у бок Поўдня.

А ў той старонцы Беларусі

мая Рэчыца, мае Шоўкавічы,

Любіна Дабужа ды Светлагорск,

які першым абудзіў жыццё

каля нашай Бярэзіны.

Як жа зайздрошчу воблакам!

Праз нейкі час яны дакрыляюць

да маіх родных мясцін.

Хачу ўскокнуць на пульхныя спіны

нябесных вандроўніц.

Хачу, каб занеслі ў край,

дзе майго маленства рай,

дзе дуброва маўкліва гамоніць,

дзе думкі роем родзяць,

дзе прыветна бярозкі люляюць,

мае мроі, мой сон, мой настрой…

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети