Культура

4747

Як выхаванцы дзіцячага садка № 1 калядавалі ў бібліятэцы

 +

Стары Новы год – любімае свята і дзяцей, і дарослых. У славянскіх народаў ён называўся па-рознаму. Куцця – па назве стравы, якую рыхтавалі ў гэты вечар, «Ваджэнне казы», Шчодры вечар, Каляды.

Калядныя святкаванні заўсёды былі жаданымі і радаснымі для нашага народа. На калядных вячорках гучала вельмі многа песень, прыпевак, загадак, жартаў, напоўненных народным гумарам.

Самы ранні абыход да першай зоркі па традыцыі рабілі дзеці. Не стаў выключэннем і гэты год.

Да нас у бібліятэку завіталі самыя маленькія чытачы – выхаванцы дзіцячага садка № 1 (загадчык А. Мацюшэнка, метадыст А. Астапенка) з тэатралізаваным прадстаўленнем «Да нас прыйшла Каляда». Чакалі мы дарагіх гасцей з нецярпеннем. Бо па павер’ям нашых продкаў дом, у які ўваходзіла працэсія, лічыўся асветленым на ўвесь наступны год. Нашы продкі верылі: ад таго, як сустрэнуць гаспадары першыя дні, залежыць іх будучае жыццё.

У бібліятэцы адбылося сапраўднае свята. Нават чытачы сталага ўзросту, якія на той час прысутнічалі ў бібліятэцы, параілі работнікам садка з такім мерапрыемствам выходзіць на шырокае кола вяскоўцаў.

Пачалося свята з вядомай народнай абрадавай песні «Каляда», пад якую дзеці вадзілі карагод з Віфлеемскай зоркай вакол елкі, гралі на музычных інструментах (музычны кіраўнік Ж. Бароўская).

Ражаныя ў казу, мядзведзя і іншых жывел, якія сімвалізуюць дабрабыт і здароўе, дзеці разам з Шчодрай, ролю якой выканала Н. Марусіч, з задавальненнем выконвалі калядна-абрадавыя песні, танцавалі, “вадзілі казу”, ладзілі гульні.

Завяршылася свята песняй «Бывайце здаровы». Па традыцыі кожны з калядоўшчыкаў атрымаў падарунак і салодкія прысмакі.

Святкаванне Калядак – самая яскравая праваслаўная традыцыя. А захаванне традыцый нашага народа – адна з галоўных задач, якую ставяць перад сабой установы культуры і адукацыі.

Работнікі бібліятэкі знаёмяць чытачоў з народнымі святамі, з фальклорам, выхоўваюць у іх пачуццё гонару за родную мову, краіну, народ. Да нас далучаюцца і работнікі сельскага дома культуры, вопыт якога па святкаванню Калядак у гэтым годзе вывучалі студэнты Мінскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Паважаныя бацькі! Бабулі і дзядулі! Прыходзьце ў бібліятэку да нас часцей і прыводзьце з сабой малых дзяцей. Каб яны з дзяцінства кнігі чыталі, пра святы і абрады помнілі, не забываліся і нашай роднай мовы не цураліся.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети