Культура

4899

Праект “Сымон-музыка” рэчыцкага гурта Dialectic soul уразіў журы творчага конкурса, прымеркаванага да 90-годдзя стварэння Якубам Коласам вядомай паэмы

 +

У дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшла ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў творчых работ “…І, здавалася, жывое нешта йшло ад гэтых струн…”. Праект “Сымон-музыка”, створаны рэчыцкімі творцамі, што аб’ядналіся ў гурт пад назваю Dialectic soul, атрымаў падзяку на імпрэзе, якая была прымеркавана да 90-годдзя напісання класікам беларускай літаратуры аднаго з найвядомейшых сваіх твораў.  

У музейнай установе, размешчанай у доме, дзе апошнія свае гады жыў народны паэт Беларусі, сабраліся пераможцы конкурсу ў намінацыі “літаратурныя творы, прысвечаныя тэме “Сымона-музыкі”, дзе спаборнічалі аўтары вершаў, эсэ, апавяданняў, а таксама ў намінацыі “выяўленчыя мастацкія творы паводле матываў паэмы”. Прычым удзельнікі былі з усёй Беларусі.

Варта зазначыць, што адмысловай намінацыі музычных твораў у конкурсе не было. Але, калі арганізатары і журы конкурса, а таксама кіраўніцтва літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа даведалася пра тое, што паэма пакладзена на сучасную музыку, яны не здолелі застацца абыякавымі і былі па-сапраўднаму ўзрушаныя тым, што пачулі з музычнага дыска.

Першая частка праекта “Сымон-музыка” была створана ў 2013 годзе і выдадзена на прафесійна запісаным дыску. Адна з удзельніц і галоўная натхняльніца праекта, выкладчык Рэчыцкай дзяржаўнай школы мастацтваў Галіна Куліцкая, вызначае стыль твору як фолк-метал-мелодык. Словы класічнага літаратурнага твору цудоўна леглі на сучасную музыку і выдатны вакал у выкананні Вікторыі Бідавай і Ілоны Аўрамчыкавай.

У інтэрв’ю “Дняпроўцу” дырэктар музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская адзначыла, што паэма “Сымон-музыка” за амаль стагоддзе свайго існавання неаднаразова рабілася асновай для музычных твораў. Але гэта ўсё былі спробы апрацоўкі верша ў напрамках класічнай музыкі. Тое ж, што зрабіў калектыў з Рэчыцы вартае самых шчырых падзяк за тое, што паэма прагучала па-новаму, па моладзеваму. І гэта, на думку Зінаіды Мікалаеўны, абавязкова адрадзіць і ўзрушыць цікавасць да бессмяротнага твора новых пакаленняў – беларускай моладзі. Рэчыцкаму калектыву прапанавана звярнуцца да любога твора Якуба Коласа, каб напрыканцы гэтага года, калі адзначаецца юбілей творчай дзейнасці паэта, зладзіць у музеі класіка сучасную музычную прэзентацыю. Пакуль жа музыка, створаная нашымі землякамі, будзе выкарыстоўвацца на розных імпрэзах, якія будуць ладзіцца ў музейнай установе.

Паволе ж інфармацыі Галіны Куліцкай, ужо зараз распачатая праца над працягам праекта. То бок варта чакаць другую частку музычнай апрацоўкі паэмы “Сымон-музыка” ад Dialectic soul, і хочацца спадзявацца, што задумы калектыва спраўдзяцца!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети