Культура

4010

Гран-пры Х Міжнароднага фестывалю «Славянскія літаратурныя дажынкі» у ліскаўскага школьніка Яна Палівача

 +

У рамках Дня беларускага пісьменства 2 верасня ў Гомельскай абласной бібліятэцы  адбылося ўрачыстае адкрыццё Х Міжнароднага фестывалю – свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», у якім прынялі ўдзел звыш 70 літаратараў рэгіёна і краін СНД. Прайшлі прэзентацыі кніг, выдадзеных на працягу года гомельскімі літаратарамі. Былі агучаны і ўзнагароджаны пераможцы творчага конкурсу «Праваслаўе – мая надзея».

Ян Палівач з настаўніцай Святланай Палівач
Ян Палівач з настаўніцай Святланай Палівач

Адначасова на свяце прайшоў фінал чацвёртага этапу абласнога конкурсу чытальнікаў «Захаваем свет разам!», прысвечанага 95-годдзю народнага пісьменніка Беларусі А.Я. Макаёнка і Дню беларускага пісьменства. Сярод сямі вучняў – лаўрэатаў абласнога конкурсу – былі вызначаны два ўладальнікі Гран-пры ў намінацыях «проза» і «паэзія». 

Усе чытальнікі выступілі вельмі добра, з натхненнем і шчырасцю. Бліскуча выступіў і ў выніку атрымаў Гран-пры Ян Палівач (8-мы клас Ліскаўскай сярэдняй школы) з творам Анатоля Грачанікава «Латарэйны білет» (кіраўнік – настаўніца  С. Палівач, аб’яднанне па інтарэсах «На школьных падмостках»).

Ліскаўскі хлопец расказаў трагічна-камедыйную гісторыю аб тым, як «патраціўся з пенсіі дзед на латарэйны білет і выйграў, жартуючы неяк, «Волгу» за 30 капеек!». Дзед праславіўся, стаў папулярным, нарэшце на ветэрана вайны звярнулі ўвагу мясцовыя ўлады – адрамантавалі дом. Сорамна ж будзе, калі СМІ пакажуць, у якіх умовах жыве ўладальнік «Волгі». З’явіліся і практычныя прапановы дзеду прадаць латарэйны білет: «Ты сваё ў вайну ад’ездзіў на танку, дзе табе на аўто катацца…»

І сын, які даўным-даўно з’ехаў і не пісаў бацькам, «раптам адбіў тэлеграму: «Еду! »

Ад усяе гэтай увагі, клопатаў і «любві» дзеду стала так горка, балюча і прыкра, што ён параіўся з бабай «і на пошту патупаў з палегкаю неяк».  «Вазьміце, – кажа, – ваш латарэйны білет, давайце назад маіх 30 капеек!»

Гэтая гісторыя аб чалавечых узаемаадносінах, таленавіта расказаная Янам, «зачапіла» ўсіх прысутных і не аставіла абыякавымі. «Латарэйны білет» А. Грачанікава прынёс невыпадковую перамогу!

Віншуем цябе, Ян!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети