Культура

2520

Да Міжнароднага дня роднай мовы. Повязь друкаваным словам

 +

Калі згадваем пісьменніка Уладзіміра Карпава, мусім рабіць спасылку на імя па бацьку, бо такіх празаікаў два – Уладзімір Васільевіч ды Уладзімір Барысавіч. Абодва нарадзіліся у Расіі, але першы з іх лічыцца пісьменнікам рускім, другі – майстар слова беларускі.

У.Б. Карпаў
У.Б. Карпаў

У.В. Карпаў – Герой Савецкага Саюза, на фронце ваяваў разведчыкам. Пасля вайны скончыў ваенную акадэмію імя Фрунзе (1947 г.) і Літаратурны інстытут імя Горкага (1954 г.). На працягу некалькіх гадоў узначальваў усесаюзны часопіс «Новый мир» (1981–1986 гг.). З-пад ягонага пяра выйшла мноства апавяданняў і аповесцяў. Шырокаму колу чытачоў вядомы раманы «Вечный бой» (1967 г.) і «Маршальский жезл» (1970 г. ), адзначаныя дзяржаўнай прэміяй Узбекістана. Раман жа «Полководец» у 1986 г. адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Уладзімір Васільевіч шмат зрабіў для гераізацыі Георгія Канстанцінавіча Жукава.

А зараз пра Уладзіміра Барысавіча. Нарадзіўся ў горадзе Хвалынск (Саратаўская вобласць). Бацька, земскі доктар, сям’ю пакінуў, таму маці давялося расціць двух сыноў і дачку адной. Грамадзянская вайна прывяла да страшэннага голаду. Першымі ад яго паміралі дарослыя.

Валодзя апынуўся ў дзіцячым доме, які быў пераведзены ў Гомель. Адтуль веска Елча цяперашняга Брагінскага раёна, які пад той час уваходзіў ў Рэчыцкі павет. Дзевяцігадовым хлапчуком пачаў рабіць падпаскам вясковых свіней, пасвіў і коней. Пазней былі іншыя вёскі Брагіншчыны. Але ж такі ўдалося хлопцу скончыць школу 2-й ступені. А далей – Рэчыца. Яе перыяд у кнізе «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (Мінск, 1963 г.):

«Да тысяча дзевяцьсот дваццаць дзевятага года, калі я скончыў «другую ступень», брат – шчыры, працавіты хлопец – ужо рабіў канцарэзчыкам на Рэчыцкім лесапільным заводзе і абзавёўся сям’ёю. Працаваць побач з братам вырашыў і я. Не падаючы заявы ў інстытут, паехаў да брата.

За гады работы на Рэчыцкім лесапільным заводзе кім я толькі не працаваў: адносіў аполкі ад піларамы, адвозіў з мурла тачкай тырсу ў качагарку, быў цыркуляршчыкам, памочнікам станкавога, качагарам, сартыроўшчыкам.

Працаваў я ахвотна, многа. Тады мне было семнаццаць. Каб паступіць на завод, давялося выдаць сябе дарослым, прыпісаўшы год. Але ў свае семнаццаць, адпрацаваўшы поўную змену, я, калі не хапала рабочых рук, грузіў вагоны лесам, прымаў удзел у штурмах, у суботніках ці завіхаўся на лесаскладзе, каля штабялёў дошак. Так што пазней у мяне доўга з левага пляча, на якім я насіў аполкі і дошкі, не зыходзіла нарасць – мазоль, і левае плячо ў мяне нават цяпер засталося дужэйшым.

Я палюбіў завод, зладжанасць, што панавала ў калектыве. Было хораша, думна сярод працавітых людзей, каля станка або цыркуляркі. Цяжка прыходзілася толькі ўзімку. Па цэху гулялі скразнякі. У шырачэзныя вароты, праз якія саматас падцягваў бярвенні, дыхаў сцюдзёны Дняпро. Жалеза абпякала рукі. Але і тады, калі пілавалі бярозу, чулася вясна, патыхала хмяльным бярозавым сокам. Усё выкуплялі кароткія хвіліны адпачынку ў цёплай пілаточцы або качагарцы. І вельмі радавала, калі над вільчыкам заводскага даху загаралася яркая чырвоная зорка – сведчанне, што завод перавыканаў план».

Далей Уладзімір Барысавіч расказвае пра сваё захапленне кнігай. Яно было на Брагіншчыне і, вядома ж, у Рэчыцы. «Помню бібліятэку на лесапільным заводзе: маладую бібліятэкарку Дору Бэр, маленькі столік пры дзвярах, за якім яна сядзела, кніжныя паліцы і шафы. Я забыўся, дзе знаходзіўся заўком, назву вуліцы ў рабочым пасёлку, дзе жыў, а вось бібліятэку помню і буду помніць да апошняга дня…» – згадваў У.Б. Карпаў.

У 1932 г. памёр старэйшы брат. Цяжка перажыўшы гэту страту, будучы пісьменнік быў змушаны пакінуць Рэчыцу. Яшчэ падчас працы на лесапільным заводе У.Б. Карпаў паступіў на завочнае аддзяленне Маскоўскага рэдакцыйна-выдавецкага інстытута. Але ж сталася так, што рэдактарскае аддзяленне было закрыта, хлопцу прапаноўвалася перайсці на іншую спецыяльнасць. Ён не згадзіўся. Але ж і інстытуцкага курса было дастаткова, каб, вярнуўшыся на Брагіншчыну, Уладзімір Барысавіч змог працаваць настаўнікам.

1937-ы год. Арышт айчыма і выключэнне з камсамола. Праца ў шмат якіх школах.

Вялікая Айчынная вайна. У пасляваенны час праца ў рэспубліканскіх газетах «Советская Белоруссия» і «Літаратурная газета», часопісе «Полымя». І, вядома ж, літаратурная дзейнасць. Уладзімір Барысавіч – аўтар такіх шырока вядомых раманаў, як «За годам год» (1957 г.), «Вясеннія ліўні» (1961 г.), «Нямігі крывавыя берагі» і «Сотая маладосць».

Пісьменнік памёр в 1977 г. Меў ордэны Чырвонай Зоркі і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі. Ягоным імем названа вуліца ў Мінску і бібліятэка ў г. п. Камарыне.

Як згадвалася вышэй, У.Б. Карпаў да апошняга свайго дня памятаў бібліятэку рэчыцкага лесапільнага завода і яе бібліятэкарку Дору Бэр. Дык што ж можна сказаць пра яе больш падрабязна?

Дора (Двейра) Гіршаўна пакінула пра сябе добры след і ў якасці загадчыка Рэчыцкай гарадской бібліятэкі імя Н.К. Крупскай. Рабіла тут з 1932 года і да Вялікай Айчыннай вайны. На пасаду загадчыка вярнулася ў 1947-м. Апошні запіс у працоўнай кніжцы датаваны 1952-ім.

 Заўсёды старалася, каб падначаленыя адчувалі яе клопат, каб бібліятэка была лепшай не толькі ў нашым горадзе, але і на Гомельшчыны, і нават у рэспубліцы. Таму і не дзіўна, што ў 1949 г. была абрана дэлегатам Рэспубліканскай нарады культурна-асветніцкіх устаноў БССР (на здымку стаіць чацвертая справа).

 Пра Дору Гіршаўну надта хораша адгукаліся многія чытачы рэчыцкай раёнкі, калі яна называлася «Рэчыцкая раўда» і «Зара камуны». Бо давала не толькі «пляцоўку» у якасці літаратурнага аб’яднання, але і сама магла зрабіць належную адзнаку таго ці іншага літаратурнага твора.

Адзін з такіх удзячных чытачоў – Эдуард Маркавіч Карпачоў, вядомы беларускі і рускі пісьменнік (пэўны час быў літаратурным супрацоўнікам «Зары камуны»).

Бадай, мала хто ведае, што Д.Г. Бэр – маці дачкі і сына, якія пакінулі адметны след у гісторыі рэчыцкай энергетыкі.

Сара Аронаўна, дачка, у 1938 годзе скончыла Рэчыцкую яўрэйскую школу (была і такая). Стала студэнткай Маскоўскага педагагічнага інстытута імя Бубнава (пазней – У.І. Леніна). Правучылася тры курсы, а тут і Вялікая Айчынная вайна. Працавала на адным з Томскіх ваеннных заводаў. Тут жа, у Томску, знаходзіліся Маскоўскія электрамеханічны і энергетычны інстытуты. У 1943 годзе, калі ўжо стала зразумелым, што вайна неўзабаве пакоціцца ў бок Германіі, згаданыя вышэй інстытуты распачалі набор студэнтаў. Па новай спецыяльнасці вырашыла вучыцца і Сара Аронаўна.

У 1947 годзе дыпламаваным інжынерам-энергетыкам прыйшла на Рэчыцкую электрастанцыю, якая на той час мясцілася ў памяшканні сённяшняга каталіцкага касцёла. Абслугоўвала амерыканскія дызелі «Атлас Помер» і «Варцінктон». Рабіла галоўным інжынерам энергетычнай устаноўкі з двума амерыканскімі турбінамі. А калі ў 1958 г. Рэчыца, атрымала электрычнасць з Васілевіцкай ГЭС (цяпер Светлагорская ТЭЦ), была накіравана ў Жыткавічы на пасаду дырэктара энергетычнага цягніка.

У 1962-ім вярнулася ў Рэчыцу. Была галоўным энергетыкам метызнага завода, узначальвала групу энергетыкаў Рэчыцкага філіяла «Грамадзянпраект». Некалькі гадоў вяла праектныя работы ў нафтавікоў. На заслужаны адпачынак выправілася з саракагадовым працоўным стажам.

Калі ў свой час выпала магчымасць мець гаворку з Сарай Аронаўнай, яна згадала і свой Жыткавіцкі перыяд. З ей там працаваў муж – Марат Мікітавіч Шыкла (майстар змены энергацягніка) і брат Абрам Аронавіч. Ён, А.А. Бэр, скончыў Маладзечанскі політэхнікум па спецыяльнасці «тэхнік-электрык». У Жыткавічах – дзяжурны электраманцёр, начальнік змены, дзяжурны па падстанцыі.

 Вярнуўся ў Рэчыцу, быў працаўніком нашых электрычных сетак: дзяжурны электраманцер службы падстанцый, дыспетчар, старшы інжынер ПТА. Удзельк ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тут, у Рэчыцкім ПЭС, рабіла і жонка Абрама Аронавіча – Таццяна Емяльянаўна Малашкова. Яна адзначана знакам “Ганаровы энергетык Рэспублікі Беларусь”.

Вось такія людзі з прозвішчам Бэр – цудоўныя работнікі культуры і рэчыкай энергетыкі. Іх прозвішча не толькі ў людской памяці, але і ў друкаваным слове твора У.Б. Карпава.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети