Культура

2930

Рэчыца весела і годна адсвяткавала Масленіцу

 +

Свята ладзілася ў суботу, 25 лютага і распачалося, як і планавалася, у 10.00. Хаця гандлёвыя рады з традыцыйнымі блінамі, шашлыкамі, процьмай іншых кулінарна-кандытарскіх вырабаў сталі вабіць смачным пахам значна раней.

Стартанула і шырокая праграма батутаў, спаборніцтваў шахматна-шашачных, конкурсаў «Трапны кідок», «Трапны футбаліст». Дзецям шчодра дабавіўся конкурс «Зімовая рыбалка». А яшчэ – і гэта для ўсіх – настольныя гульні ў футбол і нарды, спаборніцтвы па стрытболу.

У каго крэпкая рука і моцны нос, таму «дамбайскі» бокс. Калі ж сілы бы ў мядзведзя, хапай гіру. Жадаеш рызыкнуць, меўшы з вядро адрэналіну, – падыходзь да коніка, сказаўшы «но-о». Калі аматар санак, бяры, катайся.

Ага, во латарэя. Кажуць, без пройгрышу? Справа нядрэнная, бо, як трэба разумець, хоць і страціш (скажам, бычка), ды ўсё ж займееш, мо,  гусака…

Юмарыстычны стэнд для фотаздымкаў? Было каму спыніцца й тут.

…Загрымела «Грымата», у якой даўно і цалкам заслужанае званне народнага калектыва.

Карцела стаяць ды слухаць, бо надта хораша стараліся дзяўчаты, сярод якіх, як заўсёды, «першую скрыпачку граюць» сёстры Марыніч.

У 11.00 конкурс «Слуп з прызамі»ды праграма разгуляя «Між Зімой і Вясной.»

Хто куды, а я – найпершым часам да слупа. Тут, скажу вам, «рахіцікам» рабіць няма чаго. Ля слупа хлопцы па-сапраўднаму моцныя ды прудкія.

Ага, ты, дзяцюк, скінуў толькі палітон! У дадатак скінуў чаравікі! Далезеш толькі да паловы. Хочаш быць з жаданым прызам – раздзявайся да трусоў спартыўных ці «сямейнікаў»! Ты ўпэўнены: цяпер табе нішто не замінае, але?.. Павер, зямляк, на слова: адвярнецца, прыкрыўшы сарамліва вока, мала хто…

Хлопец толькі ў плаўках і зняў той першы прыз. Малайчына! Такога хоць у космас, гадоў на тры, а то і болей.

Што, да слупа мкнуць і іншыя? І, прама дзіва, слуп скарыўся яшчэ тройчы.

Хлопцы з прызамі (падушкі, чайнік), сабраўшыся разам, сфатаграфавіліся на добрую памяць. І стаялі тры героі свята годна-ганарліва. Адзін, як стала зразумелым, – герой двойчы.

Слуп жа з поспехам «заатакаваў» і герой № 4.

А па плошчы пагалоска: наступным разам на слупе будзе не тое што падушка, але й пярына. Паглядзім.

Скажу пра Разгуляй, якога ў якасці аўтара сцэнарыя прыдумала І. Маёрава. Ніякай асобы Разгуляя, колькі не ўзіраўся, я не бачыў. Затое жадалася пляскаць ды пляскаць у далоні цэлай тузіне таленавітых рэчыцкіх калектываў (змянялі адзін адного). А гэта артысты: народнага тэатра Гарадскога дома культуры; дзіцячага тэатра эстрады пад кіраўніцтвам І. Маёравай; народнага хора «Дняпро» пад кіраўніцтвам Т. Дубавец; сямейнага клуба «Сям’я» пад кіраўніцтвам Л. Грызуновай; студыі народна-эстраднага танца «Неваляшкі» пад кіраўніцтвам В. Валошынай.

Рыпнуў гармонік Заспенскага дома народнай творчасці: прыспеў час народнага калектыва «Любава», які вывеў Фёдар Васілец. Ведаю яго даўным-даўно. З тае пары, як Фёдар Фёдаравіч кінуўся запэўніваць усіх і кожнага: на гармоніку (цягае з імпэтам туды і сюды) грае не ён, а яго разумныя пальчыкі. Гм, так мы табе, Васілец, і паверылі.

Каля «Любавы», любай рэчычанам каторы год, апроч мяне, народу не злічыць. Бо гармонік Васільца на ўсю плошчу сыпаў процьму вясёлых «каленцаў», дзяўчаты ж «Любавы» усцешылі добрай беларускай песняй.

Я дык зірнуў на пару (дзядзька з цёткай), якія слухалі «Любаву». Ён раз-пораз дрымкаў нагою. А на твары яскравей яскравага «дзе мае сямнаццаць лет?»

З жанчынкі ж запісалася ў блакнот: «Хоць мне, бабе, 65, то ж я ягадка апяць…»

Мне б параіць гэтай пары: карціць памаладзець – падпявайце ўсей «Любаве»!

Як ні круці, а майстэрства, калі ёсць, – справа заўсёдная. Таму гэтаксама ляпіліся рэчычане бліжэй да месца з гучаннем музычнага імпэта і таленавіта-песенных галасоў самадзейнікаў Азершчынскага цэнтра культуры: надта ж да спадобы ўсім «унучыкі» Таццяны Карнееўны Лапацінай, знакамітай на ўсе прасторы Беларусі.

Лапацінцы радавалі, распачаўшы выступленне недзе бліжэй да часу, каторы завецца абедзенным. Але пра дамашнія варэнікі ці боршч думалася мала каму. Ласункаў жа –     куды ні зірні, абы ў кішэні заставаліся звінець капейкі з рублямі.

…А цяпер… Скажу, што на маім месцы зрабіў бы кожны сумленны рэпарцер. Блізка каля поўдня на Цэнтральнай плошчы адбылося… ЗАБОЙСТВА. Прытым, з цынічна-гнюснай жорсткасцю. Пры маўклівай згодзе супрацоўнікаў міліцыі і МЧС, а магчыма, і Рэчыцкай міжраённай пракуратуры. З боку дзіцягача парку было СПАЛЕНА пудзіла Зімы-Марэны. Ніхто (зусім счарсцвелі) за Зіму не заступіўся. Наадварот, шмат хто цыкаў: «Так ёй і трэба, так і трэба ёй, каб і духу яе…»

Калі на тое, дык і я Зіму не шкадаваў.

Танцавальная праграма. Гэта, калі верыць праграме свята «Провадаў зімы», – апошняя дзея, каторая ладзілася на Цэнтральнай плошчы Рэчыцы. Узяла разбег недзе ў 13.40. Даючы магчымасць «засвяціцца» і піянеру, і пенсіянеру.

…Плошчу пакінуў з зайдрасцю да тых, хто яшчэ застаўся. Сярод іх і мой знаёмы, у якога запытаўся: «Ну як?»

– Лепш не трэба! – пачуў ў адказ.

– А як табе? – жадалася ведаць таму.

– З’еў тры блінцы, – адказаў я, разгарнуўшы рукі як не на ўсю шырыню.

Знаёмец адно пахістаў галавою, з якой ледзь не звалілася шапка. Маўляў, такіх блінцоў ён тут не бачыў.

Калі хто думае, што Пятро Рабянок схлусіў (вядома ж, гаворачы пра блінцы), то гэта толькі для згаданага знаёмага. Бо той, чысты «наркаман»-рыбак: калі пытаюся пра злоўленую рыбу, не забываецца раскінуць ў бакі і без таго длінныя рукі: «Спаймаў таку-у-ю…» Не думаючы: така-а-я, гэта нават не шчупак, а чысты алігатар. Якіх у нас, вядома ж, не бывае.

…А што ж сказаць у якасці апошняй кропкі свята для усіх? Бадай, адно: провады зімы ўдаліся на сто з гакам. Святочнай праграмай, добрым настоем усіх і кожнага. Каму выпала бачыць, слухаць, браць удзел масава-індывідуальны. Нарэшце, багаццем вырабаў рэчыцкана гандлю.

 Словам, хто хацеў, павесяліўся аж ад пуза.

То наступай хутчэй вясна!

Глядзець болей фота:

Фотоотчёт: в Речице отпраздновали Масленицу

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети