Культура

827

Адкуль пайшла назва вёскі Казазаеўка

 +

Жыццё імчыць, як вольны вецер. Не паспела азірнуцца, а ўжо 40 гадоў не жыву ў роднай вёсцы Казазаеўка. Застаўся бацькоўскі дом, ды там ужо іншы гаспадар. Толькі ў снах адбываюцца сустрэчы з бацькамі ў родным селішчы. Ёсць адно суцяшэнне: можна праехаць па вёсцы, убачыць знаёмыя твары вяскоўцаў, пагутарыць пра жыццё-быццё. А калі прагучыць назва маёй вёскі, дык адразу наплываюць успаміны. Часта прыходзіць пытанне: звычайная ці незвычайная мая вёска? І прыходжу да высновы – незвычайная, таму што хутка ўрастае ў горад, зліваецца з вёскай.

д. Казазаевка с высоты
д. Казазаевка с высоты

Думаю, не ўсе жыхары Казазаеўкі ведаюць гісторыю назвы сваёй вёскі. Да і я да пэўнага часу не чула. І вось, з дапамогай інтэрнэту, навуковых звестак, апытвання жыхароў можна адзначыць, што існуе некалькі версій.

1-я версія. Назва паходзіць ад прозвішча Казазаеў. На Алтаі жыве шмат жыхароў з такім прозвішчам. Яны патомкі старавераў-«палякаў». Стараверы з'явіліся на Алтаі пасля другой выгонкі з Польскіх зямель (1764 г.).

2-я версія. Назва паходзіць ад дыялектнага слова «казазайка», што азначае завадзь, мелкаводны ўчастак русла ракі, у якім мылі бялізну, купаліся. З дзіцячых успамінаў: як сабе памятаю, маці спускалася да рэчкі і паласкала бялізну на рацэ.

3-я версія. Ад бацькі чула, што некалі блізка каля вёскі рос лес. Жыхары трымалі коз і туды ганялі пасвіцца. І часта ваўкі з'ядалі іх. Таму Каза-заеў-воўк - Казазаеўка.

Кожны чытач няхай прымае тую версію, якая дзеля яго больш праўдападобная.

Першае згадванне пра вёску ў гістрычных запісах – XVIII стагоддзе, хаця археолагамі знойдзены побач з ёй два курганныя магільнікі, што сведчыць аб засяленні гэтых месцаў з даўняга часу.

Па пісьмовых крыніцах вёска вядома з XVIII ст. як пасяленне ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля другога падзела Рэчы Паспалітай (1793 г.) – у складзе Расійскай імперыі.

У 1879 г. абазначана ў Рэчыцкім царкоўным прыходзе, у 1908 г. – у Заспенскай воласці Рэчыцкага ўезда Мінскай губерніі.

У 1931 г. быў арганізаваны калгас. Пазней вёска знаходзілася ў складзе калгаса «40 лет Октября».

У 1795 г. у вёсцы было 9 двароў, у 1897 г. – 41 двор і, згодна перапісу, 272 жыхара, у 1908 г. – 60 двароў і 396 жыхароў, у 1930 г. – 113 двароў і 557 жыхароў, у 1959 г. – 796 жыхароў, у 2004 г. – 311 двароў і 796 жыхароў. Такая дынаміка росту насельніцтва.

Вёска размясцілася побач з ракой Днепр, у двух кіламетрах ад горада. Раней вада падступала да самага высокага берага, затым паступова выпрамляўся шлях ракі. З'явіліся луг, крыніцы. У летні час падлеткі і дарослыя хадзілі па ўюноў. А якая чыстая вадзіца выбівалася з маленькіх крынічак-ключоў! Мы, дзеці, часта хадзілі за вадой, капалі шэрую гліну і рабілі розныя цацкі. А купацца ў Фадзеевай завадзі ў летні час – найлепшая асалода!

Такая вось гісторыя маёй роднай вёскі Казазаеўка. Няхай бяжыць жыццё, а вёска прыгажэе!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети