Культура

1728

Жыхары Рэчыцкага раёна памятаюць Каляды

 +

Неба расквітнела зоркамі, якія нібы шары на ёлцы, свецяць, пераліваюцца рознымі агеньчыкамі. Надыйшлі Каляды. Маленькая ўнучка пазірае ў вакно на вуліцу і кажа:

– Бабулька, глядзі, месячык з зоркамі выйшлі пагуляць, а я вось сяджу ў пакоі. Можа, што-небудзь цікавае раскажаш?

А па тэлевізары ў гэты час ішоў канцэрт і загучала песня «Каляды» у выкананні ансамбля «Песняры»:

– Ой, калядачкі, бліны-ладачкі…

Малая кінулася да экрана – і давай спяваць і прытанцоўваць. Затым прылашчылася да бабулі і папрасіла: «Раскажы мне пра Каляду. Мы ж таксама будзем печы бліны-ладачкі. Да, бабуль?»

Старая пагладзіла шурпатай далонню мяккія косы дапытлівай унучкі і пачала расказваць:

– Адзначаецца гэтае свята 6 студзеня і працягваецца святкамі да Хрышчэння – 19 студзеня. Звязана яно з зімовым сонцастаяннем, Раством Хрыстовым. Існуюць прымаўкі:

«Прыйшлі калядкі, бліны ды аладкі,

Калядкі – гаспадарчыя парадкі».

Калі пякуць бліны ў Сачэльнік, першы блін кідаюць авечкам, каб не ўміралі. Характэрнай асаблівасцю святак з'яўляецца перапрананне. Надзяваюць кажухі шэрсцю ўверх, маскі розных жывёл і ходзяць па вуліцах з каляднымі спевамі, танцамі, заходзяць у хаты і праслаўляюць Каляду, гаспадароў. А яны адорваюць калядоўшчыкаў грашыма, салодкімі пачастункамі.

Дзяўчынка ўважліва слухала, а затым заскакала ад радасці: «Бабулька, я таксама буду калядаваць, буду казой і буду спяваць песеньку «Дзе каза рагатая, там жыта стогам…» Назбіраю грошай і куплю табе новыя акуляры, каб ты ўсё-ўсё бачыла. Пачастункаў збярэцца шмат, мы з табой будзем ласавацца кожны дзень”.

– Ах, ты мая ластаўка, якая ж ты добрая. Няхай дабрыня твая расце разам з табой, і свята гэтае ніколі не згасне ў памяці людской, – жанчына выцерла хусткай вочы і аблашчала сваю адзіную ўцеху.

Хутка дзяўчынка спала і сніла свой заўтрашні дзень. Свой першы калядны блінец, спечаны разам з бабуляй. А зоркі ярка зіхацелі, асвятляючы шчаслівы тварык дзіцяці.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети