Культура

575

Людзі зямлі Рэчыцкай. Андрэй Сідарэйка – аўтар, шчодры на добры настрой

 +

На пачатку года ў сталічных выдавецтвах выйшлі дзве дэбютныя кнігі пісьменніка-земляка Андрэя Сідарэйкі.

Для даведкі: Андрэй Сідарэйка нарадзіўся ў 1985 годзе ў вёсцы Каравацічы Рэчыцкага раёна. Завочна скончыў Інстытут журналістыкі БДУ. Выступае з прозай у дзяржаўных выданнях.

Першая, гумарыстычная – «Жонка на гадзіну» – пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці», дзе ў 2014 годзе была заснавана серыя «Несур’ёзна пра сур’ёзнае», якая аб’яднала аўтараў, шчодрых на добры настрой. У гумарыстычнай бібліятэчцы выдавецтва гэтая кніга стала ўжо шаснаццатай. Дагэтуль у вясёлай серыі Гомельшчына была прадстаўлена «несур’ёзнымі» ўсмешкамі Анатоля Зэкава і Міколы Чарняўскага (абое з Будакашалёўшчыны), Васіля Ткачова (Гомель), Міхася Слівы (Рагачоў).

І вось сваімі жартамі з чытачамі серыі падзяліўся і наш зямляк. З чаго ў гумарыстычных творах смяецца аўтар? З чалавечых хібаў, заганаў і лайдакоў. Адлюстроўвае адвечныя ўзаемаадносіны мужчын і жанчын, выкрывае негатыўныя з’явы паўсядзённага жыцця, распавядае цікавыя студэнцкія і навагоднія гісторыі.

Хто быў студэнтам, узгадае, як нялёгка прыгатаваць вячэру без страт, вясковы жыхар даведаецца, колькі карова можа даваць малака, мужчыны знойдуць адказ, якія кветкі лепш за ўсё дарыць.

Гумарэскі, іранескі, былі, гісторыйкі, фельетоны, п’есы не толькі могуць палепшыць настрой, але і адлюстроўваюць негатыўныя з’явы ў грамадстве.

Другая кніга апавяданняў «Вальс чырвоных гронак рабін» выйшла ў выдавецтве «Колорград». Выданне стала магчымым дзякуючы серыі «Мінскія маладыя галасы», якое было заснавана ў 2011 годзе Мінскім гарадскім аб’яднаннем Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У герояў апавяданняў свой светапогляд, які сутыкаецца з астатнім светам і людзьмі, якія насяляюць яго, існуючым на зямлі дабром і злом. Часам ім неабходна вырашаць, што лепш: воля ці залатая клетка, забяспечанасць ці галодны палёт, эгаізм ці поўная адданасць. Героі пісьменніка працуюць, кахаюць, радуюцца і засмучаюцца, шукаюць сваю духоўную апору ў жыцці.

Многія творы прасякнуты іроніяй і гумарам.

Назву кнізе дало аднаіменнае дэбютнае апавяданне «Вальс чырвоных гронак рабін», якое было надрукавана ў рэспубліканскай газеце «Звязда» ў снежні 2006 года пад рубрыкай «На конкурс апавяданняў». Па яго выніках аўтар атрымаў трэцюю прэмію.

Гумарыстычныя і сур’ёзныя творы Андрэя Сідарэйкі змяшчаліся ў часопісах «Вожык» і «Маладосць», газетах «Літаратура і мастацтва» і «Звязда», «Настаўніцкай газеце», зборніку «Скажы, што кахаю» серыі «Вера. Надзея. Любоў», што заснаваны выдавецтвам «Мастацкая літаратура».

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак так сказаў пра аўтара: «Андрэя Сідарэйку нельга аднесці да аўтараў, для якіх галоўнае – як мага часцей друкавацца. Ён гатовы чакаць, пакуль новае апавяданне адляжыцца, каб пасля, калі трэба, уносіць у яго патрэбныя праўкі, сёе-тое мяняць у сюжэце. Магчыма, таму яго імя не так часта мільгае на старонках літаратурных выданняў у параўнанні з імёнамі некаторых яго равеснікаў – тых, каму крыху больш за трыццаць. Але, як правіла, такі сур'ёзны падыход да ўласнай творчасці і дае найбольшы плён».

Ён жа – пра адзін з твораў аўтара «Велікодны пачастунак»: «Апавяданне кранае сваёй музычнасцю; у ім вядомае ўсім велікоднае прывітанне паўтараецца як рэфрэн і стварае ў сэрцы адпаведны настрой, які пэўны час не пакідае цябе, калі ты ўжо закончыў чытанне і глядзіш у вакно, за якім не сярэдзіна вясны, а спякотны летні дзень».

Другі пісьменнік-зямляк Віктар Казько (Калінкавічы) у свой час пажадаў аўтару, «каб яму на ўсё жыццё хапіла запалу гаварыць прыгожа, шчыра і замілавана».

Рэдактарам абедзвюх кніг выступіў Анатоль Зэкаў, вядомы не толькі як гумарыст-парадыст, але і аўтар апавяданняў, эсэ, твораў для дзяцей. Новыя кнігі Андрэя Сідарейкі папоўнілі фонд Караваціцкай сельскай бібліятэкі.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети