Культура

1021

«Па Рэчыцы ідзём і казу за сабой вядзём», або Аб тым, як праходзілі Калядкі ў горадзе

 +

Фальклор як від мастацтва працягвае свае жыццё і трывала захоўваецца ў памяці жыхароў нашай рэчыцкай зямельцы. Сведчаннем таму з’яўляецца фальклорна-этнаграфічная спадчына нашага раёна.

Найбольш яскравым святам народнай творчасці, самабытных абрадаў і аўтэнтычнай нацыянальнай культуры з’яўляеццца свята Каляды. Вельмі добра памятаю, як я маленькая абавязкова чакала гэтае свята, як бацька з пограба даставаў яблыкі: антонаўку, пепянку, штрэфель, а маці гатавала куццю. І перш-наперш засцілала абрус, вытканы і вышыты прабабуляй Ганнай, лажыла сена ці жытню салому і заклікала продкаў на першую куццю. Увечары перад Новым годам спраўлялі другую куццю, якую называлі Багатай, Шчодрай, Мясной або Шчодрым вечарам. Шчодрая куцця была для меня самай доўгачаканнай і смачнай. Напярэдадні забівалі парсюка, з якога рабіліся хатнія каўбасы, вэнджаныя кумпякі, вяленыя паляндрыцы і г. д. Ну, а потым наступала самае чароўнае, і мне вельмі дзівосна было назіраць за дарослымі, як яны апраналіся ў казу, мядзведзя, афіцэра, доктара, жаніха і нявесту, таму што на гэтых святках абавязкова адбываліся шлюбныя гульні. Мой дзядуля Іван браў скрыпку, дзядзькі Васіль і Александр – гармонікі, а матуля спявала калядныя песні, потым жартавала, гумар яе быў бліскучы, народны. І вось такую сямейную грамаду рады былі бачыць і сустракаць у кожнай хаце.

Памятаю, як Механоша без дапамогі не мог абысціся, такія вялізныя былі мяшкі з падарункамі, што прыходзілася браць санкі і цягнуць гэты воз. Раніцай бабуля Надзя хадзіла да бальных і бедных з абрадам Засявання: «Сею, Сею, засяваю, з Новым годам паздраўляю!». І тыя калядоўныя гасцінцы ўжо заставаліся ў тых, каму яны былі патрэбны болей, як гаварыла яна.

Высокай творчай актыўнасцю па адраджэнні народных святаў, абрадаў і традыцый на рэчыцкім Палессі вызначаюцца аматарскія аб’яднанні «Жывіца» і «Сям’Я», якія зараз з натхненнем працуюць пры Рэчыцкім гарадскім палацы культуры.

Выдатным з’яўляецца і тое, што многія члены сямейнага клуба ўваходзяць у склад клуба «Жывіца». Менавіта тут добра прасочваецца сувязь пакаленняў, перадавога нацыянальнага вопыту, фарміраванне культуры паводзін маладога пакалення на аснове беларускіх традыцый. Шматлікія мерапрыемствы клубаў звязаны паміж сабой і з беларускім народным календаром, удзельнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі некалькіх пакаленняў сямей: Сярак, Мароз, Горбач, Котавых, Ласіца, Алекса, Шулепавых, Кот, Сівуха, Радчанка-Шыхавец, Лапата і іншыя.

Адметным мясцовым каларытам былі напоўнены тэатралізованыя шчодрыкі «Па Рэчыцы ідзём і казу за сабой вядзём», якія адбыліся сёлета 13 студзеня на Цэнтральнай плошчы і пляцоўцы мікрараёна Наварэчыцкі.

Свята пачалося з калядных песень і прадоўжылася царкоўнымі песняпеннямі ў выкананні Любові Гаўрон, Іллі Сцямнкоўскага, Васіля Дзейкуна, Сяргея Карнадута, Любові Ушак, Наталлі Лапко, Ілоны Чорнай, Вольгі Сафановіч. Потым гаспадары свята зладзілі рытуал заклікання Мароза. Далей прайшоў абрад шчадравання, які спалучыў аграрна-магічны звычай ваджэння Казы (Марына Шулепава) і Мядзведзя (Максім Чубанаў). Шчадраваць прыйшлі шчадравальнічкі-віншавальнічкі: і малыя, і старэйшыя, і жанчыны, перапранутыя ў цыган, а з імі афіцэр і Механоша.

Сыходзячы са сцэнічнай пляцоўкі, калядоўшчыкі адразу пайшлі калядаваць па хатах і падворках Рэчыцы. З песнямі мы заходзілі ў двор, стукалі ў вокны і пыталіся, ці можна калядаваць. Калі гаспадары дазвалялі, пачыналася дзеянне. Розныя песні прысвячалі гаспадарам, а таксама сыну, дачцэ, нявесце. Ходзячы ад двара да двара, мы і незаўважылі, што ўжо дванаццатая гадзіна ночы.

На сустрэчу Старага Новага года мы з вялікім задавальненнем спяшаліся к гасцінным, гаспадарлівым і працавітым рэчычанам, сужэнцам Фядоры і Міхайла Аніскаўцам, якія больш за сорак гадоў разам. Гэта бацькі і дзядуля з бабулей нашых удзельнікаў Алесі і Алены Алексы. Дбайныя гаспадары прыгатавалі святочнае застолле, каб пачаставаць калядоўшчыкаў, і вельмі добра і шчодра нас адарылі. Дабрыня гэтых людзей кранула нашы сэрцы.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity