Культура > Образование

1923

Крысціна ІВАНЧЫКАВА: «Гандлю людзьмі скажам «Не»!

 +

Праходзім на ўроку гісторыі Старажытнага часу тэму: «Рабаўладальніцтва ў Старажытным Рыме». «Рабоў не лічылі за людзей! Гаспадары іх называлі «гаворачымі прыладамі працы», ставіліся горш, чым да свойскіх жывёл. Здзекваліся, прадавалі, дарылі, білі, маглі безпакаранна ўвогуле забіць да смерці…» – расказваю сваім пяцікласнікам і назіраю, як іх вочкі здзіўлена акругляюцца.

«Дзякуй Богу, зараз у нас такога няма. Ніхто не раб, мы ўсе свабодныя», – чую, як перашэптваецца апошняя парта.

Спрэчнае выказванне. На жаль, сучаснасць наша не такая ідэальная, як хацелася б нам… Горка аднак зараз, здаецца, у гуманным 21 стагоддзі людзі часта становяцца ахвярамі гандлю «жывым таварам».

Прайшоў некаторы час, як мінуў гэты ўрок. І раптам выпадак: Беларуская арганізацыя Чырвонага Крыжа распачала конкурс па стварэнні валанцёрскіх праектаў, накіраваных на супрацьдзеянне гандлю людзьмі ў Гомельскай вобласці. Са старэйшымі вучнямі Вышамірскага дзіцячага сада-сярэдняй школы вырашылі прыняць удзел у конкурсе, бо праблема сапраўды існуе, і яна актуальная.

Штогод нашы маладыя людзі, шукаючы лепшых заробкаў, ад’язджаюць працаваць за межы нашай краіны. Некаму шанцуе, а хтосьці трапляе ў рукі ашуканцаў-злачынцаў. Бываюць выпадкі: маладых людзей вывозяць за мяжу, забіраюць дакументы, падманваюць, пакідаюць без грошай… Часта гэтыя маладыя людзі вымушаны вяртацца дамоў пешшу…

А калі прааналізаваць праблему глыбей – то, увогуле, робіцца жудасна! Прастытуцыя, гандаль органамі, прымусовая праца… Не-не, гэта не з падручніка па гісторыі. Гэта з сучасных мас-медыйных сродкаў інфармацыі!..

Відавочна, ліквідаваць гандаль людзьмі сіламі школьных валанцёраў немагчыма. Ды гэта і не з’яўляецца мэтай нашага праекта «Скажам «Не» жывому гандлю!». Галоўная задача валанцёрскай групы «Ўсе залежыць ад нас!» Вышамірскага дзіцячага сада-сярэдняй школы – асвятленне праблемы гандлю людзьмі з мэтай супрацьдзеяння яму.  

У рамках рэалізацыі дадзенага праекта валанцёрская група правяла першае мерапрыества, прысвечанае Еўрапейскаму дню барацьбы з гандлем людзьмі. Самыя актыўныя ўдзельніцы валанцёрскай групы «Ўсё залежыць ад нас!» – Вераніка Склімянок, Ангеліна Шалыпа і Насця Раманенка – арганізавалі акцыю «Не стань ахвярай гандлю «жывым таварам»!». Дзяўчаты падрыхтавалі інфармацыйныя лісты, буклеты, прэзентацыю і накіраваліся ў самыя ажыўлёныя месцы аг. Вышамір: клуб, магазіны, на пошту, цэнтральную плошчу.

Змест акцыі просты: праінфармаваны – значыць, застрахаваны! Акрамя кароткага нарыса пра стан гандлю «жывым таварам» у сучаснасці, у інфармацыйных буклетах размясцілі звесткі пра шляхі, якімі можна трапіць у рукі злачынцаў.

Адзначылі, што, збіраючыся на працу за мяжу, неабходна памятаць пра рызыку, якая чакае кожнага. Размясцілі тэлефоны гарачай лініі, адрасы месцаў размяшчэння ўстаноў Чырвонага Крыжа. І, канешне, падчас правядзення гэтай акцыі запрашалі маладых людзей, асабліва з «групы рызыкі» (тыя, якія мелі няўдачны вопыт працы за мяжой), на будучыя мерапрыемствы, якія будуць арганізаваны ў рамках рэалізацыі дадзенага валанцёрскага праекта.

Праект «Скажам «Не» жывому гандлю!» для нас – як сцвярджэнне таго, што тая свабода, якой дабіваліся многія народы шмат стагоддзяў, не знікла ў часе, не растварылася ў паветры, не сцёрлася з нарматыўных дакументаў і не можа быць украдзена нейкімі недобрасумленнымі людзьмі! Чалавек нараджаецца свабодным! І толькі ад яго залежыць, ці здолее ён правільна гэтай свабодай скарыстацца.  

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети