Культура > Образование

2281

Ліцэй размаўляе па-беларуску

 +

Сапраўдны прафесіяналізм прадэманcтравала настаўніца беларускай мовы раённага ліцэя Ірына Яўсеенка, якая падрыхтавала каманды да ўдзелу ў тэлевізійнай віктарыне «Размаўляем па-беларуску», што праводзіла тэлерадыёкампанія «Гомель».

Цяжка было Ірыне Яўсеенка вызначыцца з ўдзельнікамі, бо ўсе вучні навучальнай установы дастаткова добра валодаюць роднай беларускай мовай, што на сёння з’яўляецца рэдкасцю. Але, напэўна, вопыт і прафесійная інтуіцыя дапамаглі абраць тых, хто не толькі валодае ведамі, але і прымяняе іх на практыцы.  
Так, 18 лістапада дзве каманды Рэчыцкага ліцэя ў складзе Іллі Бабчанка, Вікторыі Вярбіцкай, Вольгі Рудзянок, Мікіты Панцялеенкі, Кацярыны Кулівар, Насці Блізнюк накіраваліся ў абласны цэнтр на Гомельскае тэлебачанне і ўзялі ўдзел у віктарыне.

Сапернікамі былі вучні з Буда-Кашалёва. Гульні было дзве. Спаборніцтва распачала каманда «Хімікі» пад кiраўніцтвам Кацярыны Кулівар. (Такую назву ліцэісты абралі нездарма: яны – вучні 10–11 класаў хіміка-біялагічнага накірунку.) Гульня складалася з некалькіх выпрабаванняў. Першае называлася «Прыгадваем».

Удзельнікі віктарыны павінны былі назваць беларускім словам тое, што адлюстравана на слайдзе. Слайдаў было некалькі, адказваць мела магчымасць тая каманда, якая першай націсне на кнопку. Спачатку не ўсё  складвалася так, як хацелася: вучні вельмі хваляваліся. Але потым школьнікі сканцэнтраваліся і прадэманстравалі свае веды. У выпрабаваннях «Пераклад» і «Тлумачым» заданні былі даволі складаныя.

З кожным новым пытаннем-выпрабаваннем «Хімікі» упэўнена набіралі ўсё болей балаў. Напрыклад, у адным з іх трэба было патлумачыць сэнс фразеалагізма, скласці з ім сказ і прывесці адпаведнік з рускай мовы. Самым цяжкім было заданне «Цытуем», дзе  неабходна было працягнуць радкі вершаў беларускіх паэтаў.

Па першай гульні ўжо было відаць, што нездарма Рэчыцкі ліцэй лічыцца адным з лепшых у вобласці.
І наступная рэчыцкая каманда «Пакаленне» гэта пацвердзіла. Нашы ліцэісты трымаліся ўпэўнена, ба-дзёра, без хваляванняў, актыўна адказвалі на пытанні, годна прымалі і няўдачы ў адказах, што прыводзіла ў захапленне не толькі вядучую Алену Трацэнка, але і ўвогуле ўсю здымачную групу.

У гэтай другой гульні сапернікі трапіліся больш падкаваныя ў пытаннях беларускай мовы, але хуткасць капітана каманды Іллі Бабчанка і вычарпальныя адказы Вікторыі Вярбіцкай і Вольгі Рудзянок не пакінулі сумнення, што перавага на нашым баку. Поспехі каманды адзначыў і незалежны эксперт-паэт, выкладчык беларускай мовы Святаслаў Крупенька, які быў нават здзіўлены таму, як вучні фармулявалі свае адказы, наколькі граматна складалі сказы.

Усе ўдзельнікі гульні атрымалі падарункі.

Хочацца падзякаваць і супрацоўнікам тэлерадыёкампаніі «Гомель», якія працавалі па-за межамі аб’ектыва. Вучні былі ўзрушаны і ад самога працэсу здымак. Вельмі было цікава паглядзець, як усё адбываецца, што застаецца, як гавораць, па-за кадрам. А за кадрам тэлеэкрана – няпростая, напружаная праца, і не аднаго чалавека. 

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети