Культура > Образование

5516

Урачыстае святкаванне 150-годдзя адукацыі Васілевічаў вылілася ў сапраўднае свята горада

 +

Урачыстае святкаванне 150-годдзя адукацыі Васілевічаў вылілася ў сапраўднае свята горада, на якое не толькі выйшлі ці не ўсе жыхары, але і з’ехался многія землякі-васілёўцы.

У 1866 годзе ў Васілевічах з’явілася першая навучальная ўстанова – пачатковая народная вучэльня, якую арганізаваў выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Якаў Кеда. З таго часу васілевіцкая адукацыя прайшла вялікі і насычаны шлях. Узнікалі і рэарганізоўваліся навучальныя ўстановы, змяняліся калектывы настаўнікаў, але адно было нязменным – высокая якасць ведаў, якую давалі ў школах Васілевічаў.

Свята, прысвечанае 150-годдзю народнай адукацыі ў горадзе Васілевічы, пачалося з урачыстага шэсця па цантральнай вуліцы. Нават, не проста ўрачыстага, а грандыёзнага. Бо ў калонах розных навучальных установаў, некаторых з якіх ужо і няма, ішлі людзі з навуковымі ступенямі, вайсковымі званнямі і заўважнымі пасадамі. А адкрывалі шэсце дзяўчаты-барабаншчыцы, якія дробам сваіх палачак задавалі тэмп хады.

«Народнае вучылішча», «Царкоўна-прыхадская школа», «Пачатковая школа пры чыгуначнай станцыі», «Школа з рускай мовай навучання імя У. Леніна», «Школа з беларускай мовай навучання імя І.Сталіна», «Няпоўная сярэдняя школа імя К. Варашылава (Бойкава школа)» – цяперашнія шкаляры праносяць шыльды з надпісамі назваў зніклых ужо ўстаноў адукацыі ў гістарычнай частцы шэсця. А далей – гісторыя плаўна пераходзіць у сучаснасць. За шыльдаю «Бойкава школа» ўжо ідуць выпускнікі школы, якую ў Васілевічах называлі паводле прозвішча яе першага дырэктара. У калоне пад надпісам «Васілевіцкая сярэдняя школа Рэчыцкага раёна» ідуць ужо і настаўнікі, і вучні і выпускнікі школы, што ўзнікла пры аб’яднанні школ з беларускай і рускай мовамі навучання. Праходзяць сівыя дзядулі з бабулямі, побач са сваімі дзецьмі – людзьмі сярэдняга веку, што вядуць за рукі дзетак, якія цяпер вучацца ў Васілевіцкай школе. Пакаленні, сем’і, лёсы…

Калону сярэдняй школы змяняе калона Васілевіцкай санаторна-лясной школы-інтэрната, за ёй – Васілевіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Замыкае шэсце калектыў выкладчыкаў і навучэнцаў Васілевіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Канчатковым пунктам руху калон робіцца плошча насупраць Гарадскога Дома культуры. Тут адбыўся невялікі мітынг, пачаткам якога стала ўрачыстае ўзняццё сцяга Васілевічаў, якое ажыццявілі былыя кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Старшыня Васілевіцкага гарвыканкама Наталля Брэль ў сваім віншаванні землякам адзначыла, што гэтае свята стала днём сустрэчы, днём успамінаў, днём, які дазволіць усім сказаць самыя важныя словы сваім настаўнікам. І сапраўды, варта было бачыць тыя кранальныя моманты, калі мужчыны, чые скроні ўжо прысыпаныя попелам сівізны, з букетамі кветак у руках пільна выглядалі ў натоўпе кагосьці, а потым, нясмела падыходзілі да сталых жанчын з кіёчкамі ў руках і дрыготкім голасам казалі ім словы ўдзячнасці і павагі, аддаючы, нібы на школьных лінейках, прыгожыя кветкі.

Да тых, хто сабраўся на плошчы, звярнуўся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр Дземянчук. Ён звярнуў увагу на тое, што колькі б не казалі пра нейкае падзенне прэстыжу прафесіі педагога, але такое свята і тое, што на ім сабралася столькі шмат людзей, кажа пра вялікую павагу да настаўніка, якімі б цяжкімі і супярэчлівымі не былі часы.

Таксама ўдзельнікаў і гасцей свята павіншавалі дырэктар КУП «Рэчыцабыт» Святлана Серэнкова, былы дырэктар школы-інтэрната Генадзь Зарэцкі, цяперашні кіраўнік школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Ігар Цыцура і дырэктар Васілевіцкай сярэдняй школы Эльвіра Хайруліна. На сцэну ўзняліся ранейшыя дырэктары адукацыйных устаноў горада: Генадзь Зарэцкі, Вольга Плесунова, Людміла Кругаўцова, Віктар Блізнец, Уладзімір Сулімскі. Словы выступоўцаў перамяжоўваліся з канцэртнымі нумарамі ў выкананні народнага ансамбля «Васілевіцкія валошкі».

Свята працягвалася ў фае і зале гарадскога ДК. Тут працавала выстава, на якой былі сабраныя фотаздымкі розных часоў з усіх устаноў адукацыі Васілевічаў. Людзі падоўгу затрымліваліся каля стэндаў, выглядаючы сябе, сваіх сяброў, і, канешне ж, – любімых настаўнікаў, раз-пораз змахваючы з вачэй сціплыя слязінкі радасці і ўспамінаў.

Канцэртная праграма, падчас якой на вялікім экране дэманстраваліся прэзентацыі, прысвечаныя гісторыі станаўлення, развіцця і сёняшняму стану адукацыі ў Васілевічах, праходзіла пры поўнай зале. Суправаджалася яна аповядам галоўнай збіральніцы і захавальніцы васілевіцкай гісторыі Валянціны Сяргеевай. На сцэну выходзілі былыя педагогі розных школ – Надзея Дмітрыеўна Алёшкіна, Надзея Андрэеўна Белая, Валянціна Фёдараўна Пракапенка. На жаль, ужо не многія з тых, хто прысвяціў сябе педагагічнай працы, здолелі прыйсці на ўрачыстасць. Але, нават калі на экранах з’яўляліся выявы былых педагогаў, іх сустракалі гарачымі воплескамі. Калі ж Валянціна Сяргеева прапанавала ўспомніць тых, каго ўжо няма побач з намі, зала ўзнялася і пазірала на экран стоячы, а ў руках у многіх былі бачныя мокрыя насоўкі.

Перад гасцямі імпрэзы выступілі вядомыя выпускнікі школы – кандыдат эканамічных навук Валянціна Карэліна і кандыдат фізіка-матэматычных навук Анатоль Астапенка, якога ў Васілевічах ведалі калісьці па мянушцы «Кулон», паводле прозвішча вядомага французкага навукоўца, бо яшчэ ў юнацтве захапляўся фізікай. На жаль, не здолеў прыехаць у Васілевічы Сцяпан Лаўшук – вядомы літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, выпускнік 1961 года. Але ён даслаў вельмі кранальнае віншаванне, якое было зачытанае са сцэны.

Свята, якое на пачатку задумвалася як памятны дзень для педагогаў, як дзень сустрэчы выпускнікоў, зрабілася маштабным агульнагарадскім мерапрыемствам. Яно сабрала ў Васілевічы тых, хто, магчыма, і не знайшоў бы часу і магчымасцяў патрапіць на той жа Дзень горада, але кінуў усе справы і прыехаў на гэтую імпрэзу. Прыехаў, каб не толькі пабачыцца з сябрамі, але і каб выканаць галоўную місію – аддзячыць сваім настаўнікам – тым, хто многім выхаванцам васілевцкіх адукацыйных установаў паказаў годную дарогу ў жыцці, забяспечыўшы трывалымі ведамі і сапраўднымі жыццёвымі каштоўнасцямі.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети