16/03/2017

Як у сярэдняй школе №7 г. Рэчыцы прайшоў тыдзень беларускай мовы

21 лютага ўвесь свет адзначаў Міжнародны дзень роднай мовы. У сёмай школе нашага гораду гэтае свята стала выдатнай нагодай, каб узгадаць мову нашага народа, самім загаварыць на ей і разам правесці тыдзень беларускай мовы.

21 лютага ўвесь свет адзначаў Міжнародны дзень роднай мовы. У сёмай школе нашага гораду гэтае свята стала выдатнай нагодай, каб узгадаць мову нашага народа, самім загаварыць на ей і разам правесці тыдзень беларускай мовы.

Пачаўся беларускамоўны тыдзень з акцыі пад дэвізам “Мове рускай дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. Настаўнікі прапанавалі ўсім жадаючым размаўляць паміж сабой па-беларуску. Гэта была нядрэнная магчымасць папрактыкавацца ў гутарках на роднай мове. І ахвочых адчуць смак школьнага жыцця па-беларуску знайшлося дастаткова шмат!

Працягам стала акцыя “Нашы любімыя словы”. Аркушы у форме кляновых лісцяў, якія сімвалізавалі абрысы нашай краіны, разляцеліся па ўсіх класах, і кожны жадаючы мог напісаць на іх сваё любімае беларускае слова. Потым з гэтых слоў на другім певерсе школы сабралі вялізнае дрэва. На ягоных лістках можна было прачытаць такія словы, як “матуля”, “жыццё”, “праца”, “каханне”, “крыніца” і, нават, “цыбуля” ды “кавун”.

Увесь тыдзень праходзілі розныя віктарыны, моўныя турніры, брэйн-рынгі. Настаўнікі рыхтавалі праграму з цікавымі пытаннямі і заданнямі, якія прымушалі падумаць і працаваць дружнай камандай, каб перамагчы. А таксама праходзіў прагляд відэафільмаў на беларускай мове, з якіх вучні малодшых класаў даведаліся аб значэнні слоў “імбрык”, “гарбата”, “цукар” ды іншых.

Завершыла тыдзень літаратурна-музычная імпрэза  “Багата родная ты мова” пад кіраўніцтвам настаўніцы Святланы Стрыжак. Вучні з розных класаў спявалі песні на роднай мове, чыталі вершы вядомых беларускіх паэтаў, танчылі, гралі на музычных інструментах. Вынікі тыдня беларускай мовы падводзіла настаўніца Ніна Гутнікава. Яна ўзгадала ўсіх, хто ўдзельнічаў у розных яго мерапрыемствах, а таксама адзначыла, што магчымасць паразмаўляць па-беларуску выклікала ў вучняў падтрымку і шчырую зацікаўленасць.



--- взято с сайта dneprovec.by ---