11/09/2017

Настаўнікі Рэчыцкага раёна. Роднае слова ад роднага чалавека

Любоў і павага да роднай мовы і літаратуры павінны прывівацца дзецям у сям’і, дзіцячым садку, школе і далей суправаджаць чалавека на працы, у навакольным асяроддзі, грамадскім жыцці. Сапраўднае шчасце сустрэць такіх людзей, якія здолеюць прывіць гэту любоў да роднага слова з лёгкасцю, шчырасцю, самаадданасцю.

Любоў і павага да роднай мовы і літаратуры павінны прывівацца дзецям у сям’і, дзіцячым садку, школе і далей суправаджаць чалавека на працы, у навакольным асяроддзі, грамадскім жыцці. Сапраўднае шчасце сустрэць такіх людзей, якія здолеюць прывіць гэту любоў да роднага слова з лёгкасцю, шчырасцю, самаадданасцю.

Марыя Пятроўна Хулуп – гэта настаўнік беларускай мовы і літаратуры, якая для многіх пакаленняў вучняў Вышамірскага дзіцячага сада-сярэдняй школы стала прыкладам таго, як трэба ставіцца да роднага слова, літаратуры, традыцый, звычаяў, гісторыі, як любіць сваю Радзіму і людзей, якія вакол нас. Навучаючы роднаму слову і пісьму, для сваіх вучняў яна станавілася родным чалавекам.

Марыя Пятроўна – мініяцюрная, далікатная, элегантная, акуратная, стрыманая. Яна адказная, справядлівая, сумленная, працалюбівая, цярплівая, сціплая, ветлівая, але пры ўсім гэтым адэкватна строгая і патрабавальная настаўніца. Шчыра кажучы, да яе ўрокаў прыходзілася рыхтавацца больш, чым да якога іншага! Колькі твораў было прачытана! З колькімі аўтарамі пазнаёміліся падчас яе працы ў школе! Не, не толькі з тымі, што ўваходзілі ў курс школьнай праграмы, а з мноствам іншых, якіх нам рэкамендавала Марыя Пятроўна. Разам з ёй мы на старонках беларускіх твораў адшуквалі прыклады злых і добрых учынкаў, знаёміліся з годнымі і сарамлівымі падзеямі людскога жыцця, успрымалі простыя чалавечыя ісціны. Урокі беларускай літаратуры ў Марыі Пятроўны заўсёды былі насычаны цікавымі літаратурнымі творамі, задуменнымі разважаннямі аб лёсах галоўных герояў і суправаджаліся ўласнымі выказваннямі мудрай настаўніцы, якая выхоўвала ў вучняў лепшыя маральныя пачуцці: адказнасць за свае ўчынкі, павагу да сваіх продкаў і сучаснікаў, годнасць за свой родны край, эстэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці, сумленнасць, шчырасць, вернае сяброўства, рамантычнае каханне…

Разнастайныя творчыя праекты, літаратурныя чытанні, алімпіяды, конкурсы сачыненняў і расказаў, вечары паэзіі – ва ўсіх гэтых мерапрыемствах імкнулася задзейнічаць Марыя Пятроўна сваіх вучняў. Яна дапамагала адкрыць ім у сабе тыя творчыя здольнасці, аб якіх яны і самі, магчыма, не здагадваліся!

У мой час вучням, акрамя абавязковых вучэбных прадметаў, можна было здаваць дзве дысцыпліны на выбар на выпускных экзаменах. Без сумнення, адным з прадметаў стала беларуская літаратура. На жаль, на той момант Марыя Пятроўна ўжо не працавала ў школе, пайшла на заслужаны сумленнай працай адпачынак. Аднак павага да любімага прадмета ў нас, яе вучняў, засталася. Без ляноты, а наадварот, з вялікім захапленнем, былі перачытаны ўсе абавязковыя творы, крытыка да іх і вывучаны больш за 20 абавязковых для ведання вершаў. Да гэтага часу памятаю зялёны сшытак у клетачку, у якім некалі запісвала заўвагі Марыі Пятроўны, кароткія выразы, якімі яна выказвала свае думкі, вытрымкі з вершаў і твораў… З усяго класа экзамен па беларускай літаратуры здавалі ўдваіх – я і мая аднакласніца Алеся. Насупраць нас сядзела цэлая камісія сур’ёзных настаўнікаў, але маё ўсведамленне тады малявала адзін толькі светлы, уважлівы, які крышачку ўсміхаецца, твар Марыі Пятроўны! Як некалі на ўроках, яна слухала нашы адказы: заўсёды ўважліва, цёплымі вачамі падбадзёрвала, раз-пораз ківала галавой з акуратненька прыбранай прычоскай. Напрыканцы выступлення кожнага вучня яна паціскала сваімі худзенькімі плячамі і казала: «Дзякуй, даражэнькія мае, за адказы!»

А колькі было выканана падчас вучобы ў школе пісьмовых работ з Марыяй Пятроўнай! Шчыра кажучы, будучы вучаніцай малодшых класаў, памятаю, як ад адных толькі слоў «дыктант» і «работа над памылкамі» мне рабілася кепска і вочы самі сабой закатваліся ўверх! Аднак, ужо стаўшы студэнткай і азіраючыся назад, з удзячнасцю ўспамінала гэтыя ўрокі Марыі Пятроўны. А дзякаваць было за што: беларуская арфаграфія была даведзена да аўтаматыкі, а за ўменне бегла і не задумваючыся размаўляць на беларускай мове мяне неаднаразова хвалілі педагогі ўніверсітэта. Мой уласны прыклад – гэта выпадак, калі веданне роднай мовы проста дапамагала ў жыцці. А колькі выпускнікоў Вышамірскай школы выбралі родную мову і літаратуру ў якасці будучай прафесіі! Гэта я нават і пералічваць не бяруся, бо, хутчэй за ўсё, паменшу паказчык. Іх вельмі шмат. Гэта і зразумела, бо будучую спецыяльнасць вучні часцей выбіраюць такую, у якой адчуваць будуць сябе найбольш упэўнена, дзе спатрэбяцца іх веды, якія, дзякуючы таленавітай настаўніцы, у іх, несумненна, былі.

Ніколі і нікому не хацелася падводзіць паважаную Марыю Пятроўну. І не толькі па той прычыне, што яна заўсёды была кемлівым, выдатным, вопытным і таленавітым настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, шмат гадоў была прафесійным дырэктарам Вышамірскай школы, але і таму, што яна ўсё сваё жыццё з’яўлялася і з’яўляецца прыкладам сапраўднага добрага чалавека і цудоўнай жанчыны. Рана засталася ўдавой, цяжка перажывала гэту страту, аднак здолела адна вырасціць і выхаваць выдатных дзяцей. Яна добра адукаваная, прыстойная, шчырая, мяккая, ветлівая, сумленная, працавітая, выдатная маці і бабуля для сваіх цудоўных дзяцей, унукаў і праўнучка. Ні дня не губляе дарэмна на пенсійным адпачынку: даглядае вялікі дом, сядзібу, шмат чытае. Штодня яна трымаецца на пазітыве. І нават калі адчувае сябе не вельмі добра, ніколі не будзе скардзіцца. Толькі стомленыя вочы могуць выдаць яе самаадчуванне. Марыя Пятроўна заўсёды цікавіцца лёсам сваіх былых вучняў, сочыць за навінамі іх жыцця, з радасцю сустракае іх у роднай вёсцы, заўсёды чакае да сябе ў госці. Марыя Пятроўна разам з намі, сваімі былымі выхаванцамі, ганарыцца нашымі поспехамі, шчыра сумуе за нашы няўдачы і ад чыстага сэрца жадае нам толькі лепшага. Гэта праўда. Бо такі яна чалавек. Усё заўсёды напісана на яе твары. І хоць ужо даўно прайшлі школьныя гады, і рэдка сустракаемся з нашай любімай настаўніцай роднай мовы, але для нас яна заўсёды застаецца аўтарытэтным чалавекам, якога вельмі не хочацца расчароўваць. Магу з упэўненасцю гэта сцвярджаць не толькі ад свайго імя. Вось нядаўні прыклад. Мой лепшы сябар і аднакласнік Алег, дарэчы, дарослы мужчына, які ўжо даўно жыве ў вялікім горадзе, мае сваіх уласных дзяцей, працуе амаль па ўсёй Беларусі, займаецца прафесійнай устаноўкай сучасных якасных вокнаў, супрацоўнічае з мноствам паважаных людзей і сур’ёзнымі фірмамі, не так даўно вельмі і вельмі хваляваўся, калі атрымаў заяўку па працы ад Марыі Пятроўны! «Разумееш, як хвалююся?! Не хочацца падкачаць! Зрабіць якасна, каб не крыўдна ёй было, бо гэта ж наша Марыя Пятроўна! Адчуваю сябе як школьнік! » – распавядаў мне сябар, збіраючыся яшчэ толькі на замеры вокнаў.



--- взято с сайта dneprovec.by ---