Культура > Образование

941

Справа жыцця – быць настаўнікам

 +

Яркай зоркай свеціцца вобраз Тамары Віктараўны Маршковай, настаўніцы рускай мовы і літаратуры, на жыццёвым шляху маіх аднавяскоўцаў, яе вучняў. 25 снежня яна адзначыць свой сямідзесяцігадовы юбілей. У сабе настаўніца нясе «душы святло, палёт высокіх думак, нязменнай абаяльнасці сакрэт». Тамара Віктараўна – той чалавек, з якім прыемна заўсёды: прываблівае сціпласць, дабрыня, інтэлігентнасць, акуратнасць. Як яе калега, хачу расказаць больш падрабязна пра яе жыцця, бо ў штодзённай руціне спраў не ўсё даведаешся пра свайго знаёмага.

Тамара нарадзілася ў вёсцы Левашы ў сям’і настаўнікаў. Бацька Віктар Іванавіч Шаўлоўскі – былы франтавік, працаваў дырэктарам Левашоўскай школы, затым каля 20 гадоў – у Жмураўскай. Маці Марыя Аляксееўна працавала настаўніцай малодшых класаў. Любоў да сваёй прафесіі бацькі перадалі тром дачкам. Валянціна выкладала хімію і біялогію, Раіса працавала выхавальнікам у дзіцячым садку, а Тамара – настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Жмураўскай сярэдняй школе. Працягвала дынастыю бацькоў. Чацвёртая дачка Марыя стала ўрачом-стаматолагам.

Сямейная дынастыя Шаўлоўскіх
Сямейная дынастыя Шаўлоўскіх

У школе Тамара была вельмі актыўнай: удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, захаплялася акрабатыкай, вучылася граць на мандаліне ў гуртку, які вёў Маісей Залманавіч Катляр. І крышачку, як усе дзеці, была дзяўчынкай-
гарэзай. Аднойчы перад Новым годам бацькі на педсавеце вырашалі школьныя пытанні, а Тамарка з сябрамі пайшла праз раку на Капань за зялёнай ёлкай да свята. Па дарозе ўбачылі зайца, а да ёлкі так і не дайшлі, бо хутка падыходзіў вечар. Дома ад бацькоў атрымала такія папрокі, што на ўсё жыццё запомніла. Неправільны ўчынак зрабіла. Яна ж дачка настаўнікаў. Іх нельга падводзіць.

Калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, дзяўчына доўга не вагалася. Паступала ў Навазыбкаў на настаўніка замежнай мовы. Але не дабрала балаў. Прыйшлося цэлы год рыхтавацца. На наступны год маці параіла паступаць у Гомель у педінстытут імя В. П. Чкалава (зараз ГДУ імя Ф. Скарыны) на філфак. Прайшла па конкурсу, стала вучыцца. Праз чатыры гады атрымала дыплом настаўніка рускай мовы і літаратуры. Але мара выкладаць нямецкую мову ўсё яшчэ турбавала маладую дзяўчыну.

За гэты час адбыліся змены ў асабістым жыцці. Вярнуўся з вучобы ў Маскве яе каханы Яўген. Іх сяброўства пачалося яшчэ са школы. У адным класе вучыліся. І вось стварылі сям’ю. Да гэтага часу папрацавала год завучам у Хойніцкім раёне, у вёсцы Хвойная паляна, затым вярнулася ў родныя мясціны, дзе жылі і настаўнічалі бацькі. Так сталася, што знайшлося месца ў Жмураўскай школе. Пазней, знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, Тамара Віктараўна скончыла вочна-завочныя курсы замежных моў у Кіеве. Атрымала дыплом з правам выкладання нямецкай мовы. Так мара яе ажыццявілася. Стала выкладаць рускую і нямецкую мовы.

Аднойчы Тамара Віктараўна нас усіх здзівіла, прачытаўшы паэтычнае прысвячэнне калегам. Так паступова яна раскрывала свае здольнасці. У гутарцы са мной з цеплынёй успамінала сваіх лепшых настаўнікаў: Марыю Якаўлеўну Апосталаву, Івана Цімафеевіча Жукава, Марыю Фёдараўну Бандарэнка, Іду Васільеўну Філіпаву, Ірыну Міхайлаўну Мурашка (СШ № 1 г. Рэчыцы), якія вучылі разумець літаратуру, мову адчуваць сэрцам, спасцігаць навуковыя працэсы. На маё пытанне пра прафесію настаўніка, у адказ пачула:

– Прафесія настаўніка – самая цудоўная ў свеце. І карысная для самога настаўніка. Бывае, паўсядзённае жыццё часам праходзіць аднастайна. А выкладчык, рыхтуючыся да ўрокаў па творчасці таго ці іншага пісьменніка, павінен як бы ўжыцца ў свет персанажаў ягоных твораў. Глядзіш, паўсядзённыя бытавыя клопаты адыходзяць на другі план. Жыццё набывае другую афарбоўку. І словы настаўніка не знікаюць без следу: рэхам адгукаюцца ў сэрцах вучняў. Яны бываюць уважлівыя і няўважлівыя, часам гарэзлівыя, але гэта жывыя, шчырыя людзі, якія падымаюцца на ногі, выходзяць на жыццёвы прастор, і настаўнік, разумеючы адказнасць за іх лёс, адчувае сябе трывала. Галоўнае – любіць сваю прафесію, свой занятак. Без гэтага жыць будзе не цікава. На ўсё жыццё засталіся самыя светлыя ўспаміны пра тых вучняў, якіх вучыла. Яны даўно маюць свае сем’і, але калі даводзіцца сустракацца з некаторымі, гляджу на іх як на тых мілых хлапчукоў і дзяўчынак.

Дапоўню партрэт настаўніцы выказваннямі-ўспамінамі былых вучняў, калег.

Марыя Дуброўская: «Наш класны кіраўнік была самай класнай. Памятаю мерапрыемства, прысвечанае 8 Сакавіка. Тамара Віктраўна для ўсіх дзяўчынак зрабіла кароны ў розных намінацыях, і хлопчыкі нас каранавалі. Я была «Міс Гаспадыня». Потым доўга ўспаміналі, што пабывалі каралеўнамі, дзякуючы класнай».

Вольга Архуцік: «Яна яркая жанчына і настаўніца ад Бога. Яе ўрокі былі не толькі пазнавальнымі, але і неслі глыбокі жыццёвы сэнс. Таму і я пайшла ў настаўнікі».

Алена Кацура: «Мне споўнілася сямнаццаць год. Прыходзіць Тамара Віктараўна і віншуе мяне з днём нараджэння. Як было прыемна! Я і цяпер памятаю яе словы: «Успомніш некалі сваё юнацтва і скажаш: дзе мае сямнаццать гадоў?» Яе мацярынская любоў да мяне кранула да глыбіні душы. Яна несла ў сабе дабрыню да нас, вучняў».

Святлана Сашэнка: «Мяне Тамара Віктараўна вучыла нямецкай мове. Дагэтуль словы нямецкія засталіся ў памяці. Ніколі голас не павышала, урокі былі цікавыя, да кожнага вучня мела індывідуальны падыход, патрабавальная, строгая, тактоўная. Настаўніца давала магчымасць дзецям адчуць упэўненасць у сабе, у свае сілы паверыць, дапамагала зразумець, што яны могуць дасягнуць любых мэт, якія паставяць перад сабой».

Марыя Трошка: «Каб мы запомнілі правапіс слоў «оловянный, стеклянный, деревянный» з двума літарамі «н», Тамара Віктараўна падышла да вакна і паказала на фортку. Вызначылі з якога матэрыялу яна зроблена. Усім стала зразумела на ўсё жыццё. Тамара Віктараўна ў маіх вачах паўстае сапраўднай настаўніцай рускай літаратуры. Яна мае культуру мовы, сентыментальнасць, летуценнасць, уменне з густам апранацца. А мы, дзяўчаты, на яе прыкладзе вучымся быць прыгажунямі».

Людміла Іванаўна Анохіна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, дадае:

– Пры падрыхтоўцы да ўрока Тамара Віктараўна старанна прыдумляла магчымасць пошукавых заданняў, распрацоўвала індывідуальныя заданні рознай складанасці, каб у здольных вучняў падтрымліваць жаданне пазнаваць новае, а слабым даваць упэўненасць у сваіх сілах. Прапаноўвала планы, схемы, якія аблягчаюць падрыхтоўку адказаў. На яе ўроках панавала дзелавая атмасфера. Дзеці з захапленнем слухалі сваю настаўніцу, уваходзілі ў цудоўны свет мастацкага слова рускіх пісьменнікаў. Развіццё вуснай і пісьмовай мовы мела месца на кожным уроку. Пры аналізе літаратурных твораў выкарыстоўваліся і веды вучняў па іншых прадметах, звесткі і інфармацыя, атрыманыя ў пазашкольнай рабоце дома, у вольны час.

У цэлым жыццё маёй калегі склалася паспяхова. Клапатлівы, любячы муж Яўген, які заўсёды побач. За ім як за каменнай сцяной. Дзеці: сын Андрэй і дачка Наталля, зяць, нявестка. Яны маюць вышэйшую адукацыю, ды і не адну. Працуюць і радуюць бацькоў сваёй увагай, а пяцёра ўнукаў весяляць дарагіх дзядулю і бабулю. Сумаваць не прыходзіцца. Шкадуе толькі юбілярша, што так хутка імчыць жыццё. Экспромтам выказвае сваё жаданне паэтычнымі радкамі:

За всю свою жизнь повидала немало,

Но только в Париже ещё не бывала.

И в свой день рожденья седой

Хочу быть счастливой, душой молодой!

Думаю, што калі жаданне ёсць, усё здзейсніцца. Жадаю Вам, паважаная Тамара Віктараўна, бадзёрасці, аптымізму і сонечных дзён у далейшым жыцці. З юбілеем!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети