Культура > История

2515

Каб ведалі, каб помнілі…

 +

70-годдзе Вялікай Перамогі – значная дата ў жыцці нашага народа. Ёй было прысвечана шмат мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў Зашчоб’еўскай сярэдняй школе. Адно з іх – экскурсія ў Чырвонабярэжскі мемарыяльны комплекс “Дзецям – ахвярам вайны”, што ў Жлобінскім раёне. Гэта адзіны помнік у краінах былой СНД, прысвечаны дзецям – ахвярам вайны.

Цяжкае і жудаснае відовішча паўстае перад нашымі вачыма. Тры рады белых мармуровых парт перад школьнай дошкай стаяць пад адкрытым небам… Нібы ручаінка паміж імі – чырвоны мармур, сімвалізуючы пралітую дзіцячую кроў. Больш за тысячу дзяцей з навакольных в ёсак загінулі тут. Яны былі донарамі для нямецкіх салдат і афіцэраў. Уражаныя і прыціхлыя стаялі нашы вучні, слухаючы экскурсавода. Пякучая горыч перапаўняла сэрцы, жалобныя слёзы засцілі вочы. Лічу, што нашы дзеці павінны ведаць гэта, помніць, якой цаной дасталася перамога і якія ахвяры прынесла тая кровапралітная вайна.

І яшчэ адно цудоўнае месца наведалі нашы вучні: Чырвонабярэжскі палаца-паркавы ансамбль, пабудаваны ў 19 стагоддзі. Якая прыгажосць ва ўсіх залах палаца! Вучні нібы апынуліся ў мінулым стагоддзі. Дзяўчаты ўяўлялі сябе ў бальных сукенках, хлапчукі – галантнымі кавалерамі. Дзеці ўсё рабілі і рабілі фотаздымкі, не маглі адарвацца ад люстэркаў і канап. У некалькіх залах размешчаны выставы мясцовых мастакоў. Вучні з цікавасцю затрымліваліся каля палотнаў мастацкай галерэі. І час, адведзены для гэтай экскурсіі, неўзабаве праляцеў. Напамінам аб ёй будуць сувеніры, якія дзеці набылі сабе.

Напрыканцы экскурсіі вучні наведалі Жлобінскі заапарк. Крыху стомленыя, але задаволеныя яны ехалі дадому і ўсё прыгадвалі, прыгадвалі, абменьваліся думкамі і марылі аб іншай паездцы ў іншае месца.
 

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети