Культура > История

4784

Азершчынскі хор: няхай гучыць народная песня

 +

Азершчына… Маленькая маляўнічая вёска на беразе двух рэк – Ведрыча і Дняпра… С даўніх часоў любілі ў Азершчыне песню, якая свабодна і радасна гучала ў народзе. Нездарма менавіта тут, у простай сялянскай хаце, з сямейнай пеўчай традыцыі братоў і сясцёр Лапаціных нарадзіўся Азершчынскі народны хор.

Першым яго мастацкім кіраўніком на працягу многіх гадоў была Таццяна Карнееўна Лапаціна – заслужаны дзеяч мастацтваў рэспублікі, кампазітар-аматар.

Таццяна нарадзілася 15 жніўня ў 1891 годзе ў вёсцы Азершчына. У сям’і Лапаціных спявалі ўсе: дзед, бацька, маці, сямёра сясцёр, сваякі. З дзіцячых год Таццяна любіла народныя песні. Яна чула іх у хаце, калі ў зімнія вечары маці прала кудзелю, вясной і летам на полі, асабліва ў час жніва. І гэтыя песні зрабілі незабыўнае ўражанне на маленькую дзяўчынку. Пазней, калі Таццяне было 15–16 год, яна сама любіла разам з сяброўкамі спяваць блізкія сэрцу мелодыі. У час гульняў яна была запявалай, заўсёды была ў цэнтры асноўных выканаўцаў народнага гуляння. Песні ненадоўга заспакойвалі яе сэрца. Да рэвалюцыі яе бацькі і ўся сям’я жылі ў беднасці і нястачы. Ім даводзілася працаваць на памешчыка. Але, негледзячы на гэта, сяляне не гублялі надзеі на лепшую долю. Таму не выпадкова, што яшчэ ў 1905 годзе па сялу хадзіў зборнік рэвалюцыйных песен. Ужо тады дома ў сям’і Лапаціных гучалі баявыя песні – заклікі да барацьбы і свабоды.

З прыходам савецкай ўлады пачалося новае жыццё ў вёсцы і змянілася песня. У 1920–21 гг. па ініцыятыве Таццяны Лапацінай быў арганізаваны музычна-драматычны гурток, ядром якога стала яе сям’я. Таццяна Карнееўна таксама актыўна ўключаецца ў грамадскае жыццё свайго сяла. І ў дні, калі быў арганізаваны калгас, яна ў ліку першых стала працаваць у калектыўнай гаспадарцы. Доўгі час яна была радавой калгасніцай, потым выхавальніцай на дзіцячай пляцоўцы, а пасля сканчэння курсаў у Рэчыцы – бібліятэкарам хаты-чытальні ў вёсцы Азершчына.

Адзін са знамянальных дзён у жыцці Таццяны Карнееўны – 20 жніўня 1936 года. У гэты дзень з Рэчыцы на ўсю Беларусь трансліраваўся канцэрт жаночага сямейнага хору Лапаціных. І загучалі па ўсёй рэспубліцы народныя песні. У 1937 годдзе хор упершыню быў запрошаны ў Мінск на другі Рэспубліканскі агляд мастацкай самадзейнасці, на якім заняў першае месца. Хор стаў вядомы не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі. У 1939 годдзе адбылося першае выступленне хора ў Маскве на Усесаюзнай гаспадарчай выставе. Праз год беларускія песні ў выкананні хору зноў гучалі ў Маскве, дзе праходзіла дэкада беларускага мастацтва. Затым хор выступаў на заключным канцэрце дэкады ў вялікім Акадэмічным тэатры. На канцэрце прысутнічалі члены ўрада і сам І.В.Сталін. Калі хор скончыў выступленне, Сталін узняўся са свайго месца і пачаў апладзіраваць. Назаўтра калектыў быў запрошаны ў Крэмль, дзе М.І. Калінін уручыў Таццяне Лапацінай ордэн «Знак Пашаны». Аб творчасці самадзейных артыстаў з вёскі Азершчына расказала сваім чытачам газета «Праўда».

Таццяна Карнееўна з першых дзён творчай і выканаўчай працы хору паказала сябе добрым кіраўніком, выхавальнікам, арганізатарам і знаўцам як традыцыйнай песні, так і сучаснай савецкай. Яна падбірала рэпертуар, развучвала новыя песні, адшуквала складальнікаў прыпевак і песень, разам з імі апрацоўвала і шліфавала тэксты і мелодыі. Адначасова з ростам хору расла і сама Лапаціна. Павышаўся ўзровень яе творчай працы, накапліваўся вопыт канцэртнай дзейнасці. Гады Вялікай Айчыннай вайны часова спынілі дзейнасць хора. Потым, пасля Перамогі, Лапаціна прыложыць нямала намаганняў, каб стварыць для хору вялікую праграму з песень партызан і аб партызанах. За вялікі ўклад у развіццё самадзейнай творчасці Лапацінай ў 1949 годдзе было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР». А ў 1962 годдзе хору прысвоена званне «Народны».

Як нясе свае магутныя хвалі Днепр, так і далей даносіць да нас самабытную беларускую песню Азершчынскі народны хор імя Таццяны Карнееўны Лапацінай. Песні ў яго выкананні магчыма пачуць на гарадскіх і раённых мерапрыемствах.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети