21/11/2017

Чорнае крыло вайны над Казазаеўкай

Праязджаючы па вёсцы Казазаеўцы, я мімаволі задумвалася пра жыццё яе жыхароў у час ваеннага ліхалецця. Аб гэтым мне расказала карэнная жыхарка вёскі Казазаеўка Ніна Міхайлаўна Ахрамчук. Зараз ёй 84 гады. На пачатак вайны ёй было восем гадоў.

Праязджаючы па вёсцы Казазаеўцы, я мімаволі задумвалася пра жыццё яе жыхароў у час ваеннага ліхалецця. Аб гэтым мне расказала карэнная жыхарка вёскі Казазаеўка Ніна Міхайлаўна Ахрамчук. Зараз ёй 84 гады. На пачатак вайны ёй было восем гадоў.

Ніна Міхайлаўна Ахрамчук  з дачкой Таццянай
Ніна Міхайлаўна Ахрамчук з дачкой Таццянай

Першых немцаў яна ўбачыла ў жніўні 1941 года, яны ехалі на матацыклах па вуліцы і нешта гергеталі на сваёй мове. Жыхарам стала вядома, што робяцца аблавы на яўрэяў. Многія з іх з'ехалі з вёскі, а Рыгор Ісакавіч Славін яшчэ да вайны быў жанаты на цётцы Ніны – Фёкле Дуброўскай, беларусцы. Па дакументах быў беларусам і застаўся ў вёсцы. Дзве яго сястры Рыся і Дворка жылі на вуліцы Савецкай. І вось аднойчы немцы з аўтаматамі ў руках схапілі пры чарговай аблаве ўсіх Славіных: Рыгора, Рысю, Дворку. Суседзі змаглі даказаць, што Рыгор Славін не яўрэй, падкупіўшы вартавых. Суткі патрымаўшы, яго адпусцілі, а дзяўчат павялі расстрэльваць на тэрыторыю туберкулёзнага санаторыя. Але Дворцы пашчасціла. Яна засталася жывой. Рыся прыкрыла яе сваім целам і абедзве зваліліся ў роў. Ноччу Дворка выпаўзла з ямы і прыбегла да Рыгора. Той некалькі дзён хаваў яе. Затым дзед Піліп завез яе на кані да сваіх знаёмых у вёску Холмеч.

Яна працавала нянькай увесь час. Там і памерла. Сын Рыгора Славіна, пятнаццацігадовы Шура, быў у партызанах, пазней ваяваў на фронце і загінуў. Адна з дачок Славіна зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу, захоўваючы кнігу «Памяць», дзе ўвекавечана іх прозвішча. А Рыгор Ісакавіч Славін у пасляваенны час кіраваў біржай. У 1964 годзе памёр. Яго жонка Фёкла завяла сямейную традыцыю: Дзень вызвалення Рэчыцы і раёна адзначаць на свята Міхайла. Гэта і дзень памяці ўсіх забітых у час вайны, усіх Міхайлаў, якія былі ў іх родзе. Гэта традыцыя працягваецца і па сённяшні дзень у сям'і Ніны Міхайлаўны.

Са слязамі на вачах успамінае мая субяседніца, як аднойчы вялізны сабака насіў у зубах па вуліцы чарнявую галоўку яўрэйскага дзіцяці. Маці адабрала яе ў сабакі, загарнула ў посцілку і пахавала на мясцовых могілках.

Усім было вядома, што за ўкрывацельства яўрэяў пагражала смяротнае пакаранне, але людзі не баяліся. Старая жанчына Елізавета Гаўрылава хавала некалькі яўрэйскіх дзяцей. У гэтым ёй дапамагалі сяброўкі. А ў вёсцы Жмураўцы вядомы гарманіст Гарошка хаваў Хаю Кофман. Яна выжыла.

Аднойчы немцы на лузе праводзілі свае вучэнні. Трасіруючыя кулі ляцелі ў бок вёскі, трапілі ў хлеў, пачала гарэць уся вуліца ІІ Палявая. Згарэла пяць дамоў. Немцы не давалі тушыць. Гэта для іх была такая забава.

Перад днём вызвалення немцы заварушыліся, як восы. Па вуліцы ў бок Рэчыцы гналі павозкі з награбленым дабром. Радасна было ўсведамляць, што хутка прыйдуць нашы. Малыя – цікаўны народ. Маці не дазваляла выглядваць на вуліцу, але ж маленькая Ніна падгаварыла бабу Кацю выйсці на вуліцу каля сваёй хаты ўвечары. З боку поля на кані імчаў коннік. Спыніўся каля іх і спытаў: «Немцы ёсць?» – «Яны, як мышы, уцякаюць. Ад нас ужо выбраліся», – адказала бабуля. Гэта быў партызанскі разведчык.

Яшчэ хачу расказаць пра адзін выпадак таго часу, запісаны са слоў былой жыхаркі вёскі Жмураўкі Валянціны Лёгенькай.

– Бацька заўсёды любіў глядзець ваенныя фільмы і ўспамінаць свае франтавыя будні. А маці ніколі не падыходзіла да тэлевізара. Дзеці дапытваліся: «Чаму?» І вось аднойчы яна раскрыла сваю нецікаўнасць да ваеннай тэматыкі.

Калі прыйшлі немцы ў вёску, то выганялі гаспадароў на вуліцу, а самі сяліліся ў хаты. Так здарылася і ў іх. У канцы агарода выкапалі зямлянку, уладкавалі і сталі там жыць. Маці немцы прымусілі гатаваць ім ежу. На той час, 23 лютага 1943 года, нарадзілася ў яе маленькая дачушка. Назвала Верачкай, бо верыла ў Перамогу, муж быў на фронце.

Вось прыйшла гатаваць немцам сняданак, узяўшы малую. Ёй было яшчэ ўсяго два тыдні. Паклала дзіця на запечак. Немцы ядуць, а дзіця заплакала. Адзін з немцаў пачаў крычаць на сваёй мове, каб супакоіла малую. Але маці не магла нічога зрабіць. Дзіця плакала. Тады гэты немец схваціў скрутак з малой і кінуў у печ, дзе яшчэ свяцілася вуголле. Маці ў лямант, а той кат толькі смяецца. Тут падхапіўся з-за стала старэйшы немец і выхапіў немаўлятка з агню, даказваючы, што гэта ж «кляйнэ кіндер». Выратавала маленькую Верачку тое, што была ўкручана ў тоўстую коўдру. Маці схапіла дзіця і, калоцячыся ад страху, куляй вылецела з хаты. Верачка засталася жыць.

Так, вайна закранула сваім чорным крылом амаль кожную сям'ю. Няўмольна бяжыць час, які аддаляе нас ад трагічных падзей Вялікай Айчыннай. Але памяць людская адкрывае ўсё невядомыя старонкі жыцця маіх аднавяскоўцаў.



--- взято с сайта dneprovec.by ---