Культура > История

791

Ветэраны зямлі Рэчыцкай. «Каб памяталі, што мы змагаліся і атрымалі Перамогу»

 +

Са слоў Аркадзя Куляшова, беларускага паэта, пачну свой аповед пра ўдзельнікаў Вялікай Айчынная вайны, жыхароў вёскі Броннае:

Хачу, каб так і слова – не жалезнае,

Знаёмае з пакутай і слязьмі, –

Ад славы і імёнаў незалежнае,

Трымала сувязь з часам і людзьмі.

Мітрафан Піліпавіч Рудэнка
Мітрафан Піліпавіч Рудэнка

З хваляваннем чытаю ўспаміны Мітрафана Піліпавіча Рудэнкі, 1922 г. н., якія прапанавала бібліятэкар бронненскай бібліятэкі Галіна Мікалаеўна Кісель. Жыццёвыя крокі па гэтай зямлі спыніліся, але голас ветэранаў гучыць і сёння. Перад вачыма праходзяць падзеі тых часоў, геаграфія Вялікай Айчыннай вайны. Цяжкія выпрабаванні вынеслі яны на сваім жыццёвым шляху, былі паранены, але атрымалі Перамогу. Яны пражылі з годнасцю і думалі пра нашчадкаў.

З 21 на 22 чэрвеня 1941 года ў СШ № 1 г. Рэчыцы, якая знаходзілася каля запалкавай фабрыкі, праходзіў выпускны баль дзесяцікласнікаў. Было весела, гучаў смех, чакала светлае будучае і танцы з прыгажунямі-дзяўчатамі. Вярнуўся дахаты ў вёску Броннае Мітрафан раніцай 22 чэрвеня. Настрой быў прыўзняты. У руках атэстат за 10 класаў, а далей ажыццяўленне мары – тэхнічны інстытут у Ленінградзе. Пачаў распранацца, каб адпачыць, але па правадным радыё на вуліцы Савецкай прагучала аб'ява пра напад нямецкіх войск на СССР. Усе планы парушаны. Вайна.

Праз некаторы час па вуліцы пайшлі бежанцы з Рэчыцы, у асноўным яўрэі, у веску Гарошкаў.

15 ліпеня 1941 года Мітрафан Рудэнка быў прызваны ў Чырвоную Армію. Усіх прызыўнікоў 1922–1923 г. н. Рэчыцкага раёна на таварным цягніку з Навабеліцы завезлі на станцыю «Рада» каля Тамбова, дзе праходзілі падрыхтоўку для ўдзела ў вайне. Калі нямецкія самалёты пачалі далятаць да Тамбова, іх запасны 27-ы полк пехатой адыйшоў да станцыі «Каменка» Пензенскай вобласці. Там працавалі ў калгасах і чакалі пагрузкі да далейшага пункта назначэння. Павезлі ў г. Петрапаўлаўск па рацэ Ішым Казахскай ССР. Мароз у снежні 1941 г. да мінус 40 градусаў, а абмундзіраванне летняе, ну і намерзліся. Пасля падрыхтоўкі ў студзені 1942 года павезлі на фронт. Спыніліся каля ракі Паўночны Данец. Юнака забралі ў часць знішчальнага батальёна 1053-га стралковага палка. У баях быў двойчы паранены, удзельнічаў у баявых дзеяннях трэцяга Беларускага фронта. Затым штурм Кенігсберга. Тут і сустрэў дзень перамогі. Ваяваў на Далёкім Усходзе з Японіяй. Пераправіліся праз раку Амур, уступілі ў бой з Квантунскай арміяй і занялі горад Хэйхэ на Амуры. Вайна для Мітрафана Піліпавіча скончылася 2 верасня 1945 года. Дамоў вярнуўся са шпіталя г. Ташкента ў канцы лютага 1946 года інвалідам II групы. На яго грудзях зіхацелі ўзнагароды: медаль «За адвагу», ордэн Вялікай Айчыннай вайны, два ордэна Чырвонай зоркі.

У пасляваенны час скончыў Гомельскі педінстытут і працаваў дырэктарам Вятхінскай школы. У апошнія гады жыцця ўзначальваў ветэранскую арганізацыю Жмураўскага сельскага Савета.

Выхаваў двух сыноў: Уладзіміра і Васіля, якія ажыццявілі юнацкую мару свайго бацькі: Уладзімір працаваў на станцыі тэхабслугоўвання, а Васіль стаў інжынерам-праграмістам. Пяцёра ўнукаў Мітрафана Піліпавіча крочаць па свабоднай беларускай зямлі.

Ірыней Паўлавіч Гапоненка з жонкай
Ірыней Паўлавіч Гапоненка з жонкай

А Гапоненка Ірыней Паўлавіч, 1914 г. н., гвардыі старшы сяржант, персанальны пенсіянер абласнога значэння, прайшоў баявы шлях з першага да апошняга дня вайны. Якім ён быў?

Пасля заканчэння Рэчыцкага педрабфака быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі ў лістападзе 1939 г. У горадзе Луга вучыўся ў школе малодшага каманднага састава (АІР – артылерыйская інструментальная разведка) Ленінградскай акругі. На вайну з фінамі не трапіў, бо быў год на вучобе. У маі 1941 года быў адпраўлены ў 43-і артылерыйскі Чырвонасцяжны полк, які знаходзіўся ў горадзе Юлімякі (Фінляндыя). За чатыры дні да пачатку вайны дывізіён выехаў на стрэльбішча палігона каля фінскай мяжы. Уступілі ў бой 22 чэрвеня раніцай, калі пачалася вайна. Фіны неслі вялікія страты, але нашы не адступілі. Праз 16 дзен быў загад накіроўвацца на абарону Масквы. Прыбылі на станцыю «Аленіна» і ўвесь час знаходзіліся ў раёне горада Ржэва, а таксама Крапіўнае, Дзямідава. За вызваленне Дзямідава быў узнагароджаны медалем «За адвагу». Другога студзеня 1942 года пры наступленні на Ржэў атрымаў кантузію, але застаўся ў страі. Было цяжка, але байцоў падтрымлівалі масквічы. Прысылалі пасылкі, лісты, у якіх пісалі, што вераць у нашу перамогу. У перыяд зацішша воіны пісалі адказы: «Не дапусцім ворага ў Маскву і ўсё роўна вернемся з перамогай».

Ніколі не забудзецца такі эпізод. Перапраўляліся праз невялічкую рачулку па драўляным масту. Трактар-цягач прайшоў, а пушка правалілася. Пакуль выцягвалі яе, з вёскі прыйшлі жанчыны і дзеці. З імі быў сівы дзед з іконай у руках, апрануты ў белую кужэльную рубаху і штаны, высокага росту, з прыгожай сядой барадой, падышоў да нас і сказаў:

– Сынки, благославляю вас на ратные подвиги, чтобы вы победили. Дай Бог быть невредимыми, и хоть не так скоро, но вы победите. Россия непобедима!

Праз усю вайну Ірыней пранёс у сэрцы словы дзеда. Было цяжка, не спалі па 2–3 дні. Змагаліся людзі розных нацыянальнасцяў. Усе былі між сабой як браты. Вызвалялі Бешанковічы, Лепель. Куля мінала салдата. Далей ішлі на Баўск. З Баўскага напрамку накіравалі на Шаўляй, далей пайшлі на Кенігсберг. І. П. Гапоненка быў тапографам-вылічальнікам. Батарэя была перададзена ў распараджэнне маршала Баграмяна. На адным квадратным кіламетры знаходзілася 400 ствалоў артылерыі. Гэта была вялікая моц. Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі да байцоў сталі пераходзіць немцы, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне, са словамі: «Сталін гут, Гітлер капут». Ішлі ў бой салдаты з заклікам «За Радзіму, за Сталіна!» Кенігсберг быў вызвалены за два з паловай дні. Мясцовае насельніцтва сустракала вызваліцеляў з кветкамі. Атрымаў медаль «За адвагу». Правей Данцыга знішчалі нямецкую групіроўку. Вайну скончыў 11 мая 1945 года. Заўсёды здзіўляўся: смерці глядзеў прама ў вочы, а яна яго абмінала. Быў такі выпадак: асколак снарада трапіў у спражку рамня і не пашкодзіў. Відаць, нарадзіўся ў кашулі. Быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, ордэнам Айчыннай вайны і шасцю медалямі. Атрымаў ліст-падзяку за подпісам маршала Ракасоўскага.

У мірны час працаваў там, куды накіроўвала партыя.

Гэтых ветэранаў ужо няма побач з намі. А іх сувязь з часам і людзьмі застаецца. Нам, жывым, іх пажаданні гучаць і зараз:

– Усім здароўя, дабра і шчасця, мірнага неба. Каб памяталі, што мы змагаліся і атрымалі Перамогу над ворагам дзеля міра і шчасця на зямлі.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети