08/09/2017

Аперацыя «агуркі»

Успаміны майго далёкага басаногага дзяцінства такія светлыя, а часам камічныя… Раскажу аб адным выпадку.

Успаміны майго далёкага басаногага дзяцінства такія светлыя, а часам камічныя… Раскажу аб адным выпадку. Мы з сябром Вовам ішлі ўздоўж вясковай вуліцы. Было горача, мы ўжо падумвалі: ці не пабегчы нам на сажалку, або на раку Друць пакупацца? Раптам за спіной пачуўся дробны тупат. Азірнуліся і ўбачылі, што да нас спяшаецца наш сябрук Колька, раскудлачаны і ўсхваляваны, з таямнічым выразам на твары. Аддыхаўшыся, ён усхвалявана пачаў расказваць:

– Ведаеце, хлопцы, я разведаў, што расце ў агародзе дзеда Антонькі!

– Ну, і што ты там цікавае ўбачыў? – запыталі мы.

Колька гундосіў, не выгаварваў гук «р». Замест яго атрымовываўся гук «н». Чулася так:

– Вы не паверыце, але ў дзеда растуць незвычайныя агункі.

– Такія ўжо незвычайныя? – не здаваліся мы.

– Але яны такія вялізныя, што аднаго агунка нам хопіць на траіх.

І мы згаварыліся, што вечарам, як толькі сцямнее, наведаемся ў дзедаў агарод за агуркамі. Нельга было сказаць, што ў нашых бацькоў не было агарода, або саду ці мы хадзілі галоднымі. Зусім не. Але ж залезці вечарам у чужы агарод – гэта было так цікава, таямнічна і рамантычна!

Звячарэла. Мы падышлі да дзедавага агароду, пералезлі праз плот і папаўзлі да запаветнай градкі.

Навобмацк знашлі… агуркі. Яны і сапраўды былі незвычайна вялізныя. Адарвалі па аднаму і палезлі назад праз агароджу, а Колька штосьці затрымаўся. Мы ціхенька пазвалі яго і стаялі ў чаканні. Нарэшце з'явіўся і Колька, штосьці мармычучы сабе пад нос. Мы пацікавіліся:

– Што здарылася?

– Ды ведаеце, хлопцы, я рашыў на месцы паспрабаваць, ці смачныя агуркі. Гнызь, гнызь, а гэта ніякі не агунок, а ганбуз.

Як жа мы смяяліся… А трэба сказаць, што ў той час у нас кабачкі не сажалі, а толькі агуркі да гарбузы. І, як вы здагадаліся, мы здабылі не агуркі, а кабачкі. Вось дык адкрыцце!

А да Колькі з таго часу прыліпла мянушка «Ганбуз».



--- взято с сайта dneprovec.by ---