Общество > Нам пишут

1317

Артыкул зачапіў рэчычаніна. Водгалас нардукаванага. Уражанні чытача

 +

У той жа дзень, як у «Дняпроўцы» з’явіўся цікавы артыкул Пятра Рабянка «Арцём, Якаў ды Філімон», мне патэлефанаваў пенсіянер, жыхар пасёлка Храбры, былы старшыня Ровенскаслабодскага сельскага Савета Андрэй Андрэевіч Сівуха. З душэўным хваляваннем распавёў пра аднаго з братоў Каракаў – Філімона Гаўрылавіча.

Аказваецца, яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны яму давялося ведаць і сустракацца са згаданым вышэй чалавекам, бо той рабіў старшынёй калгаса «Вызваленне», што функцыяніраваў у вёсцы Гасцівель. Філімон Гаўрылавіч кантактаваў з сям’ёй Андрэя Андрэевіча і з тае нагоды, што ягоны бацька, Андрэй Епіфанавіч, гэтаксама быў старшынёй калгаса – прасёлкаў Храбры і Стражынскі. І яны, кіраўнікі гаспадарак, нярэдка заходзілі адзін да другога.

А. А. Сівуха, тады падлетак, добра запамятаў добрыя словы і бацькі, і вяскоўцаў пра руплівасць старшыні з Гасцівеля, за ягонае жаданне быць прыкладам для іншых у кожнай працы: з касой-літоўкай, з плугам, пры стагаванні сена ці саломы… А неяк такое ж харошае слова Андрэй пачуў ад Філімона Гаўрылавіча і пра сябе – за старанную вучобу ў школе і дапамогу калгаснікам у полі.

На чале з рупліўцам-старшынёй гасцівельскі «Вызваленец» шпарка сягаў на ніве сельскагаспадарчай вытворчасці. Але згаданаму кроку перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Пайшоў на фронт бараніць Айчыну і Ф. Г. Карака.

А сталася так, што Філімон назад вярнуўся падчас Рэчыцка-Гомельскай наступальнай аперацыі.

13 лістапада 1943 года, калі немцы пад ударамі савецкіх войскаў збеглі з Гасцівеля ды бліжэйшых населеных пунктаў, ў Гасцівелі дзеля адпачынку на некалькі дзён супыніліся чырвонаармейцы. І, як згадвае А. А. Сівуха, надта шмат было шчырай радасці, калі ў ягонай роднай вёсцы з`явіўся з салдатамі малады ды прыгожы капітан. То і быў Ф. Г. Карака.

Сабраліся не толькі вяскоўцы, але і партызаны. На вуліцу высыпалі старыя, жанчыны, дзятва. Былі абдымкі з пацалункамі, а колькі радасці!

Мінуліся колькі дзён, і ў Храбры верхам на кані прыехаў салдацік, які быў не з тых, якія тут адпачывалі. Зазірнуў у адзін з двароў пасёлка, угледзеў там коніка і, пагражаючы аўтаматам, забраў сялянскага памочніка, пакінуўшы кабылку-дахляка.

Пагалоска пра здарэнне надта хутка пакацілася па Храбрым. Маці А. А. Сівухі падказала хуценька расказаць пра рабаўніцтва Ф. Г. Караку. Праз паўгадзіны Андрэйка быў ужо ў Гасцівелі. Выслухаўшы, Філімон Гаўрылавіч параіў падлетку ісці дадому. Сам жа накіраваўся ў бок вёскі Падроўнае. Андрэйка следам.

І вось першыя ж падворкі. З’явіўся і конік, на якім з аўтаматам на грудзях і ладным слоікам самогону сядзеў салдацік, што нядаўна «паказаў сябе» у Храбрым.

Супыніўшы каня, Філімон Гаўрылавіч сцягнуў крыўдзіцеля вяскоўцаў на зямлю. Не стрымаўшыся, агрэў таго поўху. А потым прымусіў рабаўніка адвесці каня гаспадарам, папрасіўшы ў тых прабачэння.

Пачутае мной ад Андрэя Андрэевіча Сівухі – як бы працяг аповеду пра аднаго з братоў Каракаў, рупных працаўнікоў і ваяроў, якія пакінулі за сябе добрую славу паўсюдна, дзе давялося мець стасункі з людскою грамадою.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети