Общество > Нам пишут

5238

Людзі зямлі Рэчыцкай: Памяці Навуменкі прысвячаецца

 +

Узяцца за пяро мяне прымусілі дзве важныя падзеі, што адбыліся ў нас. Па-першае, нядаўна выйшла з друку кніга «Летуценнасць і вялікія здзяйсненні» – успаміны пра Івана Якаўлевіча Навуменку, што былі прысвечаны Году навукі.

Кніга была выдадзена Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. Укладанне і прадмова да кнігі доктара філалагічных навук, прафесара, член-карэспандэнта НАН Беларусі С. С. Лаўшука (дарэчы, нашага земляка, ураджэнца г. Васілевічы). Гэта дзякуючы яму наша бібліятэка атрымала такі каштоўны падарунак з вельмі цёплым, шчырым суправаджальным лістом.

А зараз другая прычына – 16 лютага нашаму славутаму земляку споўнілася 93 гады.

Нарадзіўся І. Я. Навуменка 16 лютага 1925 года ў г. Васілевічы ў сям’і рабочага-чыгуначніка. Вельмі рана прыахвоціўся да чытання мастацкай літаратуры. Першыя пробы пяра зрабіў яшчэ ў школе. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны (да вайны закончыў 9 класаў мясцовай школы) прымаў удзел у дзейнасці Васілевіцкага камуністычнага падполля, быў байцом партызанскага атраду. Пасля вызвалення родных мясцін быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях пад Ленінградам, на Карэльскім пярэсмыку, ва Усходняй Прусіі і Сілезіі. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся працаваць у абласную газету «Бальшавік Палесся».Тады паступіў завочна на філалагічны факультэт БДУ, закончыў яго з чырвоным дыпломам. Актыўна друкаваўся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Работніца і сялянка», газетах «Звязда», «Літаратура і Мастацтва», «Чырвоная змена», «Мінская праўда», «Літаратурная газета» і інш.

Першы зборнік апавяданняў «Сямнаццатой вясной» выйшаў у 1957 г., потым яшчэ два: «Хлопцы-равеснікі» (1958 г.) і «Верасы на выжарынах» (1960 г.).

Многія крытыкі ўжо тады назвалі яго талент шматабяцаючым. І не памыліліся. Празаічнае майстэрства І. Навуменкі з году ў год, ад кнігі да кнігі няўхільна ўзрастала. Ад твораў малой формы ён пераходзіць на шырокія эпічныя прасторы. Яго раманы «Сасна пры дарозе» (1962 г.), «Вецер у соснах» (1967 г.), «Сорак трэці» (1973 г.), «Смутак белых начэй» (1979 г.), «Летуценнік» (1984 г.), «Асеннія мелодыі» (1987 г.). Гэтыя творы па праву адносяцца да лепшых здабыткаў беларускай літаратуры.

Але наш славуты зямляк вядомы не толькі як пісьменнік, ён плённа займаўся навукова-даследчай і выкладчыцкай дзейнасцю на філфаку БДУ. Паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю «Тэма працы ў творчасці Якуба Коласа», у 1968 г. – доктарскую дысертацыю «Канцэпцыя чалавека ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа». Становіцца прафесарам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры БДУ ім. Леніна.

У 1972 г. ён быў абраны член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР, праз год стаў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы. Наступная кар’ерная прыступка – абранне акадэмікам (1980 г.), прызначэнне на пасаду віцэ-прэзідэнта (1982 г.). На жаль, у гады перабудовы пасаду віцэ-прэзідэнта па гуманітарных навуках скасавалі. У 1992 г., прабыўшы дзесяць гадоў на пасадзе саветніка Прэзідыўма НАН Беларусі, Іван Якаўлевіч вяртаецца ў інстытут культуры. На пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка ён прабыў з 2002 па 2004 г. Гэта былі апошнія запісы ў яго працоўнай кніжцы. Яго працоўны подзвіг высока адзначаны. Ён узнагароджаны ардэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі (1985 г.), Працоўнага Чырвонага сцяга (1975 г.), Чырвонай Зоркі (1945 г.), Айчыннай вайны 2-й ступені (1985 г.), медалямі. Яго імя носіць адна з вуліц г. Мінска і, што нам асабліва прыемна, – наша гарадская бібліятэка г. Васілевічы. Пры бібліятэцы існуе музей «Літаратурныя Васілевічы», значнае месца ў ім адведзена Івану Навуменку.

А зараз некалькі слоў пра кнігу ўспамінаў. Тут кожны чытач можа знайсці для сябе многа новага і цікавага з жыцця славутага пісьменніка. Шмат цёплых слоў выказалі ва ўспамінах нашы землякі: С. Лаўшук «Па-добраму, па-зямляцку», А. Астапенка «Там, дзе вырас славуты васілевец», В. Ярац «Дыптых памяці», В. Якавенка «Іван ды Ганна, сястра яго…», У. Ліпскі «Ганаруся сваім земляком».

Для многіх маладых творцаў ён быў настаўнікам, дарадцам, суровым і справядлівым крытыкам. Ва ўспамінах кожнага аўтара адчуваецца вялікая любоў і павага да І. Навуменкі.

В. Карамазаў у артыкуле «Ад роднай хаты» піша: «У малай радзіме ён бачыў усю краіну, увесь народ. Родным кутом яму ўяўляўся не толькі лес. Ён быў сынам чыгуначніка, вырас на чыгуначнай станцыі, пад яе таполямі, і з любоўю пісаў пра свае: пра паравозныя гудкі, жыццё, пра рэйкі, якія вабілі яго ўдалячынь па сваю мару, пра паязды, якія прабегалі міма, будзілі ў ім рамантыку далёкіх падарожжаў. Пра старыя таполі, што раслі на станцыі, пры чыгунцы, і дрэвамі ў яго вачах былі незвычайнымі, як і пасажыры ў вагонах, як усе, хто тут на чыгуначнай станцыі жыў».

І. Навуменка быў добрым апавядальнікам, вялікім аматарам ціхага палявання. Шмат месца ў яго творах адводзіцца збору грыбоў, для яго гэта быў сапраўдны рытуал.

Многія аўтары ўспамінаў апісваюць яго знешнасць, параўноўваючы яго з волатам, зубрам. Светлы адкрыты твар, вясёлыя гарэзлівыя вочы, спецыфічна навуменкаўскі жэст адкідаць з ілба непакорлівыя валасы.

Кніга ўспамінаў на мяне ўздзейнічала вельмі моцна, адкрыла шмат новага і цікавага, хаця, здаецца, ўжо ўсё пра гэтага чалавека, пісьменніка ведала. Лічу, што кніга «Летуценнасць і вялікія здзяйсненні» спадабаецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй беларускай навукі, культуры, літаратуры. Упэўнена: не застануцца абыякавымі да гэтага выдання і жыхары г. Васілевічы. Прыходзьце ў бібліятэку – кніга чакае Вас!

Закончыць свой допіс хачу словамі Ніны Загорскай з успамінаў «Мой Навуменка». «Ён быў айсберг: толькі вяршыняй на паверхні. Магутны. Надзейны. З такім не страшна ісці ў самую рызыкоўную разведку.

Жыў, быў. Жыве, ёсць. Будзе, асілак, велікан… Постаць. Мой… Наш Навуменка – акадэмік, пісьменнік. Чалавек з вялікай літары – Іван Якаўлевіч Навуменка».

Шчыра дзякую складальнікам, выдаўцам гэтай кнігі, кнігі-споведзі, кнігі-падручніку жыцця. Асаблівая ўдзячнасць Сцяпану Лаўшуку за любоў і пашану, павагу да сваёй малай Радзімы, г. Васілевічы.

З павагай і ўдзячнасцю, Антаніна БОБР, г. Васілевічы

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети