Общество > Нам пишут

2871

Гісторыі ад жыхароў Рэчіцкага раёна. Развітанне

 +

Была ўжо восень. Дрэвы скідалі апошняе лісце. Сонца даўно ўжо схавана за хмарамі. Стары выйшаў на двор. Засмучаным позіркам агледзеў гаспадарку. Усё ладком. Паспеў падрамантаваць плот. Парадак усюды. Паспеў згуляць свой юбілей. А тут такая навіна – анкалогія. Нічога не зробіш, трэба трымацца. Ён узяў ровар з-пад павеці і вырашыў праехаць па вёсцы ў апошні раз, каб назаўсёды ўвабраць у сваю памяць мілыя вобразы родных мясцін.

Вось рака нясе сваю плынь. На ёй прайшло усё жыццё: і рыбай радаваў сям'ю, і кароўцы сена нарыхтоўваў, і адпачываў сям'ёй. Пад'ехаў да сынавай хаты. Пастараўся з жонкай, збудавалі прыгожую цагляную сядзібу. Няхай гаспадараць маладыя. Дапамаглі і меншаму з будоўляй. Па дарозе раз-пораз сустракаўся з аднавяскоўцамі, вітаўся, гутарыў пра надзённыя справы. Стаміўшыся, вярнуўся дадому. Здаецца, усё ўбачыў. На душы паспакайнела.   

Увечары доўга сядзеў за сталом і гаманіў са сваёй гаспадыняй. Шмат добрых слоў у яе адрас сказаў:

– Ты, Ганна, не журыся па мне. Пражылі з табой добрае жыццё, вырасцілі двух сыноў, дачакаліся ўнукаў, праўнучак з'явіўся, хата добрая ў нас. Усе выгоды ёсць. Дзякуй табе за тваю дабрыню, пяшчоту. Калі што трэба, звяртайся да сыноў, нявестак. Яны ў бядзе цябе не пакінуць.

Жонка са здзіўленнем зірнула на мужа:

– Нешта ты, Мікола, разгаманіўся, ідзі ўжо спаць.

Ён паслухмяна пайшоў у свой пакой. Доўга варочаўся ў ложку. Усё ўспамінаў сваё жыццё, сваіх знаёмых. Раптам пранізлівы боль пекануў у сэрца. Перад вачыма ўсё закружылася, нібы ў каруселі. Паспеў толькі ціха прашаптаць:

– Бывайце, мае дарагія!

Так ён адышоў у іншы свет, каб цяпер існаваць побач з зоркамі.

На другі дзень сабраліся родныя, знаёмыя, сябры, каб правесці ў апошні шлях. Успаміналі свайго Міколу добрым словам.

А на вуліцы шумеў галінамі дрэў ветрык, за агародам рака буйнымі хвалямі білася аб бераг, а чайкі працяжна кігікалі.

Ніна ТРОШКА, в. Жмураўка

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети