Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. «Салодкая» елачка
Источник: Dneprovec.by Фото: з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар
У хаце ціха, толькі гадзіннік не спыняе свой несупынны бег часу. За вакном пачатак зімы. Хутка трэба ставіць ёлку, сустракаць Новы год. Бабуля пераглядае ў каробцы ёлачныя цацкі. Успаміны пра першую навагоднюю ёлку, якая прынесла ў яе дзіцячае сэрца столькі радасці, найбольш ярка выступаюць з мінулага.
Яна была зусім маленькая. У сям'і грошай было няшмат. Маці ашчадна іх траціла на адзенне, абутак дзяцей. Пра прысмакі прыходзілася толькі марыць. Старэйшыя брат і сястра падслухалі патаемныя жаданні малодшай і вырашылі зрабіць ёй навагодні падарунак. Тата прынёс з лесу елачку, а маці купіла розных цукерак, пячэння. Старэйшыя дзеці нарабілі папяровых гірлянд са сцяжкамі і сняжынкамі. На галіны елачкі развесілі салодкія пачастункі. Лясныя арэхі загарнулі ў залацістыя абгорткі і ўпрыгожылі лясную прыгажуню бліскучымі пацеркамі.
Раніца. Святочны дзень. Дзяўчынка прачнулася і ўспомніла свой салодкі сон. Нібыта Дзед Мароз прынёс ёй шмат цукерак. Гэта было казкай! Яна хуценька ўсхапілася з ложка і пабегла да маці, каб расказаць ёй пра свой дзівосны сон. Але праз колькі крокаў спынілася. У цэнтры пакоя стаяла казачная елачка. На ёй рознымі колерамі пераліваліся адлюстраванні яе сну. Дзяўчынка не паверыла. Падышла да лясной госці, дакранулася. Гэта быў не сон.
– Матулечка, у нас з'явілася «салодкая» елачка! Гэта падарунак Дзеда Мароза. Цяпер мы можам кожны дзень атрымліваць цукеркі ад яе! – з захапленнем закрычала малая.
А брат і сястра таямніча, па-змоўніцку, усміхаліся. Парадавалі сястрычку.
Прайшло шмат гадоў, дзяўчынка стала бабуляй. І кожны год упрыгожвае навагоднюю ёлку не толькі сучаснымі цацкамі, але і смачнымі цукеркамі, каб унукі парадаваліся.