Пішуць жыхары Рэчыцкага района. Крыж-абаронца
Источник: Dneprovec.by Фото: з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар
Часта на перакрыжаваннях дарог каля беларускіх вёсак можна ўбачыць крыжы, упрыгожаныя вышыванымі ручнікамі. Дзеля чаго іх устанавілі, хто? Такія пытанні задала мне дапытлівая ўнучка.
А я неяк і не паглыблялася ў гэтую тэму. І таму вырашыла знайсці адказы ў літаратуры, папытаць у людзей, каб быць дасведчанай і падзяліцца сваімі ведамі. Тым больш каля пасёлка Прыгарадны на скрыжаванні вуліц Усходняй і Рэчыцкай стаіць драўляны крыж. Вяскоўцы расказваюць, што раней існавала «брацтва» веруючых мужчын і святароў у нашай мясцовасці, якое звярнулася з просьбай да благачыннага айца Пятра (ныне пачыўшага) з ініцыятывай устанавіць крыж-абярэг каля п. Прыгарадны, каб ахоўваў жыхароў. Быў Хрэсны ход каля пяці гадоў таму. Мужчыны неслі гэты асвечаны крыж і ўстанавілі ў азначаным месцы. За ім даглядае мясцовая жыхарка Марыя Якаўлеўна Садавая. Садзіць кветкі, абнаўляе ручнік, захоўвае парадак. І кожны чалавек можа падысці да гэтага святога месца і ачысціць сябе ад негатыву малітвай.
Мой інтарэс узмацніўся. І вось што я знайшла яшчэ. Ёсць крыж-аброк, які вартуе вёску ад ворагаў, не распускае па свеце людзей, а са свету вяртае. Гэта сімвал надзеі на продкаў.
Старыя крыжы-абярэгі захоўваюць глыбокія тайны нашых вёсак. Вера ў продкаў праяўлялася ва ўсім: у рамястве, народнай песеннай творчасці, арнаменце адзення. З даўніх часоў ставяць паклонныя крыжы з дрэва нават у самай маленькай вёсцы. Сёння крыж – месца малітвы і памяці.
Адзін раз у год, перад Вялікаднём, крыж прынята абнаўляць. Надзяваць, як кажуць вяскоўцы.
Зарокавыя ці ўдзячныя крыжы ставяцца ў падзяку пра якую-небудзь памятную падзею, выратаванне ад ворагаў, а таксама ў падзяку за вылечнасць ад хваробы. А прыдарожныя крыжы ўстанаўліваюцца ля дарог, каб падарожнікі маглі памаліцца і папытаць блаславення ў дарозе.
У хрысціянстве дарослыя і дзеці носяць крыжык для асабістай абароны ад прыродных з'яў, зла, псуты, сурокаў і абавязкова асвечаны ў царкве.
І яшчэ самым моцным абярэгам заўсёды лічылася слова. Калі чалавек выкарыстоўвае грубыя словы, то адкрывае сябе для злых сіл.
Многія людзі дзеля падмацавання сваёй веры на руцэ завязваюць чырвоную тасёмку і носяць яе пастаянна. З даўніх часоў адным з абярэгаў людзям служыла хустка. Яе можна завязаць вузлом на шыі, на руцэ, на сумцы. Галоўнае – вузел, бо ён служыць абарончай сцяной і захоўвае вакол сябе ўсю станоўчую энергію.
Абярэгі з'яўляюцца часткай культурнай спадчыны нашых продкаў. А для сябе я адзначыла: трэба верыць у тое, што будзе, і мець тую падтрымку, што праганяе з жыццёвага шляху негатыў, дае надзею на шчасце, веру ісці наперад. Як сказала паэтка Э. Соліс, «и Веры тёплые теченья спасают Сердце от черты».