Общество > Нам пишут

3139

Пішуць рэчычане. Жыццё як яно ёсць. Смаката

 +

У кожнага з нас ёсць свае любімыя стравы. Хтосьці аддае перавагу бульбяным стравам, хтосьці – рыбным, а ад мясных далікатэсаў адмовіцца можа хіба толькі вегетарыянец. Пераканана, што салодкія прысмакі ўсім да спадобы. Здаецца, на іх нельга не спакусіцца.

Напрыклад, за сямейным сталом гаспадыня дасканала ведае густ кожнага члена сям’і. Зыходзячы з таго і гатуе ежу. Але надараецца і такое, што малодшы сынок заўпарціцца есці манную кашу, то дачушка корпае відэльцам і выцягвае з талеркі смажаную цыбулю ці выказвае, якая непрыемная на смак марская капуста… Матуля тлумачыць, што кожны прадукт карысны для чалавека, але «вялікая нехачуха» настойвае на сваім: «Не хачу!» – і адсоўвае талерку. Але так бывае толькі ў шчаслівым дзяцінстве… Таму што за школьнымі гадамі ідуць студэнцкія.

 Праўда, гаворка пойдзе аб іншагародніх студэнтах, якія звычайна жывуць у студэнцкіх гарадках і інтэрнатах. Там ужо няма маці, якая паклапоціцца і не толькі прыгатуе, але і падасць ежу, а потым і посуд прыбярэ. Адпраўляючы свайго студэнта, бацькі кладуць у сумку прыгатаваныя стравы, замарожаныя паўфабрыкаты, крупы, макароны.

Але паралельна з вучобай у навучальнай установе на студэнцкай кухні пачынаецца вучоба-практыкум па асваенню поварскіх здольнасцей учарашнімі школьнікамі. Узгадваю, як аднакурснікі, каб пажартаваць, тройчы пасалілі бульбу, якую варыў іх сябар, а ў чайнік дабавілі прыгаршчу соды. У выніку той выхадкі, а ўсе хлопцы былі з аднаго пакоя, засталіся без вячэры. А калі студэнты-вьетнамцы смажылі салёную сялёдку, то зачыненыя на кухню дзверы і расчыненыя там насцеж вокны не дапамагалі: спецыфічны пах, ад якога хацелася хутчэй пазбавіцца, запаланіў не адзін паверх.

А вось яшчэ адна гісторыя.

– Усе прыпасы, што давалі бацькі, скончыліся, – абвясціла Алінка. – Што будзем есці?

Яна выразна паглядзела на сваіх сябровак па пакою ў інтэрнаце Таццяну, Ніну і Антаніну. Пасля другой змены (так вяліся заняткі ў вузе) у зімнюю сцюжу ніхто не жадаў адпраўляцца ў краму. Апошняя, Тонька, была з Расіі і ездзіла дадому не так часта з-за ладнай адлегласці. Менавіта яна адчыніла шафу, дзе звычайна стаялі прадукты, і ўзрадавалася: «Дзяўчаты, у нас жа ёсць манка! А я малачка купіла бутэльку. Зараз наядзімся: зварым манку! Хто ўмее гатаваць?»

Здаецца, твары ўсіх пасвятлелі з-за вынаходлівасці Тонькі. Хтосьці ўзяў каструлю, хтосьці – мяшочак з манкай, хтосьці – лыжку, каб мяшаць кашу. І адправіліся на кухню. Кожная стала ўзгадваць-прыпамінаць, як яе маці гатавала. Вылілі малако ў каструлю і, пакуль яно закіпала, сталі разважаць-спрачацца, колькі ж сыпаць крупы. Вось дык задача!

– А колькі з’есць кожная з нас?

– Ну, напэўна, кружачку, – ціхенька прамовіла Таццяна.

З гэтай порцыяй пагадзіліся ўсе чацвёра. Так і адмералі па кружачцы кожнай. Атрымалася ледзьве не ўсё з мяшочка. Высыпалі ў каструлю і сталі памешваць. Але з кожнай хвілінай мяшаць станавілася ўсё цяжэй: дзяўчаты спрабавалі па чарзе, але па дну каструлі лыжка ішла вельмі цяжка.

А праз хвіліну пачалося самае непрадказальнае: кашы было мала месца ў каструлі, і яна пачала вылазіць цераз яе край. Дзяўчаты сталі збіраць яе лыжкай, але новая порцыя зноў лезла і лезла з-пад крышкі, падала на паверхню пліты.

 Тонька распарадзілася, каб хуценька прынеслі талерку і збіралі кашу ў яе. Потым – у другую… А каша, як жывая, усё лезла і лезла. Агонь паменшалі, а кашу не ўтаймаваць!

Тым часам прыгарэлым запахла. Выключылі пліту, а кашу не спыніць: быццам хтосьці яе адтуль выштурхвае! Вось дык дзіва!

Паставілі каструлю на стол – і там яна свавольнічае! І толькі праз некалькі хвілін яна ўтаймавалася, сціхла. І лыжка стаіць у кашы, нават, не валіцца!

– Кажуць, першы блін камяком, а першая каша – каменем, – паспрабавала разрадзіць напружаную цішыню малодшая з іх Ніна.

Дзяўчаты ўсміхаліся, паціскаючы плячыма, маўляў, як такое можа быць. А потым пачалі дружна есці выратаваную кашу (на талерках).

– Смаката! – жартавалі галодныя сяброўкі. І казку хтосьці ўзгадаў, маўляў: гаршчочак, вары!

Але Ніна схамянулася: раптам хто прыйдзе і ўбачыць, якія мы гаспадыні!

– І праўда, – замітусіліся дзяўчаты і гэтак жа дружна пачалі мыць пліту і стол, дзе пакінула сляды чароўная каструлька. Насамрэч, яе давялося мыць і скрэбці не адну гадзіну.

Колькі гадоў прайшло з таго часу, а свой першы вопыт кашавара кожная з узгаданых вышэй студэнтак (у ліку якіх і мая сястра) без усмешкі не ўспамінае.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети