18/04/2019

Маё пчалярства – сямейнае

…Згадваючы свайго бацьку, Міхаіла Пятровіча Батуру, бачу яго заўзятым пчаляром: мог доўгі час назіраць за пчоламі, даглядаць іх. Ведаў, з якіх кветак пчолы нясуць пылок (дастаткова было яму зірнуць на колер ўзятку).

…Згадваючы свайго бацьку, Міхаіла Пятровіча Батуру, бачу яго заўзятым пчаляром: мог доўгі час назіраць за пчоламі, даглядаць іх. Ведаў, з якіх кветак пчолы нясуць пылок (дастаткова было яму зірнуць на колер ўзятку).

Займацца пчалярствам бацька пачаў яшчэ ў 1950-я з «сляпых» вулляў-калодак (адну з іх захоўваю і цяпер). Пазней перайшоў і на вуллі, каб мелася магчымасць бачыць, што робіцца ў гняздзе.

У лепшыя часы наша сямейная пасека дасягала 25 вулляў. Бацька радаваўся, калі пчолы вясною браліся «бяліць» соты. Інакш кажучы, адбудоўваць іх новым белым воскам. То з’яўлялася надзея на добры медазбор.

Любіў бацька «распаханыя» (разбудаваныя) рамкі, дзе толькі ў адной «цагліне» змяшчалася каля 4 кілаграмаў мёду. Яго радавала, як напрыканцы лета пчолы гуртам выганяюць з вулляў абжор-ляніўцаў трутняў. Мне ж іх, трутняў, было крыху шкада па прычыне галоднай і халоднай начной канчыны.

Здымаць і садзіць раі дапамагала бацьку і мая маці, Вольга Астапаўна (пчол не баялася). Яе бацька, а гэта мой дзед, таксама займаўся пчалярствам, у тым ліку і бортніцкім. Колькасць калод і борцяў у старога даходзіла да 50.

Варта патлумачыць: борці – гэта пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў. Яны меціліся спецыяльным кляймом на дрэве, і чужыя пчаляры такіх пчол не чапалі, бо ведалі гаспадара.

Мне ж памочнікамі ў пчалярстве сталі сыны Сяргей і Яраслаў. Калі Сяргей добра падрос, было, што мы збіралі нават пчаліны яд. Гэта жудасны, смяротна небяспечны занятак, бо пчолы ўсіх вулляў станавіліся страшэнна злымі і маглі закусаць да смерці.

Над пчальнікам стаяў моцны гул дзясяткаў тысяч раз’юшаных пчол. А паміж вуллямі трэба было час ад часу праходзіць і назіраць, як працуе абсталяванне і як ідзе адборка яду на спецыяльных рамках. Памылка магла каштаваць і жыцця.

Вадкія кропелькі яду хутка крышталізаваліся на шкле рамак.

Бацька мой баяўся, што пасека загіне, але гэты працэс для пчол быў не смяротны, бо джала ў шкло не ўтыркаецца.

Вельмі сцеражыліся мы, каб у ранні час адбору яда на вуліцы не з’явіўся чалавек ці жывёліна. Бацька спецыяльна сачыў за тым з акна хаты.

Было, што на нашым двары маладога пеўня, які бегаў бы звар’яцелы, пчолы проста заелі. Певень старэйшы схаваўся ў цёмным кутку хлява і тым самым збярогся. Ледзь паспелі адчапіць сабаку. Шчанюк, каб абцерціся ад пчол, так кінуўся паміж маіх ног, што амаль не збіў з ног. Потым літаральна паляцеў у канаву да вады. Адкуль ведаў, што ў вадзе і ў мокрай шэрсці пчолы паміраюць без паветра? Вось і скажы, што жывёлы не маюць розуму.

Жылі ў мяне пчолы і ў Гомелі (балкон шостага этажу). Вечарам я любіў іх лашчыць голаю рукою на прылётнай дошцы. Не кусаліся.

Праз дарогу пачыналася тэрыторыя былой вайсковай часці, на якой расло шмат меданосных кветак. Ды і ліпы, клёны, акацыі, каштаны давалі няктар.

Іду, было, на працу і бачу пчолак на кветніках. Ведаю: гэта мае, таму што ў радыусе 15 кіламетраў пчол няма ні ў каго. І прыляцяць яны, руплівіцы, да мяне на балкон (у сваю хатку).

Пакуль я працаваў, маці любіла з дзвярэй балкону назіраць за лётам пчол. Што і казаць: былі добрыя ўзяткі ад гарадской пчалы.

Апошнім часам добрым памочнікам мне стаў малады сусед Віталя Валер’евіч Чарнейка, якога я падвучыў пчалярству.

Назіранні цікаўных людзей на працягу стагоддзяў аб дзівосным жыцці пчол падштурхнулі мяне ўзяцца за пяро, каб расказаць аб гэтым іншым.

ДЗІВОСНАЕ ЖЫЦЦЁ ПЧОЛ
як прыклад… для людзей
Светлай памяці бацькі прысвячаецца

…Са старажытных часоў людзей хвалявалі праблемы ідэальнага грамадскага ладу. Фактычна ўсе гістарычныя эпохі прапанавалі канцэпцыі справядлівага ўладкавання грамадства. З улікам назірання за жывёламі, птушкамі і насякомымі, у якіх, па сутнасці, калектыўны лад жыцця.

Своеасаблівае месца ў згаданых адносінах займаюць пчолы. Многіх, хто знаёмы з пчалярствам, здзіўляла дасканаласць жыцця пчалінай сям’і з сапраўднай працавітасцю, гармоніяй і парадкам. Гэткае ж здзіўленне і ў мяне, які захапляецца пчалярствам больш як 40 гадоў.

Вядома: асноўны інстынкт любой жывой істоты – пракарміцца, не стаць здабычаю для іншых, працягнуць род. На згаданы інстынкт «нанізваюцца» усе астатнія … .

Цяжка сказаць, якія думкі, апроч харчавання, выклікала ў калектыўна-першабытнага чалавека відовішча матэрыяльна забяспечанага пчалінага кубла. Ці не згадваўся яму ўласны род, дзе таксама існавалі праблемы выжывання і ўлады?

Што чалавек здаўна паляваў на пчол, вядома з дакументальных крыніц. Аб здабыванні дзікага горнага мёду сведчыць наскальны малюнак у пячоры Павука ў Іспаніі, узрост якога амаль 10 тысяч гадоў. Там відаць, як чалавек, узняўшыся па вяроўцы на стромую гару, адбірае мёд у гаршчок.

Аналагічныя малюнкі знойдзены ў пячорах Паўднёвай Афрыкі і Нагорнага Карабаху (чалавек трымае ў руцэ факел з агнём і дымам).

У лясных мясцінах мёд здабываўся з дуплаў дрэў. Пры наўмысным разбурэнні пчалінай сям’і. Пераход жа да аселага вобразу жыцця вымушаў чалавека больш ашчадна ставіцца да пчалы: не забіраць увесь мёд (трэба ж і пчале), закрываць шчыліны, бараніць ад мядзведзяў, птушак і куніц.

Кожны, хто ўпершыню знаёміцца з пчоламі, трапляе ў дзівосны, цудоўна арганізаваны, просты і ў той жа час бязмежна складаны свет.

Старажытныя егіпцяне «бачылі» у пчаліным гняздзе сваю дзяржаву на чале з пчалой-фараонам. З вышыні воскавога трону валадар назірае, як караваны пчол-рабоў складваюць у ягоныя засекі салодкія дары. Фараон заўсёдна ў атачэнні світы служак, якія абвяваюць яго апахаламі вусікаў.

Егіпецкім фараонам нават прысвойваўся тытул «уладальнік пчол». Выходзіць, егіпцяне былі знаёмы з жыццём і кіраваннем у пчалінай сям’і.

Старажытных грэкаў надта здзіўляла рупнасць пчол на кветках, калі не патрабаваліся наглядчыкі і кантралёры (не ў прыклад рабам).

Што заахвочвае пчол працаваць з найвялікшым натхненнем? «Свядомасць» ці магчымасць пакарання? І чаму ў пчалінай сям’е ніколі не бывае паўстанняў і бунтаў? Адказы на гэтыя пытанні грэкі не знаходзілі.

Цікава, але і на працягу наступных паўтары тысячы гадоў пчаліная сям’я ўсё яшчэ лічылася дзяржавай-манархіяй. Гэтак і ў У. Шэкспіра (твор «Генрых V»).

…Калі ангельскія пісьменнікі XVI стагоддзя малявалі пчаліную сям’ю надта выяўнай на купецкую Англію елізавецкай эпохі, то ў творах французскіх мысліцеляў XVII ст.
яна паказваецца заснаванаю на класічных феадальных адносінах. Так, французскі сацыяліст-утапіст Анры дэ Сен-Сімон (апісваў «дзяржаву пчол») расказвае, як пчолы-вартаўнікі сустракаюць каля ўваходу ў горад-гняздо стомленых спадарожнікаў-вандроўнікаў (здалёк прыбылі з таварамі); як перад раеннем пчаліны кароль сігналам срэбнай трубы апавяшчае аб будучым паходзе.

Ужо ў тыя часы (амаль 200 гадоў таму) пчаляры-даследчыкі заўважылі: з поўнаю «каробкаю» у час інтэнсіўнага медазбору пчаліная сям’я прымае ў свой вулей і чужых пчол (няхай пакінуць прынесены няктар). «Пустых» жа чужых пчол у свой вулей звычайна ніколі не пускаюць. Забіваюць, каб не рабавалі запас. Дарэчы, кожная сям’я мае свой пах, па якому вартаўнікі і распазнаюць «радню».

Пчаляры ведалі: пры нарошчванні запасаў мёду сям’я можа раіцца. Старая матка са «старой гвардыяй» і вялікаю колькасцю пчол рознага ўзросту пакідае вулей маладой матцы, якая вось-вось з’явіцца на свет. Тая ж частка сям’і, якая засталася з маладою маткаю, не мае патрэбы ў жыллі.

Сярод людзей згаданае вышэй сустракаецца надта рэдка. Аднак у адной сям’і, па таму ж Сен-Сімону, могуць жыць і некалькі каралёў, якія адгароджваюць свае вотчыны сотамі-перагародкамі. «Если же один из королей вознамерится добиться суверенного господства во всем улье, тогда вспыхивает ревность между королями и раскол, бунт между подданными».

Адзначым: сярод некаторых парод пчол магчыма такое суіснаванне, як гэта адбывалася і сярод некаторых еўрапейскіх дзяржаў часоў шматуладззя сярэдневяковай эпохі з адпаведнымі бунтамі і паўстаннямі. Дарэчы, расейскі цар Пётр I некаторы час кіраваў дзяржаваю разам з братам (да ўтварэння імперыі), але пытанне аб забойстве і дзеляжы дзяржавы ніколі не ўздымалася.

Значны скачок у вывучэнні біялогіі пчалінай сям’і адбыўся толькі ў канцы XVI стагоддзя. Да ліку найбольш выдатных адкрыццяў пасуюцца доказы, што «царыца» (пчаліная матка) з’яўляецца асобаю ў мэтах узнаўлення сям’і. Крыху пазней было ўстаноўлена: трутні –
сыны-самцы, якія жывуць толькі ў летні час для апладнення маладых матак у паветры (адзін раз за жыццё). Але трутняў павінна быць 5–7. Гэта каб пазбегнуць кровазмяшэння ці спадчынных хвароб. Як жа ўсё-такі разумна ўладкавана матухна-прырода!

Пасля семявывяржэння труцень імгненна памірае. Можа таму, каб не пладзіць больш такіх жа хворых, як сам?

Толькі ў наступным стагоддзі было ўстаноўлена: рабочыя пчолы – асобы жаночага роду, сёстры трутняў. Яны не могуць самастойна размнажацца.

Аднак пчаліная «манархія» яшчэ доўгі час праіснавала ва ўявах людзей як падабенства чалавечай. Шматлікія навукоўцы, пісьменнікі і паэты (К. Ліней, Д. Мендзялееў, І. Тургенеў, Л. Талстой і г. д., якія займаліся і пчалярствам) вучыліся ў пчол дасканаласці арганізацыі грамадства па прыкладу вопыту пчол. Адчувалі: у пчол лепш, чым у людзей. Але ж ведаў не хапала, каб стварыць змястоўную тэорыю. Тым не менш падабенствы накладваліся на чалавечы вопыт дзяржаўнага ўладкавання.

Старэйшы расейскі твор аб пчолах належыць Пятру Рычкову – члену-карэспандэнту Расійскай акадэміі навук, эканамісту, вандроўніку, географу, літаратару. У ягоных творах сям’я пчол паказваецца бы імперыя часоў екацерынінскага «асветніцкага абсалютызму».

А ў канцы XIX стагоддзя адзін з рускіх пчаляроў маляваў падсадку новай маткі ў вулей згодна працэсу каранацыі: «Матка спокойно и с каким-то особым довольством входит, а пчелы, выстроившиеся шпалерами, издают сильный звук, подобный крику «ура», восторженно произносимому царю или царице народом». Хаця гэта ўжо занадта пачуццёвае выказванне.

Разам з тым з канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў уяўленні аб сямейнасці пчалінай сям’і ў дапасаванні жыцця людзей пачалі зведваць некаторыя змены. Як пісаў Л. Бюхнер (твор «Психическая жизнь животных») «царица находится под присмотром и в зависимости от работниц… она не обладает личной неприкосновенностью и престолом и жизнью отвечает за правильное исполнение своих царственных обязанностей».

Тут трэба пасведчыць: пчаліная матка сапраўды залежыць ад абслугоўвання сваёй «світай». Калі прыбытак у вуллі скарачаецца, пчолы-карміліцы менш даюць матцы матачнага малачка, і яна памяншае адкладку яечак.

Пры хваробе, фізічных недахопах і старасці пчолы праводзяць так званую «тихую смену престола». Інакш кажучы, вырошчваюць новую матку. Лёс старой – загінуць ад забойства. Цікава, але ў чалавечай гісторыі падобнае адбывалася, калі ў мэтах захавання ці змены дынастыі выкарыстоўвалася і забойства, і падмена спадчынніка.

Вядомай у заходнім паўшар’і «рутаўская» энцыклапедыя пчалярства мае думку, што ў кожным пчаліным вуллі маецца ледзь не свой «Уолл-стрыт», які камандуе і пчаліным «грамадскім меркаваннем», і пчалінай «унутранай ды знешняй палітыкай». Штосьці накшталт урада пад кіраўніцтвам прэзідэнта ці цара. Невыпадкова аўстрыйскі заолаг Ф. М. Трэгель у кнізе, надрукаванай незадоўга да дарвінаўскага «Паходжання відаў», пісаў: у свеце жывёл здзіўлены назіральнік паўсюды бачыць дакладнае адбіццё ўсяго грамадскага, прамысловага, мастацкага, навуковага і палітычнага жыцця людзей. Аналагічна ў сваіх «Метамарфозах» здзіўляецца і французскі навуковец Жырар: «У нас існуе якаясьці манія забеспячэння жывёл нашымі формамі кіравання».

К. Маркс з нагоды з’яўлення «Паходжання відаў» пісаў, што нават такі строгі навуковец, як Дарвін, бачыць у свеце жывёл і раслін сусвет людзей, дзе і сярод жывёл і раслін зноў спазнае «сваё англійскае грамадства з яго раздзяленнем працы, канкурэнцыяй, адкрыццём новых рынкаў, вынаходніцтвамі і мальтусаўскай «барацьбой за існаванне».

Штосьці падобнае тычылася і клетачнай тэорыі Р. Віхрова, якая склала цэлую эпоху ягонага часу. Згодна гэтай тэорыі, арганізм з’яўляецца «федэрацыяй клетачных дзяржаў».

Амаль стагоддзе даная тэорыя сярэдзіны XIX стагоддзя заставалася актуальнай. Але сёння, калі амаль цалкам раскрыты генетычны код клеткі, калі рэальна магчыма ўзнаўленне арганізму і яго органаў шляхам кланіравання, згаданая тэорыя зноў спрыяе глыбокім роздумам. Пчалу пакуль кланіраваць не спрабавалі, але неабдуманае скрыжаванне афрыканскай і амерыканскай парод пчол дало жудасныя вынікі агрэсіўнасці. Такая «папуляцыя» да смерці можа загрызці ўсё жывое. Нельга схавацца нават у вадзе. «Новыя» пчолы – страшэнная праблема для Амерыкі.

Л. Фіг’е ў кнізе «Жыццё насякомых» заявіў: «По нашему мнению, пчелы составляют настоящую республику, а пчелу-матку несправедливо называют царицей, в сущности, она только президент республики. Вице-президентами могут быть названы свищевые матки, призываемые народным собранием к исполнению обязанностей царицы в случае ее смерти или гибели». Дабавім: «перавыбары» безуладнай маткі праходзяць у рэдкіх выпадках, якія не звязаны з «перавышэннем яе паўнамоцтваў». Так, званыя свішчавыя матачнікі закладваюцца пчоламі ў выпадках прапажы маткі ці рэзкім зніжэнні яе яйканоскасці пры хваробе. Гэта «ціхая» замена маткі.

Першыя «падкопы супраць пчалінай манархіі» і аповеды аб «пчаліным народаўладдзі» былі ўспрыняты некаторымі даследчыкамі і пчалярамі як небяспечная крамола і вольнасць бунтаўшчыкоў. Так, літоўскі памешчык П. Мікялен-Мікалоўскі ў кнізе «Пчала» адкрыта абураўся: «Прежнее знаменитое пчеловождение невозможно стало с тех пор, как у пчел начали открывать конституции, парламенты, своды «законов»… Ведь мы все люди семейные, имеем детей и слуг… Недосмотри, они бог весть чему научатся от этих умниц пчел».

Горка скардзіўся па прычыне таго, што ў жыцці пчол спрабуюць меркаваць «ажыццяўляны грамадскі ідэал калектывізму» вядомы натураліст Гастон Банье, які надрукаваў нават даклад на гэту тэму ў «Міжнародным сацыялагічным аглядальніку».

Трэба адзначыць: ёсць мноства поглядаў, калі пытанне аб удасканаленні капіталістычнага грамадства разглядаецца з пункту гледжання «вопыту пчол». Да прыкладу, у канцы XVIII ст. у Маскве ўбачыла свет перакладзеная з лацінскай мовы кніга Іоанна Локцэнія «Общежитие пчел, с государством гражданским сравненное, или Выведенный из самой натуры пчел подлинный и изрядный образец гражданской жизни». Аўтар з абурэннем гаворыць аб неахайнасці чалавечага жылля, аб брудзе ў гарадах і вёсках, раіць вучыцца парадку ў пчол, дзе заўсёды чысціня, няма нічога лішняга і ўсё на сваіх месцах.

А вось пані Клеманэ Ройе ў канцы XIX ст. у Парыжы надрукавала твор, у якім сцвярджала: усе чалавечыя праблемы адбываюцца па віне… мужчын. Малявала карціну чыста жаночай дзяржавы, пабудаванай па ўзору пчалінага грамадства.

Варта прыпыніцца на бліскучай кнізе бельгійскага пісьменніка Марыса Метэрлінка «Жыццё пчол» (была надрукавана ў пачатку XX ст. і перакладзена на мноства языкоў свету). У ёй размова, як пры назіранні за вуллямі бачны чалавечы свет з пчоламі. Выснова: людзі ў сваім грамадскім развіцці дасягнулі рубяжу, які пчолы даўно прайшлі. Чалавецтва чакае доўгі шлях, каб узняцца па ўладкаванню грамадскага жыцця да ўзроўню пчалы.

Як і некаторыя філосафы, Марыс Метэрдінка імкнуўся даказаць, што прыродныя інстынкты мудрагелісцей розуму і свядомасці. А што, калі інстынкты і ёсць часткі спрасаванага розуму, для якога не патрабуюцца спецыяльныя органы?

Толькі ў другой палове XX ст. было дакладна ўстаноўлена: пчолы ўмеюць «размаўляць» і перадаваць інфармацыю пры дапамозе танцаў. Робяць гэта з дапамогаю сутыкнення вусікамі.

У чым жа дзіўнасць жыцця пчол, калі кіравацца параўнаннямі «сям’я – грамадства»?

У структуры грамадства звычайна вылучаецца палітычная, эканамічная і сацыяльная сферы. Цэнтральная праблема палітычнай сферы – улада. З гэтым феноменам у чалавечым грамадстве звязана мноства праблем.

Пад уладаю звычайна разумеюць здольнасць і магчымасць ажыццяўляць сваю волю ў адносінах да іншых пры дапамозе аўтарытэту, права ці насілля. З яе дапамогаю ажыццяўляецца кіраванне. Але кіраванне ў пчалінай сям’і застаецца загадкаю і да сёння. Даследванні не выяўляюць уладных функцый ні ў маткі, ні ў рабочых пчол, ні ў трутняў. Хаця кіраванне ўсё-такі ёсць…

Бясспрэчным аўтарытэтам у пчалінай сям’і карыстаецца матка. Яе актыўнасць залежыць ад колькасці ў вуллі нектару, памераў «жыллёвай плошчы», запасаў кармоў і пары году. Прыкмет насілля з боку маткі ў адносінах да абслугоўваючай «світы» не выяўляецца, як і да астатніх пчол і трутняў.

Хоць улады ў вуллі і не назіраецца, але ж пэўная «палітыка» вядзецца. Напрыклад, толькі матка вырашае, калі і колькі неаплодненых яечак адкладваць для вырошчвання трутняў. А хто прымае рашэнне аб выгнанні трутняў пры заканчэнні медазбору? І няўжо «калектыўны розум» падахвочвае матку адкладваць яечкі ў матачнікі? Пытанняў шмат, а адказаў пакуль няма.

Давайце пабачым, як эканамічныя пытанні вырашаюцца ў пчол. Тут «эканоміка» вызначае «палітыку». Праблема харчовага забеспячэння вырашае амаль усё. Па-першае, колькасць «насельніцтва» рэгулюецца запасамі харчавання. Дзеля гэтай мэты «колькасць едакоў» летам можа дасягаць 100 000, а для зімоўкі дастаткова і 10–15 тысяч (у мэтах эканоміі харчоў). Па-другое, павелічэнне паступаючых харчоў стымулюе «будаўнічую» дзейнасць па расшырэнню і абнаўленню гнязда. Па-трэцяе, харчовая забяспечанасць дазваляе вырашаць праблему размнажэння для працягу роду. Па-чацвёртае, праблема харчовага забеспячэння і абароны жылля ляжыць у аснове насілля і сярод пчол. Недахоп харчовых запасаў нараджае грабежніцтва і зладзейства больш моцнай сям’і за кошт сям’і слабейшай. Па гэтай жа прычыне трутні выганяюцца з вулля пасля заканчэння медазбору. Насілле ў выглядзе ўкусаў прымяняецца пры ахове гнязда ад звяроў і чалавека, саміх пчол і іх харчовых запасаў цаною самаахвяравання. Прычынаю помсты пчол могуць быць хваробы ці рэзкае скарачэнне выдзялення няктару.

Чаму так несправядліва пабудаваны свет, што хтосьці некага забівае? Прычым, і ў паветры, і ў вадзе, і на зямлі, і пад зямлёю. На жаль, не выключэнне і пчолы.

Харчовая забяспечанасць дапамагае пчолам лягчэй спраўляцца з хваробамі і шкоднікамі. Такім чынам, працавітасць, саборнасць, узаемадапамога, самаахвяраванне здзяйсняюцца ў інтарэсах калектыву.

Сацыяльная сфера чалавечага грамадства звязана з усведамленнем: усё робіцца «у імя чалавека і для дабра чалавека»; эканоміка сама па сабе жорсткая, калі яе не «ачалавечваць». У дзяржаве ж эканоміка ўяўляецца як усеагульнасць працы, волі выбару месца жыхарства і роду заняткаў, даступнасць адукацыі і медыцынскага абслугоўвання, матэрыяльная забяспечанасць пры старасці і страце працаздольнасці, матэрыяльныя дапамогі, свабода веравызнання, слова, сходаў, уласнага жыцця і г. д.

Калі браць пчаліную сям’ю, дык у ёй таксама сацыяльная іерархія.

Асаблівасцю пчол з’яўляецца тое, што яны адразу нараджаюцца дарослымі. «Дзяцінства» праходзіць у закрытай ячэйцы-інкубатары, дзе адпадае неабходнасць выхавання і адукацыі. Ад нараджэння пчолы адразу пачынаюць выконваць важныя сацыяльныя функцыі. Маладыя ўдзельнічаюць у выпрацоўцы і кармленні матачным малачком маткі, даглядаюць яе, падтрымліваюць аднолькавую тэмпературу (34 градусы), займаюцца будаўніцтвам сотаў і падрыхтоўкай іх для адкладкі яечак маткаю. Толькі маладыя пчолы вырабляюць воск з свайго цела. Другая частка пчол займаецца прыбіраннем «памяшканняў», дзе, дарэчы, падтрымліваецца ідэальная чысціня з знішчэннем шкодных мікробаў. Задача трэцяй часткі сям’і – ахова жылля, распазнаннем «сваіх», самаахвяраваннем пры неабходнасці абароны. Асобныя групы пчол прызначаны: для прыёмкі і складзівавання ў патрэбных месцах і належнай колькасці прыносімага нектару; у перапрацоўцы нектару ў мёд; уцяпленнем, дэзынфекцыяй (прапалісаваннем) і ўмацаваннем гнязда; вентыляцыяй і г. д.

Нейкім цудоўным чуццём у патрэбным месцы і ў патрэбны час ажыццяўляецца ўзаемадапамога. І толькі ў апошнія 10 дзён свайго летняга жыцця пчолы вылятаюць за пошукам нектару. Калі ўзятак багаты, на збор адпраўляюцца і больш маладыя пчолы. Дарэчы, у летне-восеньскі час пчолы нярэдка паміраюць прама ў полі (каб не абцяжарваць сваякоў «пахавальнымі абрадамі»).

Пазбаўлена пчала і мноства чалавечых заган: зайздрасці, ганарлівасці ў выглядзе нахабства і нягодніцтва, ненаеднасці да абагачэння і задавальнення (у пчол няма выхадных дзён і забаў), праблем інтымных адносінаў і г. д.

Пчолы, як і людзі, безабаронныя перад шэрагам хвароб, хоць з многімі пакуль спраўляюцца…

Падсумуем сказанае вышэй.

На працягу шматлікіх стагоддзяў чалавек шукаў пабудову ідэальнага грамадства. У тым ліку і на прыкладзе жыцця пчаліных сямей. Па-рознаму ён, чалавек, тлумачыў «дзяржаву пчол», у якой бачыў неад’емныя атрыбуты: тэрыторыю, насельніцтва, публічную ўладу.

Чалавек назіраў за пчоламі, а бачыў сябе. Але поўная разгадка таго, як яно ў пчол, пакуль застаецца.



--- взято с сайта dneprovec.by ---