Общество > Нам пишут

3371

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Вясна прыйшла!

 +

Пацяплела на двары. На вуліцы збіраецца дзятва, а старыя сядзяць на лавачцы і назіраюць за імі, вядуць размовы пра свае справы. А ў небе над вёскай лётаюць буслы – ахоўнікі нашага мірнага жыцця.

Гэтыя птушкі – сімвал роднай краіны, сімвал ачышчэння зямлі ад усякай нечысці, бо нездарма бусел знішчае змей, якіх у народзе звычайна звязваюць з д'яблам. Лічыцца, што бусел абараняе хату ад дурнога вока і злых духаў. У хаце, побач з якой пасяліліся гэтыя птушкі, заўсёды будзе шчасце і дабрабыт. Для беларусаў гэта святыя недатыкальныя птушкі. Нельга ні пры якіх умовах шкодзіць ім. Іх забойства вядзе да бяды.

Да старога дзеда падбегла ўнучка з пытаннем:

– Дзядуля,чаму бусел адзін лятае?

– Няма ў яго пары. Відаць, яго сяброўка прапала. Вось і лётае то на луг, то сядзе на комін хаты. Прыглядваецца, дзе б гэта гняздо збудаваць. Трэба ж сям'ю заводзіць.

Пачуўшы гаворку пра буслоў, падышлі другія дзеці і пачалі прасіць расказаць што­небудзь цікавае яшчэ пра гэтых птушак.

– Ну, дык слухайце. Ёсць такая легенда. Некалі буслы нават дапамагалі сялянам глядзець малых дзяцей, пакуль бацькі працавалі ў полі. Аднойчы ў засуху пачаўся пажар. Смелыя птушкі заўважылі гэта і сталі выносіць з хат дзяцей, прыкрываючы іх сваімі крыламі ад спёкі і полымя. У той дзень у буслоў абпаліліся дзюба і ногі, а абпаленыя крылы пачарнелі па краях. З таго часу знешні выгляд птушак застаўся такім.

Уступае ў гутарку хлопчык Арцём, які ходзіць у школу:

– А я чуў, што, калі знойдзеш бусліную пёрку, абавязкова трэба прынесці ў хату і захоўваць яе. Гэта прыносіць удачу. Жывуць буслы каля 20 гадоў, а яшчэ яны любяць адпачываць, стоячы на адной назе.

Прайшоў дзень, другі. Унучка прыбегла да дзядулі з навіной: «Бусел знайшоў сабе сяброўку і будуюць буслянку на слупе каля гары». Дзеці радаваліся, што ў іх наваколлі пасяліліся цудоўныя птушкі. Вялі свае назіранні за імі. Праз колькі часу з'явіліся птушаняты. Шчырыя бацькі кармілі сваіх дзетак амаль два месяцы. Пасля вылету з гнязда клапатлівыя буслы кармілі іх яшчэ 2–3 тыдні. А ва ўзросце 70 дзён бусляняты канчаткова выраслі і пачалі лятаць. Палятаюць, сядуць на адну хату, затым пасядзяць на другой. Цікаўная ўнучка гэта заўважыла і да дзеда зноў бяжыць:

– Дзеда, буслікі прынеслі нашым суседзям маленькую дзяўчынку. Яны ж на коміне сядзелі.

Стары рассмяяўся і адказаў малой: «Гэта яны прадказвалі нараджэнне дзіцяці ў гэтай сям'і».

Узбуджанае клекатанне даўганогіх белакрылых птахаў разносіцца па наваколлі, несучы радасныя мелодыі новага жыцця. Вясна прыйшла!

Ніна ТРОШКА, в. Жмураўка

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети