Общество > Нам пишут

2765

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Прыемна ўспомніць Вясну ў спякотныя дні

 +

Лета ў разгары. Спякота навявае думкі аб прахалодзе, і так прыемна ўспомніць вясну. Раблю экскурс у памяці па ёй, бо вясна прынесла мне, людзям новыя падзеі, змены, пачуцці.

Пасля зімы асабліва востра адчуваецца подых новага. Сонечнае цяпло пранізвае зямлю. Усё наваколле ажывае пасля доўгага зімовага сну. Днепр вызваліўся з-пад ледзянога панцыра. Вакол цудоўная карціна веснавога разліву. Прыемна слухаць бадзёры ажыўлены голас чаек, краканне качак на балотцы ў лузе. Нарэшце мы прычакалі вясну. Гучыць яна птушыным хорам. Штодзень слухаем гімн ёй і сонцу.

Першы вясновы месяц – сакавік. Гэта напамін пра бярозавы сок. Людзі празвалі гэты месяц агароднікам, бо гаспадыні замачваюць насенне, пачынаюць працу ў агародзе. Расчыняюць вокны, каб вясновы вецер прагуляўся па пакоях. Вясна яшчэ маладзенькая. Яе душа ходзіць асцярожна па ледзяной лужыцы. Пад яе чароўнай сілай ледзяная корка крышыцца і хрупасціць пад нагамі. Цягнецца яна да зямлі, каб ажывіць яе.

Максім Горкі сказаў: «Вясною, калі зямля адтае, людзі таксама быццам становяцца мяккімі». І я згодна з яго выказваннем. Выйшла на вуліцу, Вясна ўсміхнулася мне, дакранулася пяшчотна сонечным промнем – і душа паляцела ўвысь, пакідаючы ўсе праблемы на зямлі.

У канцы сакавіка прыляцелі буслы. Шчаслівыя, лёталі над вуліцай. Давольныя, клекаталі, што вярнуліся ў родныя мясціны. Далікатная зялёная лістота з'явілася на дрэвах. Мне пашчасціла ўбачыць 24 сакавіка ў Мінску вясёлку. Вакол сонца выразна паказаўся яркі зіхатлівы круг. Цудоўнае відовішча! Было рознае надвор'е ў сакавіку: то са страхі капае, то мароз за нос царапае. А ў паветры весела спяваюць шпакі, чырыкаюць вераб'і.

У красавіку надвор'е было няўстойлівае. То цёпла, то холадна. Аднойчы слупок тэрмометра паказаў нуль градусаў. Але сонца і вецер рабілі сваю справу. Цюльпаны і прымулы расквітнелі. Абрыкосы затым вішні ўбраліся ў белую квецень. Наваколле закрасавала. Назва месяца паходзіць з лацінскай мовы: «апрыліс» – «квітнець». Пачаліся палявыя работы, сяўба. Пра гэты месяц кажуць: «Вялікі дзень год корміць».

У канцы месяца ўсе вернікі адзначылі Вялікдзень. Усе радаваліся святу. Сонейка адарыла сваім цяплом, блакіт нябёсаў сляпіў вочы.

А мае аднавяскоўцы Юрый і Уладзімір Чарнашэй праявілі сябе як лепшыя бегуны ў легкаатлетычных стартах «Брагінская дзясятка», «Экалагічны марафон». У Юрыя срэбраная медаль. Ганаруся імі!

Пачаўся месяц май, ці інакш «травень» – запазычаны з лацінскай мовы. Вясна набрала моц. Цвіце бэз, язмін. Іх водар кружыць галаву. А ландышы на клумбе свецяцца белымі гарлачыкамі. З кожнага з іх льецца тонкі духмяны водар вясны. Пасля адцвітання на месцы кветачак з'явіліся чырвоныя ягадкі. Маленькая дзяўчынка ўбачыла іх і хацела нарваць, але маці забараніла, прамовіўшы: «Гэта кветкі развітваюцца з вясной».

Горад прыбраўся ў каштанавую квецень. На дрэвах гараць белыя, ружовыя свечкі. Над імі кружаць пчолы, чмялі. Прыгажосць вакол. Каля фантанаў збіраецца моладзь, дзеці. Усе адпачываюць. Дзень пабольшаў. Спякотна стала ў канцы месяца. Гэта лета на ўцярпела свайго часу і прыйшло ў госці. Ды так і засталося, каб кожны дзень радаваць наваколле сваёй прысутнасцю.

А людзі працуюць. Так, у жмураўскай бібліятэцы бібліятэкар Таццяна Гапоненка праводзіць мерапрыемствы з рабятамі: пазнавальную гадзіну «Птушкі вакол нас», літаратурную гульню «Вясёлы заапарк». Выходзіць на пляцоўку з дзецьмі і на свежым паветры праводзяць розныя конкурсы.

У Дзень Перамогі каля брацкай магілы у цэнтры вёскі быў праведзены мітынг пад назвай «Минуты, воскресившие года». З святочным канцэртам выступілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці жмураўскага СДК, вучні Бронненскай СШ. Вялікі ім дзякуй!

Наш вясковы фельчар Тамара Праташус робіць агляд дзетак-немаўлят на даму, дае слушныя парады маладым маці, хворым бабулькам, каб захаваць здароўе, лечыць іх. Дбайныя гаспадыні шчыруюць на сваіх агародах.

Жыццё не стаіць на месцы. І гэтаму ўсяму мы абавязаны табе, Вясна! Ты прынесла нам новыя памкненні, поспехі і абнаўленне душы. Ветрык прагнаў апошнія дні, і май перадаў эстафету Лету.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети