Общество > Нам пишут

2581

Пішуць жыхары Рэчыцкага района. Вайна не павінна паўтарыцца!

 +

Восень на двары. Звечарэла, а сына яшчэ не было. Дзе ён? Што з ім? Неспакойныя думкі круціліся ў галаве маці. Яна чакала яго. Святло ў хаце не запальвала. Барані Божа, немцы адразу звернуць увагу. Жанчына ўспамінала: «Васіль быў дапытлівым хлопчыкам. Усё яго цікавіла. Быў першым памочнікам, нікому не адмовіць у дапамозе. Моладзь заўсёды вакол яго. Сам гаспадар і два старэйшыя сыны былі на фронце, а Васіля камісавалі з-за хваробы. Ён вельмі перажываў. Але сказаў, што не будзе сядзець склаўшы рукі. Змагацца з ворагам можна і ў акупацыі. Трэба толькі знайсці аднадумцаў».

Раптам нехта пастукаў у вакно. Яна хуценька падхапілася і адсунула занавеску. Убачыла жаночую постаць.

– Хто гэта мог быць? – мільганула думка ў жанчыны. Пад вакном стаяла Любка, прыбіральшчыца ў нямецкай камендатуры. – Цётачка, не чакайце свайго Васіля. Яго немцы схапілі! – з хваляваннем прамовіла яна.

– Божа мілы! – маці ў роспачы ўзняла рукі. – А як жа цяпер быць, што з ім? Але чаго мы тут стаім. Хадзем у хату, – запрасіла яна.

Любка ўвайшла першая, за ёй гаспадыня. Шэптам стала пераказваць тое, што бачыла на свае вочы. Хлопца ўвялі ў камендатуру двое паліцэйскіх. За ім ужо некалькі дзён вялося пільнаванне. Нарэшце схапілі. Юнак якраз вяртаўся з лесу: быў на сувязі з партызанамі.

– Гер афіцэр, спаймалі партызанскага сувязнога, – далажыў нямецкі прыхвасцень.

Немец пачаў весці допыт, але Васіль нічога не гаварыў. Раззлаваны афіцэр пачаў збіваць хлопца. Па разбітым твары цякла кроў, але ён зацята маўчаў, думаў: «Добра, што сястра Шурка не пайшла са мной». Ад нянавісці да ворага ў яго трымцелі рукі. На нейкі момант ён адчуў прыліў адчайнай рашучасці, схапіў табурэтку і кінуў у свайго мучыцеля. Паліцэйскі адцягнуў Васіля да парога. – Эршысэн! – заверашчаў немец. Яго павялі ў калгасны сад і прымусілі капаць сабе магілу. Затым паставілі на край ямы. Хлопец не прасіў літасці. Смела глядзеў у твар сваіх душагубаў і думаў пра маці. Прагучаў стрэл, затым другі. Птушкі з адчайным крыкам узняліся ў паветра. З яблыні, маўклівай сведкі, пасыпалася лісце. Так закацілася жыццё маладога вясковага хлопца, які смела прыняў смерць, але не выдаў сваіх.

Бедная маці горка заплакала. Першую страту ў яе сям'ю прынесла праклятая вайна. Але трэба трымацца, меншых дзяцей трэба глядзець.

Пайшоў час. Прыйшло вызваленне ў іх вёску. Аднавяскоўцы часта бачылі старую жанчыну, якая з кветкамі ішла да магілы свайго сына ў калгасны сад, каб расказаць навіны сям'і, вёскі. Чырвоны абеліск з зорачкай уверсе – напамін усім: вайна не павінна паўтарыцца!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети